Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

27

Любоў да ткацтва праз жыццё

29.03.2011
Народны майстар Беларусі Валянціна Міхайлаўна Кіеня звыш дзесяці год працуе ў сферы культуры нашага раёна: спачатку на пасадзе кіраўніка ткацкага гуртка пры Семежаўскім СДК, а з 2005 года – майстрам-метадыстам раённага Цэнтра ткацтва. Нарадзілася Валянціна Міхайлаўна ў Семежаве. Працавала ў мясцовым калгасе даяркай. 3 дзіцячых гадоў захаплялася ткацтвам і гэтую любоў пранесла праз усё жыццё. У дзяцінстве было цікава, як стукаюць бёрда, бегае паміж нітоў чаўнок, асабліва радавалася, калі атрымоўваўся ўзор, заложаны ў нітах. Ад маці пераняла не толькі майстэрства ткацтва, але вышыўкі і шытва. Сціплая, добразычлівая жанчына выткала і вышыла шмат рэчаў: ручнікоў, посцілак, сурвэтак, дываноў, ходнікаў. Усё гэта рабілася доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі, бо ў іншы час яе чакала сялянскае падвор’е, клопаты пра сям’ю, праца на ферме. Некаторы час па сумяшчальніцтве працавала ткачыхай-надомніцай на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Гэта сведчыць аб тым, што яна на высокім прафесійным узроўні авалодала майстэрствам ткацтва. Прыгажосць, якая ствараецца ткачом, - вынік доўгіх і карпатлівых пошукаў. Нездарма сапраўдныя майстры ткацтва займаюцца сваім рамяством з маленства. Бадай, у кожнай ткачыхі любімым ткацкім вырабам з’яўляецца ручнік, у які яна ўкладвае ўсю прыгажосць сваёй душы. Любіць ткаць ручнікі і Валянціна Міхайлаўна. Асаблівы гонар і ахвоту яна адчувае, калі тчэ знакамітыя закладныя чырвона-белыя семежаўскія ручнікі, якія з’яўляюцца спадчынай яе вёскі, продкаў. I хочацца ткаць гэтыя ручнікі, каб такой прыгажосцю захапляляся не адно пакаленне землякоў. Семежаўскія ручнікі вызначаюцца сваёй мастацкай дасканаласцю і каларыстычнай вытанчанасцю. Яны не ўражваюць багаццем колераў, але, прыгледзеўшыся да чырвоных геаметрычных узораў, пачынаеш разумець, якая прыгажосць у гэтай сціплай да-лікатнасці. Як сведчыць гісторыя, у пачатку ХІХ стагоддзя закладная тэхніка была рэдкай з’явай на Беларусі. А вось семежаўскія ручнікі ткаліся і ў ХХ стагоддзі, а дзякуючы Валянціне Мі-хайлаўне яны ткуцца і зараз. Гэты факт даў падставу і магчымасць падрыхтаваць і падаць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пакет дакументаў на наданне статусу нематэрыяльнай каштоўнасці методыцы закладнога ткацтва семежаўскіх ручнікоў. I застаецца спадзявацца, што пытанне вырашыцца станоўча і семежаўскае ткацтва, як і абрад «Цары», стане такім  знакамітым. Зараз сваю справу, свой вопыт і ўменне Валянціна Міхайлаўна перадае маладому пакаленню. Вучыла майстэрству ткацтва сваю калегу майстра-метадыста Таццяну Волкаву. Калі ў мінулым годзе пры Цэнтры ткацтва была адкрыта «Школа ткачоў», заняткі наведвала і настаўніца адной з мінскіх школ (з мэтай адкрыцця ткацкага гуртка для мінскіх школьнікаў). Заняткі па ткацтве наведваюць і вучні мясцовай школы. “3 моладдзю цікава працаваць, здаецца, сама маладзееш”, — гаворыць Валянціна Міхайлаўна. Зараз яна са сваімі вучнямі рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці “Вясновы букет”, які пройдзе ў маі ў Мінску, і рэгіянальным свяце “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах. Валянціна Міхайлаўна пастаянная ўдзельніца шматлікіх рэспубліканскіх, абласных, раённых фестываляў, свят, конкурсаў, адкуль прывозіць дыпломы і званне лаўрэата. I нездарма ў канцы 2008 года ёй прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”. Ад шчырага сэрца віншуем Валянціну Міхайлаўну з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, творчага натхнення. Каб вырабы, зробленыя яе рукамі, маглі радаваць нас надалей. Наталля ХОЛАД, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей