Валянціна ВІСЛАВУС,
бібліятэкар Скабінскай сельскай бібліятэкі
Кожны чалавек мае сваю гісторыю. Дзе і калі нарадзіўся, які быў жыццёвы шлях. Так і кожная рэч хавае ў сабе таямніцу мінулага, якую мы можам прыадкрыць. Калі вы знойдзеце на сваім агародзе якую-небудзь прыладу, можа стацца так, што яна ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць. Каб у гэтым пераканацца, звярніцеся да музейшчыкаў.
У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі кожны год фонд павялічваецца прыкладна на 650 экспанатаў, сабраных супрацоўнікамі музея і знойдзеных людзьмі. Частка гістарычных адзінак папоўніць экспазіцыі “Археалагічная гісторыя Капыльшчыны” і “Мястэчка Капыль канца XIX – пачатку XX ст.”. Як паведаміў навуковы супрацоўнік Андрэй Лятчэня, гэты год надзвычай ураджайны. Сярод знаходак - калекцыя нумізматыкі (старадаўнія манеты). Тут ёсць білонны (сплаў розных металаў) двайны дынарый 1570 года часоў Вялікага княства Літоўскага, медныя манеты барацінкі з надпісам Рэчы П
аспалітай 1659 года, што скажа нам шмат аб тым часе. Сама барацінка – гэта штучная назва медных солідаў Рэчы Паспалітай 1659-61 – 1663-66 гадоў. Паходзіць ад імя Ціта Лівія Бараціні (Бураціні), ініцыятара іх выпуску і трымальніка манетных двароў Рэчы Паспа-літай у другой палове XVII стагоддзя. Такія грошы былі ў абыходзе на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Быў знойдзены і дынарый двайны са срэбра. Таксама знайшлі срэбраную манету другой паловы XVI стагоддзя.
Не гаворачы аб тагачасных “нашых” манетах, жыхары Капыль-шчыны часта знаходзяць замежныя, часцей за ўсё шылінгі сярэдзіны XVII стагоддзя білоннага сплаву тэхнікай чаканкі горада Рыгі. Гэта гаворыць аб тым, што на нашай тэрыторыі быў развіты гандаль.
Акрамя грашовых адзінак на Капыльшчыне былі знойдзены не менш цікавыя рэчы. Добра захаваліся два напёрсткі XII і адзін - XVII стагоддзя (здымак 1), а таксама камплект гір з пломбамі для ручных вагаў канца XIX – пачатку XX стагоддзя, які знайшлі на месцы былой вінакурні. Дэталь кодавага замка, прыблізна аднесена да XVII стагоддзя. Навясныя замочкі для хатняга
карыстання XVII і XVIII стагоддзяў (здымак 2). З таго часу захаваліся і свінцовыя кулі. А адзін жыхар Капыльскага раёна знайшоў адпускны жэтон салдата царскай арміі №144 адзінаццатага стралковага палка сёмай роты, выраблены з метала, аднесены да канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Цікавая рэч пад назвай шпора (здымак 3) ёсць у фондах музея. Гэта элемент рыштунку коннікаў прыкладна XVII стагоддзя: металічная дужка з шыпам або зубчастым калёсікам. Яна мацавалася да абутку скуранымі калястопнымі рамянямі. Звычайна выраблялі шпору з жалеза, бронзы, зрэдку срэбра, золата.
У раённым краязнаўчым музеі ёсць экспанаты, якія выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў, усіх, хто нераўнадушны да гісторыі роднага краю. Гэта сапраўдны скарб, які адлюстроўвае пэўную эпоху і тое, як жылі нашы продкі, каб на зямлі гэтай пакаленне ішло за пакаленнем, каб не перарвалася нітачка жыцця.
Павел Шэін,
студэнт IV курса аддзялення журналістыкі ІПП
Фота аўтара
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
“Палессе GS12” – магутная машына, кантроль, кіраванне і аператыўныя рэгуляванні рабочых органаў і агрэгатаў якой выконвае бартавы камп’ютар, павышаючы якасць і тэмпы ўборкі. Але старшы камбайнер ААТ “Душава” Сяргей Башкіраў упэўнена кіруе ім. Хлопец з’яўляецца актыўным інтэрнэт-карыстальнікам і з электроннымі прыборамі лёгка разабраўся. Да таго ж дапамог і набыты раней хлебаробскі вопыт, што Сяргей атрымоўваў на старых марках камбайнаў. Ужо другі год у пары з Башкіравым працуе Дзмітрый Молакаў, які сёлета скончыў Капыльскі СПЛ па спецыяльнасці “трактарыст-вадзіцель”.
Стараецца не адстаць ад сваіх таварышаў і другі душаўскі маладзёжны экіпаж у складзе Уладзіміра Шапіры і Сяргея Шатроўскага. Сёлета на збожжавых палетках хлопцы працуюць на «Лідзе-1300».
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Сёлета значны ўклад у каравай новага хлеба ААТ “Піянер-Агра” ўнеслі маладыя вадзіцелі на адвозцы збожжа Раман Серы, Яўген Шумскі і Сяргей Лазюк. За некалькі дзясяткаў рэйсаў, што здзейснілі яны за перыяд уборачнай кампаніі, перавезена 2221 тона збожжа.
Нараўне са старэйшымі камбайнерамі працавалі Андрэй Міцкевіч і Аляксей Лазюк (ДОН-1500Б), Алег Леановіч і Аляксандр Жогла (КЗС-1218).
З раніцы да позняга вечара на палях Мінскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Доктаравічы” не сціхае гул тэхнікі. Апошнія гады, дзякуючы захаванню тэхналагічных працэсаў, на палях гаспадаркі паспявае неблагі ўраджай. Цяпер на ўборцы збожжавых шчыруюць сем сучасных камбайнаў. Двума з іх кіруюць маладыя механізатары. Дзмітрый Сіцкі ўсе пяць сезонаў працуе старшым камбайнерам. У гэтым годзе яму разам з навічком важнай сельскагаспадарчай кампаніі Андрэем Зестрэ даверылі новенькі “Палессе GS12”. Другі сезон разам працуе экіпаж камбайна КЗС-1218 Сяргей Дзісяк і Алег Бортнік, за плячыма якіх не адна ўборачная кампанія.
Словы ўдзячнасці за добрую працу маладым камбайнерам выказалі першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ларыса Прахарэня (на здымку), пабываўшы ў самай гушчы гарачай пары. Ад прафсаюзнага камітэта і маладзёжнага саюза яны ўручылі вымпелы і памятныя падарункі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Падчас наведвання адкрытага акцыянернага таварыства “Прагрэс-2010” разам з першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Наталляй Гарбацэвіч давялося спыніцца ля адміністрацыйнага будынку, над якім узвышаўся чырвоны сцяг, узняты ў гонар маладзёжнага экіпажа камбайна КЗС-1218 у складзе Сяргея Севасцьяновіча і Паўла Тароцькі. Малайцы, што тут скажаш! Зразумела, лідарства па гаспадарцы даецца хлопцам нялёгка. Для іх кожная хвіліна дарагая. Нават на кароткай фотасесіі юнакі не маглі дачакацца, каб хутчэй сесці за штурвал камбайна.
Другі маладзёжны экіпаж у складзе Аляксандра Стульбы і Яўгена Сая, якія працуюць на ДОНе-1500Б, запынілі ў цэнтры Пацеек. Не пашанцавала – здарылася паломка, тым больш – першая. Але аптымізму даўнім сябрам і адначасова суседзям не займаць. Таму паабяцалі, што хутка выправяць непаладку і падобнага больш не дапусцяць.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Вадзіцель Сяргей Кульбіцкі; 2. Я. Сай і А. Стульба; 3. П. Тароцька і С. Севасцьяновіч.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Конкурс на лепшае вясковае маладзёжнае падвор’е ў 2011 годзе адрозніваецца сваёй шматпланавасцю, бо яго арга-нізатары не ацэньвалі ўсіх удзельнікаў агулам, а вылучылі некалькі намінацый, якія б дапамаглі больш грунтоўна і аб’ектыўна падысці да вызначэння пераможцаў.
Звязана гэта з тым, што канкурсанты знаходзіліся ў розных умовах: нехта атрымаў катэдж у аграгарадку і працягваў працу па яго добраўпарадкаванні (намінацыя “Наш аграгарадок”), хтосьці пабудаваў дом уласнымі сіламі, пачаў “з нуля” (намінацыя “Мой дом – мая крэпасць”), а нехта нават яшчэ не стварыў сям’ю, але ўжо актыўна гаспадарыць у сваёй сядзібе (намінацыя “Сам сабе гаспадар”), пра ўдзельнікаў якой мы ўжо расказвалі чытачам “СП”.
Зараз прапануем пазнаёміцца з удзельнікамі намінацыі “Наш аграгарадок”. Наведаць сям’ю Алега Аляксандравіча Пяцігорца з аграгарадка Быстрыца было цікава і адначасова прыемна. Хто не ведае знакамітага камбайнера-тысячніка, вядомага механізатара ААТ “Ціміразеўскі”! Катэдж у аграгарадку яны з жонкай Алай атрымалі гадоў шэсць таму. За гэты час пабудавалі гараж, хлеў для жывёлы, склеп. Прыгожыя кветнікі, дэкаратыўныя кустарнікі ўздоўж дарожак, дагледжаны агарод – гэта заслуга гаспадыні, бо яна хоць па прафесіі і бібліятэкар, але любіць працаваць на зямлі, цікавіцца спецыяльнай літаратурай, “выпісвае” розныя экзатычныя расліны. Дом таксама ў кветках, паўсюль рознакаляровыя петунні: на ганку і на фасадзе, на падаконніках і на лавачках! Пяцігадовая дачка Насця – галоўная памочніца і падтрымка матулі. Алег – вялікі аматар “ціхага палявання”, любіць у вольны час па грыбы схадзіць ці парыбачыць. Шмат часу аддае дамашняй гаспадарцы, таму вакол дома – парадак і чысціня.
Падвор’е Віталія і Марыны Несцерукоў з аграгарадка Цімкавічы прыемна ўражвае сваёй утульнасцю і эстэтычнасцю. Вось грацыёзныя лебедзі застылі на воднай гладзі штучнага возера, а побач “выраслі” пласцікавы ананас і рамонкі, за кустом прытаіўся казачны гномік. Усе гэтыя дзівосы створаны ўмелымі рукамі Марыны Феліксаўны. У двары – невялікі басейн для малодшых Несцерукоў: трохгадовага Данілы і гадавалага Мацвея. А яшчэ вялікая колькасць кветак, якія з задавальненнем даглядае гаспадыня. Дэкаратыўныя агароджы, лесвічкі, цікава пафарбаваныя лавачкі ствараюць добрае ўражанне і жаданне пабыць тут даўжэй. Гасціннасць, шчырасць, адкрытасць характарызуюць гэтую маладую сям’ю. Віталій працуе галоўным бухгалтарам у ААТ “Капыльскае”, Марына – у водпуску, гадуе малодшага сына.
Валянціна БАЛАЖЫНСКАЯ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама
Фота Таццяны БОХАН
Татьяна БОХАН