Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

info

info

Герой спорту

28.10.2024
Капыляне ганарацца сваімі слыннымі дочкамі і сынамі. Наш знакаміты зямляк Рэнальд Іванавіч Кныш – гонар айчыннага спорту і, як не дзіўна, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам амерыканскага горада Чыкага, ды і нашага беларускага Гродна. З’яўляецца настаўнікам алімпійскіх чэмпіёнаў Вольгі Корбут і Алены Валчэцкай. Акрамя гэтага, Рэнальд Іванавіч піша вершы і вершаваныя раманы, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Менавіта сёлета, у верасні, герой спорту і таленавіты літаратар адзначыў сваё 80-годдзе. Нарадзіўся Рэн у Капылі на цяперашняй вуліцы Трактарнай, зараз на гэтым месцы стаіць будынак рэдакцыі “Слава працы”. Дарэчы, яго родная цётка Алена Ціханаўна Кандыбовіч (Шкірыч) стаяла ля вытокаў нараджэння нашай райгазеты, і таму стваральнік спартыўных зорак і для нас, газетчыкаў, у чымсьці блізкі і родны. Яго тата Іван Пятровіч і маці Любоў Ціханаўна працавалі ў райцэнтры настаўнікамі. Неўзабаве старэйшаму Кнышу прапанавалі ўзначаліць школу ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна, і сям’я апынулася на новым месцы. Хутка пачалася жудасная вайна, і бацька пайшоў абараняць Радзіму. Рэнальд тады закончыў другі клас, а сястра Зарэма – чацвёрты. Неяк Кнышам удалося вырвацца з варожага пекла, і яны трапілі на Арэнбургшчыну. Але мясцовае насельніцтва – казакі – бежанцаў не любілі. Цяжка жылося Кнышам, часта галадалі. Маці днём настаўнічала, а ноччу круціла малацілку на таку і зарабляла 9 кілаграмаў збожжа за месяц. На такім харчы цяжка было выжыць. — Мне было тады 12 гадоў, і каб нам не памерці з голаду, я выходзіў раненька ў стэп і ставіў лоўчыя петлі на суслікаў, чакаў, калі звяркі павылазяць з норак. А тым часам у галаве нараджаліся вершаваныя радкі. Адзін вершык быў нават апублікаваны ў “Пионерской правде”, — расказваў Рэнальд Іванавіч. Сапраўды, ён адораны літаратурным талентам. Вершыкі, як птушкі, вылятаюць з яго галавы, ды і мастацкія здольнасці не адняць, умела валодае пэндзлем. Як лічыць мой герой, ён мог стаць выдатным паэтам, аднак прысвяціў сябе спорту. Дзякуючы яму, пабываў у розных краінах свету. Пазнаёміўся з прэзідэнтам ЗША Ніксанам і атрымаў ад яго падарункі. Яму ціснуў руку нават  прэм’ер-міністр Велікабрытаніі Хіт. Шлях у спорт пачаўся пасля школы ад нялёгкіх абставін. Бацька, ветэран вайны, хоць і працаваў загадчыкам гарана, а маці выкладчыцай педінстытута – жылося бедна, і  Рэнальд вырашыў часова заняцца трэнерскай работай, а таму закінуў пакуль паэзію і можна сказаць надоўга. Што дзіўна, наш зямляк стаў першым беларускім трэнерам па спартыўнай гімнастыцы! З прыходам Кныша ў Гродзенскі спартыўны клуб спартыўная работа ўзнялася на высокі ўзровень. Ён выпрацаваў свой стыль у гімнастыцы і да кожнага спартсмена прымяняў творчы індывідуальны падыход. Праз паўтара года Гродзенская вобласць з апошняга месца вырвалася на першае. Гродзенскія дзяўчынкі з гімнастычнымі задаткамі марылі трапіць да Кныша. Ён ніколі не пакрыкваў на сваіх выхаванцаў, але патрабаваў немагчымага. Таму невыпадкова яго вучаніцы Тамара Аляксеева і Алена Валчэцкая паспяхова выступаюць на першынстве  былога Саюза. Затым Валчэцкая стане алімпійскай чэмпіёнкай і пяціразовай – СССР, а вось Аляксеева з-за траўмы  выбыла з гімнастыкі і стала пазней выдатным трэнерам. Тамара Аляксеева ў адным з інтэрв’ю з цеплынёй паведамляла пра свайго настаўніка: — У Рэнальда Іванавіча ўсе былі закаханы, бо ён заўсёды быў падцягнуты, стройны і добразычлівы. Пасля  траўмы я стала трэнерам, і мы працавалі разам. Такіх, як ён, у нас на Беларусі адзінкі. Ён літаральна зрабіў рэвалюцыю ў гімнастыцы... У крытычны момант з’явілася Вольга Корбут, якую Кныш крок за крокам набліжаў да спартыўных вышынь. Пазней яна  скажа, што дзякуючы нашаму трэнеру-земляку яна стала самай лепшай гімнасткай свету і атрымала чатыры залатыя і два сярэбраныя алімпійскія медалі. Кныш ведаў, як навучыць будучых алімпійскіх зорак, бо ён умеў правільна працаваць з імі. Пра Кныша створаны два дакументальныя фільмы. Першы ў 1993 годзе зняў рэжысёр Уладзімір Ісат. Ён адзін з першых расказаў пра нашага земляка, пра яго няпросты і  загадкавы лёс. Сцэнарый напісала Галіна Злабенка. І вось хутка выйдзе на экран фільм “Цярновыя вянкі” Сяргея Лук’янчыкава. Цікава, што яго напрацоўкі па тэорыі і методыцы выхавання будучых чэмпіёнаў  папулярныя ў свеце. Рэнальд Іванавіч цяпер поўны сіл і задору. З-пад яго пяра выйшаў аўтабіяграфічны раман, выпушчана некалькі іншых кніжак, а ў планах іх будзе яшчэ болей. Дарэчы, шмат сваіх твораў ён перадаў у цэнтральную раённую бібліятэку. Жадаем юбіляру, каб мары яго збываліся. Іван ІГНАТЧЫК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»  

Яго сады — яго багацце

28.10.2024
Капыльшчына сапраўды багатая на таленты. Яна нарадзіла і лірыкаў, і фізікаў, і знакамі - тых ваеннаслужачых, і нават сваіх мічурынаў. Да іх з поўным правам можна аднесці Генадзя Пятровіча Рылова – доктара сельскагаспадарчых навук, які прысвяціў сваю дзейнасць садаводству. Сёлета адзначаецца яго 75-годдзе. Нарадзіўся будучы вучоны ў вёсцы Куцаўшчына Вялікараёўскага сельсавета ў Пятра і Адэлі Рыловых. Калі пачалася вайна, яму было ўсяго 5 гадоў. Фашысты забілі яго бацьку, а маці з дзецьмі ледзь уцалела. Цяжка жылося пры акупантах, і каб выжыць, у 7 гадоў Гена стане пастушком і будзе зарабляць на хлеб. Старэйшыя пастухі навучылі яго чытаць і пісаць, і таму пайшоў адразу ў пяты клас Вялікараёўскай школы. А праз два гады хлапчук паступіць у Мар’інагорскі сельгастэхнікум. Ён паспяхова вучыцца. На практычных занятках студэнт не вылазіць з саду – робіць прышчэпкі дрэў і марыць вывесці смачныя гатункі яблык і груш. У 19 гадоў юнак напіша навуковую працу “Аб гатунках народнай селекцыі”. Пасля атрымання дыплома яго забяруць у Цэнтральны батанічны сад АН БССР. Пад кіраўніцтвам прафесара Іпацьева наш зямляк абследуе ўсе сады Беларусі, пабывае і на роднай Капыльшчыне, даведаецца пра тысячы пладова-ягадных дрэў. Без далейшай вучэбнай падрыхтоўкі, ён лічыць, немагчыма асвоіць селекцыю пладовых дрэў, і таму ў 25 гадоў паступае ў Ціміразеўскую акадэмію. Яго рукамі быў закладзены першы ў Саюзе памалагічны сад у вёсцы Руткевічы Шчучынскага раёна, у якім налічвалася 5000 яблынь, груш і 700 костачкавых дрэў. Ён вырошчвае высокаўраджайныя саджанцы, і таму невыпадкова малады вучоны дорыць роднаму калгасу “Памяць Леніна” аж тысячу саджанцаў, і калі даводзілася там бываць, прыемна было бачыць сакавітыя плады вялікараёўскіх садоў. Перадаў ён шмат саджанцаў і шчучынцам. — У Руткевічах памалагічны сад унікальны. Ён — наша нацыянальнае багацце, — узгадвала ў рэспубліканскім друку навуковец Ісаева. Набыты на доследнай станцыі вопыт Рылова паспяхова прымяніўся ў Шчучынскім ПТВ-198. Ён перадаваў навучэнцам плодаагародніннай групы свае веды па вырошчванні садовых дрэў, не забываў напомніць будучым садаводам, што на Шчучыншчыне нарадзіўся вучоны-садавод Тадэвуш Іваноўскі, а таксама батанік Станіслаў Юндзіл. Як вядома, і сам Рылоў працягваў добрую справу сваіх папярэднікаў. Нездарма расійскія вучоныя лічылі Рылова буйным спецыялістам па садаводстве ў краінах СНД. На жаль, нястомнага працаўніка, вучонага-садавода не разумелі навукоўцы з-за яго патрабавальнасці, як кажуць, мічурынскай хваткі. Ды і ад бацькі Пятра Цімафеевіча, калгаснага садавода, перадаўся няўрымслівы характар, цяга да новых адкрыццяў. Нават цеплалюбівы лаўр прыцягнуў яго ўвагу, і ён яго 20 гадоў вырошчваў на падаконніку, а ў прыродзе гэтае дрэва дасягае 18 метраў вышыні. У хатняй бібліятэцы вучонага налічвалася 25 тысяч кніг па сельскай гаспадарцы і нават выпуску 300-гадовай даўнасці. Яму яны былі патрэбны для працы. Рылоў не толькі ўдасканальваў селекцыі яблынь, але і любіў запісваць  народныя прымаўкі пра гэта дрэва. Ён вывучыў каля 1200 гатункаў яблынь і з дакладамі выступаў на розных сімпозіумах. Напісаў больш за 400 навуковых прац і апублікаваў 22 кнігі. Амаль усе яны ёсць у бібліятэчным фондзе Капыльшчыны. З цікавасцю я браў у рукі кнігі капыльскага вучонага пры наведванні цэнтральнай раённай бібліятэкі… Генадзь Пятровіч пакінуў пасля сябе добры след – дрэвы прыносяць плады, а гэта лепшая памяць для вучонага-садавода. Іван ІГНАТЧЫК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»  

Дождж кросу не памеха

28.10.2024
У мінулую суботу, 8 кастрычніка, адбыліся спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе ў праграме раённай спартакіяды сельскіх жыхароў, калектываў фізічнай культуры (КФК) прадпрыемстваў і арганізацый горада. Нягледзячы на праліўны дождж, аматары спорту з дзевяці сельскіх і чатырох гарадскіх каманд выйшлі-такі на старт. Жанчынам неабходна было пераадолець адзін, а мужчынам – два кіламетры дыстанцыі. Хутчэй за ўсіх 1000 метраў прабегла Святлана Палітыкіна (ААТ “Мажа-Агра”). Другой была Аляксандра Квач (ААТ “Скабін”), трэцяй на фінішы стала Святлана Сухаверхая (ААТ “Суворава-Агра”). У заліку сярод гарадскіх удзельніц першае месца прысуджана Наталлі Новікавай (філіял “Капыльскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”), другое – Юліі Матузко (ААТ “Капыльскі МСЗ”) і трэцяе – Вікторыі Рудой (КУП “Капыльская ЖКГ”). Выдатны вынік на два кіламетры паказаў абсалютны пераможца дня Максім Чухлей (ААТ “Мажа-Агра”), які патраціў 6 мінут і 53 секунды на пераадоленне дыстанцыі. Чатыры секунды саступіў лідару Віталь Жаўрыд (МАУП “Доктаравічы”), а Дзмітрый Грыгор’еў (ААТ “Суворава-Агра”) з вынікам 7 хвілін стаў трэцім. У гараджан перамогу святкаваў Дзмітрый Гурбан (Капыльскі РАНС), другое месца дасталося Сяргею Пікту (філіял “Капыльскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”), трэцяе – Васілю Кляўчэню (Капыльскі РАНС). У агульнакамандным заліку сярод сельскіх каманд  месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у ААТ “Мажа-Агра”, другое - у МАУП “Доктаравічы”, трэцяе - у ААТ “Суворава-Агра”. Філіял “Капыльскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд” стаў лідарам сярод гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, другі радок выніковай табліцы застаўся за Капыльскім РАНС, а трэці - за ААТ “Капыльскі МСЗ”. Прамежкавымі лідарамі ў спартакіядзе пасля чатырох відаў праграмы ідуць: у сельскіх жыхароў – ААТ “Прагрэс-2010” (49), ААТ “Мажа-Агра”, СГФ “Грозава”, МАУП “Доктаравічы” (па 47 ачкоў); у гарадскіх КФК – КУП “Капыльская ЖКГ” (62), ААТ “Капыльскі МСЗ” (50), УАЗ “Капыльская ЦРБ”, Капыльскі РАНС (па 44 ачкі). Наперадзе ў праграме спаборніцтваў яшчэ пяць відаў. Наступны, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, адбудзецца ў суботу, 22 кастрычніка. Сяргей ЛАЗОЎСКІ НА ЗДЫМКАХ: 1. Старт на 1000 метраў; 2. На дыстанцыі – сельскія аматары спорту; 3.  Пераможцы кросу – каманды ААТ “Мажа-Агра” (злева) і філіяла “Капыльскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”. Фота аўтара  

В Копыле состоятся соревнования по фигурному управлению легковым автомобилем

28.10.2024
Паважаныя аматары аўтамабільнага спорту! Запрашаем вас прыняць удзел у спаборніцтвах па фігурным кіраванні легкавым аўтамабілем, якія адбудуцца 30 кастрычніка 2011 г. на плошчы імя У. І. Леніна ў г. Капылі. Пераможцаў чакаюць дыпломы, прызы, а таксама вадзіцельскія пасведчанні катэгорыі «В» пры наяўнасці катэгорыі «С», «Д», «Е», пасведчання трактарыста. Да ўдзелу ў спаборніцтвах дапускаюцца усе жадаючыя з вадзіцельскімі пасведчаннямі «В», «С», «Д», «Е». Удзельнікі выконваюць наступныя фігуры: Габарытны дворык, змейку, дыяганальную паркоўку, бокс, калейную дошку... Рэгістрацыя адбудзецца з 10.00 да 10.40 у дзень спаборніцтваў. Пачатак у 11 гадзін. Даведкі па тэлефонах: 54-3-35, 54-4-64, 55-4-44. Пры сабе мець пашпарт, медыцынскую даведку, вадзіцельскае пасведчанне.  

Аб’ядноўвае “Аднавясковец”

28.10.2024
Ужо не першы год у вёсцы Бучаціна пад кіраўніцтвам бібліятэкара сельскай бібліятэкі Валянціны Драбені  працуе клуб “Аднавясковец”. Ён аб’ядноўвае людзей сталага ўзросту, але маладых душою. Пенсіянеры, адзінокія, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – усе гэтыя людзі збіраюцца разам, каб успомніць маладыя гады (хаця яны былі нялёгкімі), паспяваць, патанцаваць і проста  пагутарыць, адпачыць душой. Члены клуба збіраюцца кожны месяц, прысвячаючы сваё пасяджэнне пэўнай падзеі: “Калядная вечарына”, святкаванне Дня Перамогі, Дня пажылых людзей, сустрэча з народнымі ўмельцамі і іншыя святы. Частымі ўдзельнікамі сустрэч з’яўляюцца вучні  Бучацінскай сярэдняй школы. Вось і 1 кастрычніка  кветкі, падарункі,  найлепшыя  пажаданні  моцнага  здароўя і дабрабыту аднавяскоўцам дасылалі  вучні разам з педагогам-арганізатарам і бібліятэкарам сельскай бібліятэкі. 14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаўся  Дзень  маці, і аднавяскоўцы  сабраліся  разам,  каб  адсвяткаваць  гэту дату. Валянціна БАНЬ, педагог-арганізатар  Бучацінскай  сярэдняй  школы  
Страница 793 из 1058