Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

51

Таямніца мінуўшчыны прыадкрыта

16.08.2011
Кожны чалавек мае сваю гісторыю. Дзе і калі нарадзіўся, які быў жыццёвы шлях. Так і кожная рэч хавае ў сабе таямніцу мінулага, якую мы можам прыадкрыць. Калі вы знойдзеце на сваім агародзе якую-небудзь прыладу, можа стацца так, што яна ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць. Каб у гэтым пераканацца, звярніцеся да музейшчыкаў. У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі кожны год фонд павялічваецца прыкладна на 650 экспанатаў, сабраных супрацоўнікамі музея і знойдзеных людзьмі. Частка гістарычных адзінак папоўніць экспазіцыі “Археалагічная гісторыя Капыльшчыны” і “Мястэчка Капыль канца XIX – пачатку XX ст.”. Як паведаміў навуковы супрацоўнік Андрэй Лятчэня, гэты год надзвычай ураджайны. Сярод знаходак -  калекцыя нумізматыкі (старадаўнія манеты). Тут ёсць білонны (сплаў розных металаў) двайны дынарый 1570 года часоў Вялікага княства Літоўскага, медныя манеты барацінкі з надпісам Рэчы Паспалітай 1659 года, што скажа нам шмат аб тым часе. Сама барацінка – гэта штучная назва медных солідаў Рэчы Паспалітай 1659-61 – 1663-66 гадоў. Паходзіць ад імя Ціта Лівія Бараціні (Бураціні), ініцыятара іх выпуску і трымальніка манетных двароў Рэчы Паспа-літай у другой палове XVII стагоддзя. Такія грошы былі ў абыходзе на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Быў знойдзены і дынарый двайны са срэбра. Таксама знайшлі срэбраную манету другой паловы XVI стагоддзя. Не гаворачы аб тагачасных “нашых” манетах, жыхары Капыль-шчыны часта знаходзяць замежныя, часцей за ўсё шылінгі сярэдзіны XVII стагоддзя білоннага сплаву тэхнікай чаканкі горада Рыгі. Гэта гаворыць аб тым, што на нашай тэрыторыі быў развіты гандаль. Акрамя  грашовых адзінак на Капыльшчыне былі знойдзены не менш цікавыя рэчы. Добра захаваліся два напёрсткі XII і адзін - XVII стагоддзя (здымак 1), а таксама камплект гір з пломбамі для ручных вагаў канца XIX – пачатку XX стагоддзя, які знайшлі на месцы былой вінакурні. Дэталь кодавага замка, прыблізна аднесена да XVII стагоддзя. Навясныя замочкі для хатняга карыстання XVII і XVIII стагоддзяў (здымак 2). З таго часу захаваліся і свінцовыя кулі. А адзін жыхар Капыльскага раёна знайшоў адпускны жэтон салдата царскай арміі №144 адзінаццатага стралковага палка сёмай роты, выраблены з метала, аднесены да канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Цікавая рэч пад назвай шпора (здымак 3) ёсць у фондах музея. Гэта элемент рыштунку коннікаў прыкладна XVII стагоддзя: металічная дужка з шыпам або зубчастым калёсікам. Яна мацавалася да абутку скуранымі калястопнымі рамянямі. Звычайна выраблялі шпору з жалеза, бронзы, зрэдку срэбра, золата. У раённым краязнаўчым музеі ёсць экспанаты, якія выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў, усіх, хто нераўнадушны да гісторыі роднага краю. Гэта сапраўдны скарб, які адлюстроўвае пэўную эпоху і тое, як жылі нашы продкі, каб на зямлі гэтай пакаленне ішло за пакаленнем, каб не перарвалася нітачка жыцця.

Павел Шэін,

студэнт IV курса аддзялення журналістыкі ІПП

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей