Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Хто ладзіў вяселле на Замкавай гары

29.03.2011
“30 кастрычнiка 1650 года ажанiўся з паненкай Ганнай Мiрскай, дачкою стражнiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Кацярыны Капышчэўскай, дачкi мiнскага стольнiка. Вяселле было ў Капылi, горадзе i маёнтку ягамосцi князя Канюшага Вялiкага княства Лiтоўскага. Вось такі запіс маецца ў  мемуарным творы XVII ст., які складаўся ў Беларусі на польскай мове. А цяпер колькі слоў пра сам твор, яго аўтара і дзеючых асоб гэтага вяселля, што гулялася тады ў Капылі. У XVI-XVII стагоддзях у Вялікім княстве Літоўскім прадстаўнікамі шляхецкага саслоўя складаліся мемуары. Само слова мемуары паходзіць ад лацінскага memoria і азначае памяць, успаміны. Мемуары – гэта літаратурны твор у форме запісак аб мінулых падзеях, сучаснікам альбо удзельнікам якіх быў сам аўтар. Да ліку твораў мемуарнай літаратуры адносіцца і літаратурны твор другой паловы XVII ст. Яна Цадроўскага “Успаміны”. Твор гэты ўпершыню быў выяўлены ў першай чвэрці XIX ст. вядомым даследчыкам старажытнасцей, гісторыкам і археолагам Тэадорам Нарбутам, які падараваў гэты рукапіс бібліятэцы Віленскага (цяпер Вільнюскага) універсітэта, дзе ён цяпер і захоўваецца. Першую публікацыю гэтага твора ў перакладзе з польскай мовы на рускую зрабіў у сярэдзіне XIX ст. Іосіф Малышэвіч у часопісе “Временник императорского московского общества империи и древностей российских.” У 1977 годзе скарочаны варыянт успамінаў Цадроў-скага быў змешчаны ў зборніку “Беларуская літаратура”. А ў 1983 годзе яны былі апублікаваны цалкам у кнізе “Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.” Цяпер колькі слоў пра аўтара тых “Успамінаў”. Ян Цадроўскі нарадзіўся 3 сакавіка 1617 года ў в. Пагост каля Слуцка. Паходзіў са шляхецкай сям’і сярэдняга дастатку. Вучыўся ў Кралявецкім (г. Кралявец – Кёнігсберг, цяпер Калінінград) і Кракаўскім універсітэтах. Затым на працягу трыццаці двух год знаходзіўся на службе ў Багуслава Радзівіла, суправаджаў яго ў вандроўках па Германіі, Даніі, Галандыі, Францыі і Англіі. У 1643 годзе нарэшце асеў у в. Старая вёска на Падляшшы як радзівілаўскі ўраднік. На той час словам ураднік абазначалася пасада, у абавязкі якой уваходзіла сачыць за парадкам і выкананнем  законаў на месцы. Разоў дзесяць ён выбіраўся паслом на соймы і два разы дэпутатам Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік вайны паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай вёў ад імя менскай шляхты перамовы з царом Аляксеем Міхайлавічам. Склаў успаміны, якія асвятляюць падзеі ў Вялікім княстве Літоўскім з 1617 па 1682 гг., у якіх прыводзіць звесткі пра населеныя пункты Беларусі, сваё ўласнае жыццё і жыццё сваякоў і знаёмых. Багуслаў Радзівіл – сын Януша Радзівіла, каштэляна Вільні. Януш Радзівіл у першым шлюбе меў жонку славутую Соф’ю Алелькаўну, якая прынесла яму ў пасаг Капыль і Слуцк. Падчас вяселля, якое ігралі ў Брэсце 1 снежня 1600 года, Янушу быў 21 год, а Соф’і толькі 15. Праз пару гадоў Соф’я памірае і Капыль са Слуцкам пераходзяць да Радзівілаў. Праз год у Берліне Януш Радзівіл бярэ другі шлюб, цяпер ужо з дачкою брандэнбургскага курфюрэта Іагана Георга. Ад гэтага шлюбу 3 мая 1620 года ў Гданьску нараджаецца Багуслаў, а праз якіх паўгода, ва ўзросце сарака аднаго года, памірае яго бацька – Януш Радзівіл. І ўладальнікам Капыля, як і Слуцка, становіцца Багуслаў Радзівіл. Ён набывае адукацыю ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), Парыжы. У 1638-1646 гадах быў на пасадзе харунжага Вялікага княства Літоўскага. У час свайго знаходжання ў Галандыі наняўся ў войска Генрыха Аранскага і прымаў удзел у аблозе крэпасці Ганд. А ў Францыі каралём Людвікам XIV быў прызначаны генеральным палкоўнікам польскай пяхоты і кавалерыі французскага войска. У 1648 годзе вярнуўся на радзіму, прымаў удзел у вайне з войскамі Багдана Хмяльніцкага, у прыватнасці, удзельнічаў у бітве пад Берасцечкам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай зноў на  полі бою  браў удзел у аблозе Магілёва. У часы “Швецкага патопу” – вайны Швецыі і Рэчы Паспалітай – падтрымліваў шведаў, паколькі па рэлігійных перакананнях быў пратэстантам і да таго ж выношваў ідэю незалежнасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшы. Натуральна, што апошняя акалічнасць у біяграфіі гэтай асобы, спрыяла адмоўнай характарыстыцы яе ў славутым рамане Генрыха Сянкевіча “Патоп”. У 1652 годзе Багуслаў Радзівіл дамогся ў караля Рэчы Паспалітай магдэбургскага права для сваіх гарадоў: Капыля і Слуцка (паўторна). Апошні ён забяспечыў новымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі – цытадэллю і крапаснымі сценамі з бастыёнамі і чатырмя брамамі: Астроўскай, Навамескай, Віленскай і Капыльскай. Апошняя была досыць унушальная,  мела памеры ў аснове 25,6 х 36,6 м і вышыню звыш 8 метраў. З 1657 года Б. Радзівіл – генеральны губернатар і камандуючы брандэнбургскай арміі ў Прускім герцагстве. У выніку шлюбу са сваёй стрыечнай пляменніцай Ганнай Марыяй, дачкой другога Януша Радзівіла, свайго дзядзькі, атрымаў у пасаг неабсяжныя ўладанні, раскіданыя на прасторах Літвы і Беларусі, уключаючы нават Бранск. У Слуцку Багуслаў Радзівіл сабраў архіў, бібліятэку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у тым ліку і славуты Радзівілаўскі, які ўтрымлівае 617 каляровых мініяцюр з жыцця Старажытнай Русі. Збіраў творы мастацтва, складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў, у тым ліку і выкананы каляровай тушшу чарцёж Клецка. Ганна Мірская – дачка стражніка Вялікага княства Літоўскага Рыгора Мірскага і Кацярыны Капушэўскай. Бацька Ганны – Рыгор Мірскі – прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду герба “Бялыня”, спраўны ваяр. Неаднойчы ваяваў з туркамі, двойчы трапляў да іх у палон, прымаў удзел у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600-1629 гг., войнах Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гг., 1632-1634 гг. і 1654-1657 гг. У 1635 г. прызначаны стражнікам Вялікага княства Літоўскага. У абавязак стражніка ўваходзіла пільнаваць і абараняць лагер войскаў ВКЛ у час паходу ад варожага нападу. Вось такія былі галоўныя дзеючыя асобы таго вяселля. Цікава, што падчас археалагічных раскопак, якія праводзіліся на замчышчы, у напластаваннях гэтага часу сустрэта шмат фрагментаў керамічнага і шклянога посуду, сярод якога трапляліся кубкі, чаркі, келіхі, у тым ліку і прывазныя – заходнееўрапейскай вытворчасці і дробныя грошы-манеты, якімі, пэўна, асыпалі маладых… А што калі сёння распрацаваць сцэнарый правядзення такога вяселля для маладых, якія ўступаюць у шлюб і праводзіць яго (зразумела, за пэўную плату) на Замкавай гары з удзелам гістарычных персанажаў: князя Багуслава Радзівіла, стражніка Вялікага княства Літоўскага Рыгора Мірскага, мемуарыста Яна Цадроўскага, Ганны Мірскай і Кацярыны Капышэўскай, паноў-баяраў, шляхты, мяшчан?! Тым больш, што ніхто з маладых ужо не наведвае Замкавую гару ў час свайго вяселля. Леанід Калядзінскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДПУ імя М. Танка

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей