Ужо прайшло 22 гады, як з Афганістана цалкам былі выведзены савецкія войскі. Вывадам 40-й арміі кіраваў апошні камандуючы Абмежаваным воінскім кантынгентам генерал-лейтэнант Барыс Громаў, які, паводле афіцыйнай версіі, апошнім перайшоў пагранічную раку Амудар’я (г. Тэрмез).

У памятны дзень, 15 лютага, у зале пасяджэнняў райвыканкама ветэранаў вайны ў Афганістане віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, ваенны камісар Капыльскага раёна Сяргей Барташэвіч, прадстаўнікі служб, арганізацый і прадпрыемстваў раёна
(на здымку). Мэта такіх сустрэч – аддаць даніну павагі воінам, якія выконвалі свой грамадзянскі абавязак, выявіць праблемы, што турбуюць ветэранаў, аказаць садзейнічанне ў іх вырашэнні. Пасля афіцыйнай часткі падарункам для прысутных стаў невялікі канцэрт, падрыхтаваны работнікамі Дзіцячай школы мастацтваў.
Помнік воінам, якія жывымі не вярнуліся з Афганістана, - святое месца ў нашым горадзе. Невыпадкова на яго пастаменце практычна заўсёды ляжаць жывыя гваздзікі, ружы. Удзельнікі мерапрыемства – афіцыйныя асобы і ветэраны афганскай вайны – усклалі вянкі і кветкі да помніка землякам і ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў хвілінай маўчання.
Для 81 капыльскага мужчыны Афган, Афганістан не проста словы, назва краіны. На пытанне, чым для вас была тая вайна, у адказ чуў, здавалася б, простыя словы: маладосць, верныя сябры… Але гучалі яны з асаблівым сэнсам. Пасля гэтага мужчыны замаўкалі. Воіны-інтэрнацыяналісты, як правіла, заўсёды немнагаслоўныя. Не любяць яны ні ўспамінаць, ні гаварыць пра тую вайну. Скупая мужчынская сляза, што па-здрадніцку з’явілася на вачах, сказала значна больш: гэта – іх боль, зарубкі на сэрцы, якія не загояцца ўжо ніколі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии