У нашым раёне стала добрай традыцыяй ушаноўваць перадавікоў вытворчасці па выніках работы за мінулы год. Сёлета такая падзея зноў адбылася ў суботу, 19 лютага.
[caption id="attachment_7282" align="aligncenter" width="580" caption="Лепшыя па прафесіі за 2010 год."]
[/caption]
Зранку музыка і невялікі кірмаш, арганізаваны прадпрыемствамі райспажыўтаварыства, прыдавалі ўрачыстасць і ўздымалі настрой, нягледзячы на марознае надвор’е. Пры ўваходзе ў фае раённага Цэнтра культуры ўсім запрошаным на мерапрыемства ўручалі падарункі, тут жа былі арганізаваны выставы сельгаспрадукцыі, вырабаў кааппрама і масласырзавода, творчых работ раённага Цэнтра традыцыйнай культуры і Цэнтра дзіцячай творчасці.
Пасля ўрачыстых пазыўных на сцэну выходзяць вядучыя Святлана Коўш і Дзяніс Ляшчэвіч і звяртаюцца да прысутных: “Сёння ў гэтай зале сабраліся лепшыя з лепшых. Усе разам, кожны паасобку заслугоўваюць самых цёплых слоў удзячнасці за вашы паўсядзённыя працоўныя будні”.
[caption id="attachment_7221" align="aligncenter" width="443" caption="І. М. Кісляк, А. І. Жданеня ўручаюць прэмію Аляксандру Александровічу."]
[/caption]
Радасць працоўных перамог прыехалі раздзяліць з капылянамі ганаровыя госці: начальнік землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама Генадзь Пліскоўскі, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Бода, дэлегацыя Цэнтральнага раёна г. Мінска на чале з кіраўніком адміністрацыі Уладзімірам Кухаравым, начальнік упраўлення КДБ Віктар Кулік, намеснік дырэктара ТАА “Сармат” Віктар Барысаў, дэлегацыі Нясвіжскага, Клецкага, Старадарожскага раёнаў, старшыня дабрачыннага фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” Марыя Элізабет Схраверус.
Пасля харэаграфічнай кампазіцыі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах са святочным караваем на сцэне сустракаюць старшыню райвыканкама Анатоля Жданеню, які ў сваім выступленні коратка расказаў пра зробленае ў 2010 годзе і падзяліўся планамі на будучае.
Высокую адзнаку кадрам раёна паставіў Генадзь Пліскоўскі, які адзначыў, што капыляне ў 2010 годзе ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Міншчыны. За дасягнутыя поспехі ў працы, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё раёна начальнік землеўпарадкавальнай службы ўручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама дырэктару ААТ “Піянер-Агра” Аляксандру Макарчуку і механізатару ААТ “Ціміразеўскі” Віктару Лагуну.
[caption id="attachment_7222" align="aligncenter" width="443" caption="У глядзельнай зале РЦК - лепшыя па прафесіі."]
[/caption]
Міхаіл Бода адзначыў, што станоўчыя тэндэнцыі, якія былі дасягнуты ў раёне, не проста захаваны, але і памнажаюцца. За шматгадовую працу, актыўную работу па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў, інтарэсаў, асабісты ўклад ва ўмацаванне прафсаюзнага руху старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў уручыў Падзякі старшыні РК прафсаюза работнікаў АПК і аховы здароўя, адпаведна, Аляксандру Татарыцкаму і Людміле Лагун, старшыням прафсаюзных арганізацый СШ №2 г. Капыля і ААТ “Прагрэс-2010” Наталлі Германовіч і Але Тароцька. Падзяка аб’яўлена і дырэктару ААТ “Капыльскае” Анатолю Кіулу.
Пасля пачынаецца ўзнагароджванне калектываў і працаўнікоў, згодна з рашэннямі райвыканкама (яны былі апублікаваны ў спецыяльным выпуску “СП” №13 ад 19 лютага 2011 г.). Разам з кіраўніком раёна Анатолем Жданенем Ганаровыя граматы райвыканкама, прэміі ўручалі (кожны па сваёй сферы дзейнасці) старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд, намеснікі старшыні Ірына Кісляк, Ала Раманоўская і Ала Раеўская.
[caption id="attachment_7223" align="aligncenter" width="443" caption="На выставе Капыльскага МСЗ"]
[/caption]
Падзякамі старшыні райвыканкама адзначаны таксама старшыня РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі (капыльская структура заняла першае месца ў абласным спаборніцтве за 2010 г.), Ігар і Яна Калыханы (першае месца ў рэспубліканскім сямейным праекце “Уладар вёскі”). Старшыня Сл.-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева атрымала каштоўны падарунак ад старшыні РА РГА “Белая Русь” Марыі Сандрозд за ўдзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства і добраўпарадкаванне тэрыторый”, у якім дадзены сельсавет выйшаў пераможцам.
Уладзімір Кухараў павіншаваў капылян з вялікім святам працы і выказаў упэўненасць, што супрацоўніцтва з Капыльскім раёнам будзе яшчэ больш плённым на карысць агульнай справы. За добрасумленную працу ў сістэме АПК і значны ўклад ва ўмацаванне шэфскіх сувязей кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска ўручыў Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі першаму намесніку начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталю Ракевічу, дырэктару ААТ “Малінава” Вячаславу Русаку, галоўнаму аграному ААТ “Семежава” Юрыю Зяньковічу, галоўнаму інжынеру ААТ “Піянер-Агра” Сяргею Кандраценю, асемянатару ААТ “П-з “Дусаеўшчына” Уладзіміру Касінскаму, аператару машыннага даення СХФ “Руднае” Але Насевіч, вадзіцелю ААТ “Капыльскае” Аляксандру Гірко, дырэктару ЗАТ “Жыліхава” Аляксандру Кукрашу.
Шмат цёплых слоў гучала і ад дэлегацый суседніх раёнаў, якія ўручылі таксама свае падарункі.
Штогод ТАА “Сармат” узнагароджвае перадавікоў вытворчасці раёна. І на гэты раз не абышлося без падарункаў. Намеснік дырэктара таварыства Віктар Барысаў уручыў бытавую тэхніку дырэктару Лясноўскай СШ Любові Войцік, загадчыцы Скабінскага ФАПа Жанне Раеўскай, выкладчыку ДШМ Льву Канапляніку.
Кульмінацыяй свята стала ўшанаванне лепшых па прафесіі, чые прозвішчы рашэннем райвыканкама занесены на раённую Дошку гонару. Ганаровыя граматы, прэміі – усё гэта старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня і старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд уручалі тым, хто старанна працуе на давераным участку, паказвае прыклад іншым і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег па працы.
[caption id="attachment_7224" align="aligncenter" width="443" caption="Танцавальны нумар ад работнікаў культуры."]
[/caption]
Трэба адзначыць, што асаблівую ўрачыстасць і святочнасць у мера-прыемства ўнеслі работнікі культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці: Вераніка Берднік, Вячаслаў Курчык, Іван Нечэпурэнка, Мікалай Жданко, народны ансамбль народнай песні “Спадчына”, Вольга Даманская, жаночы вакальны ансамбль РЦК, інструментальны ансамбль дзіцячай школы мастацтваў, Вольга Сташэўская, Віялета Туравец, Юрый Раманейка, Таццяна Шастакова, танцавальныя калектывы РЦК і Цэнтра дзіцячай творчасці. Кожны канцэртны нумар мерапрыемства, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога стала Любоў Галубовіч, прадэманстраваны на вялікім прафесійным узроўні, і, на думку гасцей, не ўступаў сталічным.
“Пусть жизнь бежит по кругу” — менавіта гэта песня ў выкананні вакальнага ансамбля РЦК стала заключным акордам мерапрыемства. Пасля яго будзе новы віток жыцця, новыя прозвішчы тых, каго мы будзем заслужана ўшаноўваць, бо працавітыя і таленавітыя людзі – гонар зямлі капыльскай.
Марыя ШЭІНА
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА