Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

65

Адпачынак – і прывабны, і змястоўны

16.08.2011
Каб зрабіць летні адпачынак дзяцей прывабным і змястоўным, Скабінская сельская бібліятэка правяла з дзецьмі шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, у Міжнародны дзень абароны дзяцей праводзілася пазнавальная гульня “Я – грамадзянін”. Дзеці таксама пазнаёміліся з Дэкларацыяй правоў чалавека. Да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі праводзілася літаратурнае падарожжа “Урокі роднага слова”. Кожная кніга аўтара – гэта своеасаблівы падручнік роднага слова, чароўнага, мілагучнага і шматграннага. Да 125-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі адбылася літаратурная гадзіна “Пясняр зачараванага краю”. Творчая дзейнасць Бядулі з’яўляецца каштоўным укладам у гісторыю беларускай літаратуры. Цікавай была і прэзентацыя кніг твораў дзіцячага фальклору “Залаты клубочак” і “Свяці, свяці, сонейка”. Змест кніг складаюць легенды і паданні, гульні і пацешкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі і лічылкі. Прайшоў дзень дзіцячай паэзіі “Мой маленькі мілы дружа”. Дзеці пазнаёміліся з творчасцю вядомых беларускіх паэтаў Н. Галіноўскай і М. Чарняўскага, В. Зуёнка і Н. Гіле-віча, У. Карызны і А. Грачанікава, Л. Пранчака і Я. Хвалея. Вельмі спадабаўся дзецям “Вітамінны кірмаш”. Гэта вясёлая азбука здароўя з элементамі фланелеграфіі. Дзеці пазнаёміліся з асноўнымі вітамінамі, даведаліся аб іх карысці, адгадалі шмат цікавых загадак. Удзельнікі тэатра фланелеграфіі “Капрызка” падрыхтавалі для дзяцей шмат казачных спектакляў: “Зайцава хатка”, “Як мядзведзь да зімы рыхтаваўся”, “Казка пра шэрую хмарку”, “Саламяны бычок, смаляны бачок” і “Хто сказаў “Мяў” па казцы В. Суцеева. Адно з самых цікавых мерапрыемстваў — фланелеграфічная гульня-знаёмства “Эка-церамок”. У гэтым церамку пасяліліся толькі тыя жывёлы, якія прыносяць істотную карысць свайму экалагічнаму дому. Мэта гэтага мерапрыемства – навучыць любіць і клапатліва адносіцца да ўсяго жывога. Праводзілася таксама прэзентацыя кніг аб роднай прыродзе У. Ягоўдзіка. Спадабаліся дзецям і такія мерапрыемствы, як літаратурна-казачнае асарці “Гэты казачны, казачны свет”, гульнёвая праграма “Летнія забавы” і вернісаж малюнкаў на асфальце “Мір і сонейка – для ўсіх”. Актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў былі Уладзіслава Пашкевіч, Аліна Бахта, Аляксандра Перадзерый, Анжэла Калнінь, Глеб Сідарэвіч, Ілья і Ягор Лазарэвічы, Наташа Раеўская, Даша Маліноўская. А лепшымі чытачамі нашай бібліятэкі з’яўляюцца Алеся Шандзіцава і Аліна Баран, Глеб Сідарэвіч і Ілья Лазарэвіч, Паліна Філіповіч і Ганна Трыфанава.

Валянціна ВІСЛАВУС,

бібліятэкар Скабінскай сельскай бібліятэкі

 

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей