Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

info

info

На прыём да дэпутата

19.10.2024
На прыём да старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Ганны Лаўрукевіч (на здымку злева), які яна правяла разам са старшынёй райсавета дэпутатаў марыяй Сандрозд, звярнуліся дзесяць чалавек. Трэба адзначыць, што большасць зваротаў насіла кансультацыйны характар, па якіх адразу ж былі  дадзены  тлумачэнні.  Аднак былі ўзняты і іншыя  пытанні. Напрыклад, не першы раз на прыём да дэпутата звярнуліся жыхары вул. Ф. Скарыны, завулкаў Музейнага, Энергетыкаў наконт асфальтавання дарог у іх мікрараёне, але праблема з-за адсутнасці фінансавання не была вырашана. Ганна Мікалаеўна паабяцала разабрацца, нават з падключэннем абл-выканкама. Як звычайна, шэраг пытанняў паступіла ад Віктара Дашкевіча з в. Калодзезнае. Яго хвалявала выкананне ў Капылі праграмы безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў. Як адзначыла Ганна Лаўрукевіч, такая праблема сапраўды ёсць, і не толькі ў нашым гора-дзе, а ва ўсёй краіне. Гэта пытанне нядаўна разглядалася на пасяджэнні парламента, і яно знахо-дзіцца на пастаянным кантролі. Віктар Віктаравіч у чарговы раз узняў праблему па абустройстве крынічкі каля возера ў Багушах. Разабрацца з гэтым паабяцаў старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Таксама былі закрануты пытанні па аўтобусных зносінах у раёне. Звярнуўся і настаўнік Ляшнянскай СШ Рыгор Несцерчык наконт закрыцця іх навучальнай установы. Гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі амеркавання. Сяргей КОЗЕЛ

Прачытала газету, успомнiла пра сваё

19.10.2024
Паважаная раёнка! Дзякуй табе, за пошук новых ідэй пра нашу спадчыну. Спадзяюся, што новы праект, які ўжо паспяхова распачаты, знойдзе многіх яго прыхільнікаў. Мяне, напрыклад, вельмі зацікавіла рубрыка “Народная творчасць”. Адразу прыйшло на ўспамін пасляваеннае дзяцінства, халодная зіма саракавых гадоў і тое, як матуля і бабуля рупіліся, каб я не прастуджвалася, заўсёды была цёпла апранута. На ўсё жыццё запомніліся іх слушныя прымаўкі накшталт таго, што прыйшоў люты, будзь цёпла абуты, а прыйдзе марац (март) падмарозіць палец. Не забывай у сакавіку пальчаткі ды рукавіцы. Прыйшлі грамніцы – гэта ж палова зіміцы,  сюрпрызы яе яшчэ могуць быць, будзь пільны. У прымаўках гэтыя думкі больш лаканічныя, дасканалыя, з народным гумарам. Таму лёгкаўспрымальныя запамятала на ўсё жыццё. Ганна АРЛОЎСКАЯ, няштатны карэспандэнт, настаўніца-пенсіянерка

Паслухаем, што людзi кажуць

19.10.2024
Паважаныя чытачы! Мы працягваем знаёміць вас з творчасцю Валянціна Рабкевіча. У Аксамiтах кажуць: Адзін – арэ, другі – барануе,  а ўсё роўна бог раўнуе. Бачылі вочы, што выбіралі, то цяпер хай не плачуць. Вяселлю казала і качарга: гуляй ад нядзелі да чацвярга. Грошы пражывуцца, адзенне парвецца,а дурань табе астанецца. Дзе не любяць – не гасці, а дзе любяць – не часці. Еду не на снасці, а на шчасці. І ў гаросе знойдзецца калоссе, а ў ячмені – ветка. Муж любіць жонку здаровую, а брат сястру багатую. На голы кол не паляціць і сокал. Па восені і ў кошкі – ляпёшкі, а ў вераб’я піва. Серада з-пад пятніцы відна. Падрыхтавала Таццяна БОХАН

Любоў да ткацтва праз жыццё

19.10.2024
Народны майстар Беларусі Валянціна Міхайлаўна Кіеня звыш дзесяці год працуе ў сферы культуры нашага раёна: спачатку на пасадзе кіраўніка ткацкага гуртка пры Семежаўскім СДК, а з 2005 года – майстрам-метадыстам раённага Цэнтра ткацтва. Нарадзілася Валянціна Міхайлаўна ў Семежаве. Працавала ў мясцовым калгасе даяркай. 3 дзіцячых гадоў захаплялася ткацтвам і гэтую любоў пранесла праз усё жыццё. У дзяцінстве было цікава, як стукаюць бёрда, бегае паміж нітоў чаўнок, асабліва радавалася, калі атрымоўваўся ўзор, заложаны ў нітах. Ад маці пераняла не толькі майстэрства ткацтва, але вышыўкі і шытва. Сціплая, добразычлівая жанчына выткала і вышыла шмат рэчаў: ручнікоў, посцілак, сурвэтак, дываноў, ходнікаў. Усё гэта рабілася доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі, бо ў іншы час яе чакала сялянскае падвор’е, клопаты пра сям’ю, праца на ферме. Некаторы час па сумяшчальніцтве працавала ткачыхай-надомніцай на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Гэта сведчыць аб тым, што яна на высокім прафесійным узроўні авалодала майстэрствам ткацтва. Прыгажосць, якая ствараецца ткачом, - вынік доўгіх і карпатлівых пошукаў. Нездарма сапраўдныя майстры ткацтва займаюцца сваім рамяством з маленства. Бадай, у кожнай ткачыхі любімым ткацкім вырабам з’яўляецца ручнік, у які яна ўкладвае ўсю прыгажосць сваёй душы. Любіць ткаць ручнікі і Валянціна Міхайлаўна. Асаблівы гонар і ахвоту яна адчувае, калі тчэ знакамітыя закладныя чырвона-белыя семежаўскія ручнікі, якія з’яўляюцца спадчынай яе вёскі, продкаў. I хочацца ткаць гэтыя ручнікі, каб такой прыгажосцю захапляляся не адно пакаленне землякоў. Семежаўскія ручнікі вызначаюцца сваёй мастацкай дасканаласцю і каларыстычнай вытанчанасцю. Яны не ўражваюць багаццем колераў, але, прыгледзеўшыся да чырвоных геаметрычных узораў, пачынаеш разумець, якая прыгажосць у гэтай сціплай да-лікатнасці. Як сведчыць гісторыя, у пачатку ХІХ стагоддзя закладная тэхніка была рэдкай з’явай на Беларусі. А вось семежаўскія ручнікі ткаліся і ў ХХ стагоддзі, а дзякуючы Валянціне Мі-хайлаўне яны ткуцца і зараз. Гэты факт даў падставу і магчымасць падрыхтаваць і падаць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пакет дакументаў на наданне статусу нематэрыяльнай каштоўнасці методыцы закладнога ткацтва семежаўскіх ручнікоў. I застаецца спадзявацца, што пытанне вырашыцца станоўча і семежаўскае ткацтва, як і абрад «Цары», стане такім  знакамітым. Зараз сваю справу, свой вопыт і ўменне Валянціна Міхайлаўна перадае маладому пакаленню. Вучыла майстэрству ткацтва сваю калегу майстра-метадыста Таццяну Волкаву. Калі ў мінулым годзе пры Цэнтры ткацтва была адкрыта «Школа ткачоў», заняткі наведвала і настаўніца адной з мінскіх школ (з мэтай адкрыцця ткацкага гуртка для мінскіх школьнікаў). Заняткі па ткацтве наведваюць і вучні мясцовай школы. “3 моладдзю цікава працаваць, здаецца, сама маладзееш”, — гаворыць Валянціна Міхайлаўна. Зараз яна са сваімі вучнямі рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці “Вясновы букет”, які пройдзе ў маі ў Мінску, і рэгіянальным свяце “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах. Валянціна Міхайлаўна пастаянная ўдзельніца шматлікіх рэспубліканскіх, абласных, раённых фестываляў, свят, конкурсаў, адкуль прывозіць дыпломы і званне лаўрэата. I нездарма ў канцы 2008 года ёй прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”. Ад шчырага сэрца віншуем Валянціну Міхайлаўну з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, творчага натхнення. Каб вырабы, зробленыя яе рукамі, маглі радаваць нас надалей. Наталля ХОЛАД, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Хто ладзіў вяселле на Замкавай гары

19.10.2024
“30 кастрычнiка 1650 года ажанiўся з паненкай Ганнай Мiрскай, дачкою стражнiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Кацярыны Капышчэўскай, дачкi мiнскага стольнiка. Вяселле было ў Капылi, горадзе i маёнтку ягамосцi князя Канюшага Вялiкага княства Лiтоўскага. Вось такі запіс маецца ў  мемуарным творы XVII ст., які складаўся ў Беларусі на польскай мове. А цяпер колькі слоў пра сам твор, яго аўтара і дзеючых асоб гэтага вяселля, што гулялася тады ў Капылі. У XVI-XVII стагоддзях у Вялікім княстве Літоўскім прадстаўнікамі шляхецкага саслоўя складаліся мемуары. Само слова мемуары паходзіць ад лацінскага memoria і азначае памяць, успаміны. Мемуары – гэта літаратурны твор у форме запісак аб мінулых падзеях, сучаснікам альбо удзельнікам якіх быў сам аўтар. Да ліку твораў мемуарнай літаратуры адносіцца і літаратурны твор другой паловы XVII ст. Яна Цадроўскага “Успаміны”. Твор гэты ўпершыню быў выяўлены ў першай чвэрці XIX ст. вядомым даследчыкам старажытнасцей, гісторыкам і археолагам Тэадорам Нарбутам, які падараваў гэты рукапіс бібліятэцы Віленскага (цяпер Вільнюскага) універсітэта, дзе ён цяпер і захоўваецца. Першую публікацыю гэтага твора ў перакладзе з польскай мовы на рускую зрабіў у сярэдзіне XIX ст. Іосіф Малышэвіч у часопісе “Временник императорского московского общества империи и древностей российских.” У 1977 годзе скарочаны варыянт успамінаў Цадроў-скага быў змешчаны ў зборніку “Беларуская літаратура”. А ў 1983 годзе яны былі апублікаваны цалкам у кнізе “Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.” Цяпер колькі слоў пра аўтара тых “Успамінаў”. Ян Цадроўскі нарадзіўся 3 сакавіка 1617 года ў в. Пагост каля Слуцка. Паходзіў са шляхецкай сям’і сярэдняга дастатку. Вучыўся ў Кралявецкім (г. Кралявец – Кёнігсберг, цяпер Калінінград) і Кракаўскім універсітэтах. Затым на працягу трыццаці двух год знаходзіўся на службе ў Багуслава Радзівіла, суправаджаў яго ў вандроўках па Германіі, Даніі, Галандыі, Францыі і Англіі. У 1643 годзе нарэшце асеў у в. Старая вёска на Падляшшы як радзівілаўскі ўраднік. На той час словам ураднік абазначалася пасада, у абавязкі якой уваходзіла сачыць за парадкам і выкананнем  законаў на месцы. Разоў дзесяць ён выбіраўся паслом на соймы і два разы дэпутатам Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік вайны паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай вёў ад імя менскай шляхты перамовы з царом Аляксеем Міхайлавічам. Склаў успаміны, якія асвятляюць падзеі ў Вялікім княстве Літоўскім з 1617 па 1682 гг., у якіх прыводзіць звесткі пра населеныя пункты Беларусі, сваё ўласнае жыццё і жыццё сваякоў і знаёмых. Багуслаў Радзівіл – сын Януша Радзівіла, каштэляна Вільні. Януш Радзівіл у першым шлюбе меў жонку славутую Соф’ю Алелькаўну, якая прынесла яму ў пасаг Капыль і Слуцк. Падчас вяселля, якое ігралі ў Брэсце 1 снежня 1600 года, Янушу быў 21 год, а Соф’і толькі 15. Праз пару гадоў Соф’я памірае і Капыль са Слуцкам пераходзяць да Радзівілаў. Праз год у Берліне Януш Радзівіл бярэ другі шлюб, цяпер ужо з дачкою брандэнбургскага курфюрэта Іагана Георга. Ад гэтага шлюбу 3 мая 1620 года ў Гданьску нараджаецца Багуслаў, а праз якіх паўгода, ва ўзросце сарака аднаго года, памірае яго бацька – Януш Радзівіл. І ўладальнікам Капыля, як і Слуцка, становіцца Багуслаў Радзівіл. Ён набывае адукацыю ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), Парыжы. У 1638-1646 гадах быў на пасадзе харунжага Вялікага княства Літоўскага. У час свайго знаходжання ў Галандыі наняўся ў войска Генрыха Аранскага і прымаў удзел у аблозе крэпасці Ганд. А ў Францыі каралём Людвікам XIV быў прызначаны генеральным палкоўнікам польскай пяхоты і кавалерыі французскага войска. У 1648 годзе вярнуўся на радзіму, прымаў удзел у вайне з войскамі Багдана Хмяльніцкага, у прыватнасці, удзельнічаў у бітве пад Берасцечкам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай зноў на  полі бою  браў удзел у аблозе Магілёва. У часы “Швецкага патопу” – вайны Швецыі і Рэчы Паспалітай – падтрымліваў шведаў, паколькі па рэлігійных перакананнях быў пратэстантам і да таго ж выношваў ідэю незалежнасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшы. Натуральна, што апошняя акалічнасць у біяграфіі гэтай асобы, спрыяла адмоўнай характарыстыцы яе ў славутым рамане Генрыха Сянкевіча “Патоп”. У 1652 годзе Багуслаў Радзівіл дамогся ў караля Рэчы Паспалітай магдэбургскага права для сваіх гарадоў: Капыля і Слуцка (паўторна). Апошні ён забяспечыў новымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі – цытадэллю і крапаснымі сценамі з бастыёнамі і чатырмя брамамі: Астроўскай, Навамескай, Віленскай і Капыльскай. Апошняя была досыць унушальная,  мела памеры ў аснове 25,6 х 36,6 м і вышыню звыш 8 метраў. З 1657 года Б. Радзівіл – генеральны губернатар і камандуючы брандэнбургскай арміі ў Прускім герцагстве. У выніку шлюбу са сваёй стрыечнай пляменніцай Ганнай Марыяй, дачкой другога Януша Радзівіла, свайго дзядзькі, атрымаў у пасаг неабсяжныя ўладанні, раскіданыя на прасторах Літвы і Беларусі, уключаючы нават Бранск. У Слуцку Багуслаў Радзівіл сабраў архіў, бібліятэку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у тым ліку і славуты Радзівілаўскі, які ўтрымлівае 617 каляровых мініяцюр з жыцця Старажытнай Русі. Збіраў творы мастацтва, складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў, у тым ліку і выкананы каляровай тушшу чарцёж Клецка. Ганна Мірская – дачка стражніка Вялікага княства Літоўскага Рыгора Мірскага і Кацярыны Капушэўскай. Бацька Ганны – Рыгор Мірскі – прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду герба “Бялыня”, спраўны ваяр. Неаднойчы ваяваў з туркамі, двойчы трапляў да іх у палон, прымаў удзел у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600-1629 гг., войнах Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гг., 1632-1634 гг. і 1654-1657 гг. У 1635 г. прызначаны стражнікам Вялікага княства Літоўскага. У абавязак стражніка ўваходзіла пільнаваць і абараняць лагер войскаў ВКЛ у час паходу ад варожага нападу. Вось такія былі галоўныя дзеючыя асобы таго вяселля. Цікава, што падчас археалагічных раскопак, якія праводзіліся на замчышчы, у напластаваннях гэтага часу сустрэта шмат фрагментаў керамічнага і шклянога посуду, сярод якога трапляліся кубкі, чаркі, келіхі, у тым ліку і прывазныя – заходнееўрапейскай вытворчасці і дробныя грошы-манеты, якімі, пэўна, асыпалі маладых… А што калі сёння распрацаваць сцэнарый правядзення такога вяселля для маладых, якія ўступаюць у шлюб і праводзіць яго (зразумела, за пэўную плату) на Замкавай гары з удзелам гістарычных персанажаў: князя Багуслава Радзівіла, стражніка Вялікага княства Літоўскага Рыгора Мірскага, мемуарыста Яна Цадроўскага, Ганны Мірскай і Кацярыны Капышэўскай, паноў-баяраў, шляхты, мяшчан?! Тым больш, што ніхто з маладых ужо не наведвае Замкавую гару ў час свайго вяселля. Леанід Калядзінскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДПУ імя М. Танка
Страница 924 из 1058