1 сакавіка 2011 года – 80 гадоў з дня нараджэння Пасюкевіча Уладзіміра Маркавіча (1931–2009 гг.), беларускага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
[caption id="attachment_7623" align="alignleft" width="300" caption="У Дзяржаўным музеі ля партрэта Зуевай В. А. - В. М. Пасюкевіч, С. Зуеў, В. А. Зуева, А. Б. Зуеў."]
[/caption]
Ёсць на беларускай зямлі такое месца, такая хата (святліца), у якой нарадзіліся два самародкі, якімі ганарацца капыляне і ўвогуле ўся беларуская зямля. Першы самародак – Жылуновіч Зміцер Фёдаравіч (Цішка Гартны – 4.11.1887 – 11.04.1937 г.), другі – Пасюкевіч Уладзімір Маркавіч (1.03.1931 – 15.05.2009 г.). Першы прысвяціў сваё жыццё барацьбе за чалавека працы, другі – мастацтву.
У 1982 г. праз 52 гады мастак, які нарадзіўся ў былой Цішкавай хаце, напіша карціну “Я. Купала і Ц. Гартны ў Капылі. 1930 г.”. Гэтага мастака звалі Уладзімір Маркавіч Пасюкевіч. 1 сакавіка 2011 года было б 80 гадоў з дня яго нараджэння. Пачынаючы з 1941 года і да яго смерці мы моцна сябравалі.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны бацька Валодзі, капыльскі міліцыянер, загінуў, яго маці засталася з трыма малымі сынамі. У 1949 годзе мы з Валодзем прыехалі на вучобу ў Мінск. Ён паступіў у мастацкае вучылішча, я – у аўтамеханічны тэхнікум. Мастацкае вучылішча знаходзілася ў падвале тэатра оперы і балета. У Валодзі быў выдатны барытон, і часам, пасля заняткаў, ён пранікаў за кулісы тэатра і слухаў спевы Ворвулева, Балоціна, Сярдобава, Зюванава і інш. Пазней яму самому прыходзілася прымаць удзел у масавых сцэнах опернага тэатра.
У 1954 годзе Пасюкевіч скончыў мастацкае вучылішча на «выдатна» і паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава. Вучоба ў адным з галоўных мастацкіх цэнтраў краіны ўзбагаціла Уладзіміра Пасюкевіча грунтоўнымі ведамі жывапіснага майстэрства. Ад педагога Дзмітрыя Канстанцінавіча Мачальскага мастак успрыняў лагічную сістэму, якую сам потым распрацаваў у творчасці. У Маскве Уладзімір Маркавіч ажаніўся на казачцы, харыстцы Веры Лук’янаўне. Там жа нарадзілася дачка Людачка. Сям’я пераехала ў Мінск. Не адразу ім далі кватэру, але яны не сумавалі.
У 1963 годзе Уладзімір Маркавіч быў залічаны ў Саюз мастакоў БССР. У гэтым жа годзе яму прапанавалі пасаду выкладчыка на кафедры малюнка і графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральнага мастацкага інстытута. Ён з галавой акунуўся ў работу. Як педагог ён уважліва сачыў і развіваў густ у сваіх вучняў, вёў грамадскую работу, пастаянна ўдзельнічаў у выставах. І сёння ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва карыстаюцца яго падручнікам “Рисунок как средство развития композиционного мышления”.
У 1974 годзе Уладзімір Маркавіч рашэннем Вышэйшай Атэстацыйнай камісіі зацверджаны ў навуковым званні дацэнта, быў абраны ў склад рэвізійнай камісіі мастацкага фонду рэспублікі, з’яўляўся членам Праўлення Саюза мастакоў, старшынёй станкавага мастацкага савета Мінскага вытворчага камітэта.
Даўняе сяброўства звязвала Уладзіміра Маркавіча з Міхаілам Савіцкім. Як пупавінай роднай маці прывязала Уладзіміра Маркавіча Капыльшчына. У час канікул, водпускаў з ранку да вечара ён пісаў пейзажы, свой Капыль, сваіх землякоў. Родныя, настаўнікі, сябры, знакамітыя людзі Капыльшчыны знайшлі сваё месца ў карцінах і эцюдах мастака. У 1987 годзе Уладзімір Маркавіч закончыў партрэт маёй мамы Зуевай Вольгі Андрэеўны. Гэты партрэт (у поўны рост) вісеў у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР.
На выставах 1960-2008 гадоў музей закупіў у Уладзіміра Маркавіча шэраг палоцен, якія і цяпер можна ўбачыць у прыватных калекцыях, у фае клубаў, кабінетах дзяржаўных асоб.
Летам 1982 года Саюз мастакоў БССР наладзіў выставу Уладзіміра Маркавіча, прысвечаную 50-годдзю з дня нараджэння. Асабліва вабілі карціны, на якіх мастак паказаў барацьбу народа з ворагам, партызаны, савецкія воіны. Карціна “Магутная плынь” стала цэнтрам выставы. Панарамная кампазіцыя палатна мае не толькі элементы ўмоўнасці, але ў цэлым яе сістэма пабудавана на адносінах, падпарадкаваных аўтарскай фантазіі. Мастак карыстаецца прыёмамі гіпербалізацыі, колер мае сімвалічнае значэнне. Чырвоныя дубы-калосы ўздымаюцца над зямлёй, увасабляюць класічны вобраз-сімвал жыцця. У шырокай прасторы адкрываецца шэсце партызанскіх атрадаў, сапраўдныя магутныя людскія патокі. Наперадзе – героі і кіраўнікі партызанскай вайны: В. І. Казлоў, К. Т. Мазураў, П. М. Машэраў, М. П. Шмыроў, К. С. Заслонаў. У гэтым жа годзе карціны Уладзіміра Маркавіча і Г. Г. Паплаўскага былі ўключаны ў Рэспубліканскую выставу, прысвечаную 60-годдзю стварэння Саюза ССР.
Уладзімір Маркавіч быў вельмі працаздольны чалавек. Рабочы дзень яго быў ад “гімна” да “гімна”. У 1986 годзе за вялікі ўклад у педагагічную працу і развіццё мастацтва ён быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”. Як у многіх тварцоў, у Валодзі пачаліся складаныя адносіны з жонкай, і ён увогуле перайшоў жыць у сваю майстэрню. Не прынесла яму асалоды і жыццё з другой жонкай. Усё часцей ён адкладваў пэндзаль і браўся за аловак. Перад ім паўставалі старонкі яго жыцця, жахі вайны, шыбеніцы, на якіх акупанты і паліцаі вешалі людзей, галодныя гады юнацтва. Усё часцей ён пачаў наведваць родны Капыль, цікавіцца яго гісторыяй, лёсам знакамітых людзей Капыльшчыны. У гэтыя гады Уладзімір Маркавіч напісаў паэмы “Незвычайная легенда”, “Крык душы”, “Напярэдадні”, “Легенда пра бацьку”, цыкл вершаў “Сляды як памяць” і інш., якія друкаваліся ў газеце “Рэспубліка”.
Пачуццё сваёй Радзімы, яе прыроды, гаворкі землякоў ён пранёс цераз усё сваё жыццё. Раённыя ўлады Уладзіміру Маркавічу дапамагалі арганізаваць выставы яго работ, частку якіх падарыў у мясцовы музей.
У апошнія гады пачало падводзіць здароўе, адгукнуліся ўмовы яго жыцця, харчаванне, безутульнасць у майстэрні.
Зімой 2008 года Уладзімір Маркавіч арганізаваў апошнюю сваю выставу ў зале Акадэміі мастацтваў, у якой ён працаваў усе сваё жыццё. Амаль год з паловай ён правёў у мінскіх і капыльскай бальніцах.
Беларускі мастак, паэт, артыст, капылянін Пасюкевіч Уладзімір Маркавіч памёр 15 мая 2009 года. Пахаваны ў Капылі на гарадскіх могілках.
Уладзімір Маркавіч быў тым чалавекам, які разумеў сэнс сваёй прафесіі і жыцця. Было ў ім тое, што найбольш блізка людзям – дабрыня, сціпласць, далікатнасць.
Я хачу сказаць добрае слова капылянцы Майі Міхайлаўне Маскальковай, якая дапамагала Уладзіміру Маркавічу, якая прайшла з ім па жыцці апошнія дзесяць гадоў.
Аляксандр ЗУЕЎ,
г. Мінск