Аварыйна-выратавальная служба Капыльскага цэха прыроднага і звадкаванага газу, у якой вадзіцелем працуе Віктар ЖУЧКО, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу.
“Нам даводзіцца рамантаваць катлы, газавыя пліты, — расказвае Віктар Вікенцьевіч, — ліквідаваць працечкі, праводзіць гэрметызацыю наземных і падземных газаправодаў і іншае. Звычайна ў брыгадзе (а іх у нас пяць) два чалавекі — разам са мною дзяжурыць слесар. Пры ўзнікненні больш складаных сітуацый з намі на выклік выязджае майстар”.
Віктар Жучко родам з вёскі Леткаўшчына Бабаўнянскага сельсавета. Скончыў Лясноўскую сярэднюю школу, паралельна ў школьным вучэбным камбінаце атрымаў пасведчанне трактарыста, што дало магчымасць пайсці працаваць па гэтай спецыяльнасці ў саўгас “Лясное”. Затым былі вадзіцельскія курсы і работа ў кінавідэапракаце, аўтакалоне ад “Слуцксельбуда”. Апошнія 16 гадоў Віктар Вікенцьевіч працуе ў гаргазе. І ўвесь гэты час, як кажуць, мае добрую рэпутацыю.
У сям’і Жучко двое дарослых дзяцей, якія ўжо даўно самастойныя. Радуюць і трое ўнукаў.
Маргарыта САКОВІЧ
Вадзіцель ААТ “Ціміразеўскі” Сяргей Турэйка ўжо двойчы станавіўся ўдзельнікам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. У 2012 годзе ў спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў ён стаў лепшым, летась — заняў другое месца.
На мінулай уборачнай сваім ГАЗ-53 Сяргей перавёз 1041 тону збажыны — і гэта быў адзін з лепшых рэзультатаў у Мінскай вобласці. Атрыманыя падарункі спатрэбіліся ў хатняй гаспадарцы, але больш за ўсё радуе Сяргея тое, што яго запаветная мара — зноў пабываць на рэспубліканскіх “Дажынках” — усё ж такі здзейснілася.
“Што дапамагло стаць адным з лепшых? — гэта пытанне, здаецца, застала Сяргея знянацку. — Магчыма, надвор’е. Ды і стараўся, каб перавезці больш. І праца арганізавана так, што прастояў не было”. Умення наладзіць вытворчы працэс кіраўніцтву і спецыялістам ААТ “Ціміразеўскі” не займаць, але ж і ад асобы аграрыяў залежыць многае. Узяць хаця б такі факт. Сяргею ўдалося дабіцца высокіх вынікаў працы на аўтамабілі ГАЗ-53, які ажно на чатыры гады старэйшы за яго самога. Для таго, каб машына не падвяла ў адказны момант, хлопец прыкладае ўсе намаганні. Штодня, пасля заканчэння працоўнай змены, ён уважліва аглядае сваю “памочніцу”.
Сяргей нарадзіўся і вырас на Капыльшчыне, у вёсцы Гулевічы, скончыў Капыльскі сельскагаспадарчы ліцэй, які цяпер ужо стаў каледжам. На працу ўладкаваўся ў СВК “Ціміразеўскі”, ажаніўся. Некалькі гадоў таму маладой сям’і выдзелілі ў Быстрыцы сучасны катэдж, так што клопатаў па яго абустройстве гаспадарам хапае.
Маргарыта САКОВІЧ
Настаўнік… Менавіта ён вучыць чытаць і пісаць першыя літары, рашаць задачкі. Настаўнік жа вучыць і працаваць. Ганна Уладзіміраўна Федаровіч выкладае працоўнае навучанне ў Цімкавіцкай СШ. І для яе навучыць працаваць — гэта значыць навучыць ствараць прыгажосць.
У прафесію настаўніка Ганна Уладзіміраўна прыйшла пасля заканчэння Мінскага тэхналагічнага тэхнікума ў 1986 годзе. Вось ужо на працягу 28 год яна вучыць дзяўчынак (і вучыцца разам з імі) гатаваць ежу, шыць і вязаць. Пачынаючы з 2006 года вучаніцы Ганны Уладзіміраўны займаюць толькі першыя месцы ў раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, прымаюць удзел у абласным і рэспубліканскім этапах. У гэтыя зімовыя дні настаўніца разам з вучаніцай 8 класа Марынай Нікалаеняй старанна рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды: стварае творчы праект, вывучае складаныя тэарэтычныя пытанні. Як сучасны педагог, Ганна Уладзіміраўна выкарыстоўвае і інфармацыйныя тэхналогіі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Цеста – гэта не жалеза, яно нібы жывы арганізм. Машыніст цестамясільных машын прыватнага прадпрыемства “Саліта-Біс” Дзмітрый Горбаль – майстар, які адчувае гэта на самай справе, з цестам ён, можна сказаць, на “ты”. Менавіта ў выпечцы добра вядомага “салітаўскага” пячэння ён і знайшоў сябе.
На працягу амаль трох гадоў малады чалавек звязаны з гэтай “салодкай” справай. Пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Капыльскім сельгасліцэі некаторы час працаваў у МАУП “Доктаравічы”, адслужыў у арміі, ажаніўся і пераехаў у Капыль, дзе і ўладкаваўся на “Саліту”. Як адзначае сам Дзмітрый, у яго абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка цеста з захаваннем усіх тэхналогій, рэгуліроўка апарата для выхаду цеста, кантроль выхаду прадукцыі. А выпускаць больш за ўсё падабаецца разнастайныя пернікі, пячэнне “Дамашняе” і многае іншае.
– Дзмітрый – добрасумленны і старанны спецыяліст, – характарызуе хлопца начальнік цэха Ларыса Чалевіч. – Ён імкнецца даведацца нешта новае, прымяніць гэта на практыцы. І нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо з’яўляецца настаўнікам для пачынаючых калег.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Ужо на працягу дваццаці аднаго года аказвае разнастайныя рознічныя банкаўскія паслугі жыхарам аграгарадка Быстрыца спецыяліст аддзялення №609/64 ААТ “ААБ Беларусбанк” Ганна Васілеўская.
Гэта абаяльная і ветлівая жанчына працуе тут адразу пасля заканчэння Навапольскага сельгастэхнікума. Зараз жа атрымлівае адукацыю па банкаўскім профілі ў Нава- грудскім гандлёва-эканамічным каледжы.
На дадзены момант на абслугоўванні ў аддзяленні знаходзяцца 3123 рахункі на суму каля 2 млрд 200 млн рублёў. Ганна Уладзіміраўна заўсёды імкнецца выконваць план. Напрыклад, на 1 лютага па ўкладах у беларускіх рублях ён выкананы на 101,7%, у доларах ЗША – на 102,5%, у еўра – на 107,7%, а па паслугах страхавання аўтамабіляў – на 138,5%.
Спецыяліст даступна і своечасова дае кансультацыі па ўсіх пытаннях кліентаў, выконвае шматлікія банкаўскія аперацыі як па наяўным, так і па безнаяўным разліку, акрамя таго, прымае камунальныя плацяжы, аплату за электраэнергію, газ, мабільную сувязь і аказвае іншыя паслугі.
Сяргей Козел
Фота Паўла ШЭІНА