Конкурс на лепшае вясковае маладзёжнае падвор’е ў 2011 годзе адрозніваецца сваёй шматпланавасцю, бо яго арга-нізатары не ацэньвалі ўсіх удзельнікаў агулам, а вылучылі некалькі намінацый, якія б дапамаглі больш грунтоўна і аб’ектыўна падысці да вызначэння пераможцаў.
Звязана гэта з тым, што канкурсанты знаходзіліся ў розных умовах: нехта атрымаў катэдж у аграгарадку і працягваў працу па яго добраўпарадкаванні (намінацыя “Наш аграгарадок”), хтосьці пабудаваў дом уласнымі сіламі, пачаў “з нуля” (намінацыя “Мой дом – мая крэпасць”), а нехта нават яшчэ не стварыў сям’ю, але ўжо актыўна гаспадарыць у сваёй сядзібе (намінацыя “Сам сабе гаспадар”), пра ўдзельнікаў якой мы ўжо расказвалі чытачам “СП”.
Зараз прапануем пазнаёміцца з удзельнікамі намінацыі “Наш аграгарадок”. Наведаць сям’ю Алега Аляксандравіча Пяцігорца з аграгарадка Быстрыца было цікава і адначасова прыемна. Хто не ведае знакамітага камбайнера-тысячніка, вядомага механізатара ААТ “Ціміразеўскі”! Катэдж у аграгарадку яны з жонкай Алай атрымалі гадоў шэсць таму. За гэты час пабудавалі гараж, хлеў для жывёлы, склеп. Прыгожыя кветнікі, дэкаратыўныя кустарнікі ўздоўж дарожак, дагледжаны агарод – гэта заслуга гаспадыні, бо яна хоць па прафесіі і бібліятэкар, але любіць працаваць на зямлі, цікавіцца спецыяльнай літаратурай, “выпісвае” розныя экзатычныя расліны. Дом таксама ў кветках, паўсюль рознакаляровыя петунні: на ганку і на фасадзе, на падаконніках і на лавачках! Пяцігадовая дачка Насця – галоўная памочніца і падтрымка матулі. Алег – вялікі аматар “ціхага палявання”, любіць у вольны час па грыбы схадзіць ці парыбачыць. Шмат часу аддае дамашняй гаспадарцы, таму вакол дома – парадак і чысціня.
Падвор’е Віталія і Марыны Несцерукоў з аграгарадка Цімкавічы прыемна ўражвае сваёй утульнасцю і эстэтычнасцю. Вось грацыёзныя лебедзі застылі на воднай гладзі штучнага возера, а побач “выраслі” пласцікавы ананас і рамонкі, за кустом прытаіўся казачны гномік. Усе гэтыя дзівосы створаны ўмелымі рукамі Марыны Феліксаўны. У двары – невялікі басейн для малодшых Несцерукоў: трохгадовага Данілы і гадавалага Мацвея. А яшчэ вялікая колькасць кветак, якія з задавальненнем даглядае гаспадыня. Дэкаратыўныя агароджы, лесвічкі, цікава пафарбаваныя лавачкі ствараюць добрае ўражанне і жаданне пабыць тут даўжэй. Гасціннасць, шчырасць, адкрытасць характарызуюць гэтую маладую сям’ю. Віталій працуе галоўным бухгалтарам у ААТ “Капыльскае”, Марына – у водпуску, гадуе малодшага сына.
Валянціна БАЛАЖЫНСКАЯ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама
Фота Таццяны БОХАН
Комментарии