Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

25

Герой спорту

18.10.2011
Капыляне ганарацца сваімі слыннымі дочкамі і сынамі. Наш знакаміты зямляк Рэнальд Іванавіч Кныш – гонар айчыннага спорту і, як не дзіўна, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам амерыканскага горада Чыкага, ды і нашага беларускага Гродна. З’яўляецца настаўнікам алімпійскіх чэмпіёнаў Вольгі Корбут і Алены Валчэцкай. Акрамя гэтага, Рэнальд Іванавіч піша вершы і вершаваныя раманы, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Менавіта сёлета, у верасні, герой спорту і таленавіты літаратар адзначыў сваё 80-годдзе. Нарадзіўся Рэн у Капылі на цяперашняй вуліцы Трактарнай, зараз на гэтым месцы стаіць будынак рэдакцыі “Слава працы”. Дарэчы, яго родная цётка Алена Ціханаўна Кандыбовіч (Шкірыч) стаяла ля вытокаў нараджэння нашай райгазеты, і таму стваральнік спартыўных зорак і для нас, газетчыкаў, у чымсьці блізкі і родны. Яго тата Іван Пятровіч і маці Любоў Ціханаўна працавалі ў райцэнтры настаўнікамі. Неўзабаве старэйшаму Кнышу прапанавалі ўзначаліць школу ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна, і сям’я апынулася на новым месцы. Хутка пачалася жудасная вайна, і бацька пайшоў абараняць Радзіму. Рэнальд тады закончыў другі клас, а сястра Зарэма – чацвёрты. Неяк Кнышам удалося вырвацца з варожага пекла, і яны трапілі на Арэнбургшчыну. Але мясцовае насельніцтва – казакі – бежанцаў не любілі. Цяжка жылося Кнышам, часта галадалі. Маці днём настаўнічала, а ноччу круціла малацілку на таку і зарабляла 9 кілаграмаў збожжа за месяц. На такім харчы цяжка было выжыць. — Мне было тады 12 гадоў, і каб нам не памерці з голаду, я выходзіў раненька ў стэп і ставіў лоўчыя петлі на суслікаў, чакаў, калі звяркі павылазяць з норак. А тым часам у галаве нараджаліся вершаваныя радкі. Адзін вершык быў нават апублікаваны ў “Пионерской правде”, — расказваў Рэнальд Іванавіч. Сапраўды, ён адораны літаратурным талентам. Вершыкі, як птушкі, вылятаюць з яго галавы, ды і мастацкія здольнасці не адняць, умела валодае пэндзлем. Як лічыць мой герой, ён мог стаць выдатным паэтам, аднак прысвяціў сябе спорту. Дзякуючы яму, пабываў у розных краінах свету. Пазнаёміўся з прэзідэнтам ЗША Ніксанам і атрымаў ад яго падарункі. Яму ціснуў руку нават  прэм’ер-міністр Велікабрытаніі Хіт. Шлях у спорт пачаўся пасля школы ад нялёгкіх абставін. Бацька, ветэран вайны, хоць і працаваў загадчыкам гарана, а маці выкладчыцай педінстытута – жылося бедна, і  Рэнальд вырашыў часова заняцца трэнерскай работай, а таму закінуў пакуль паэзію і можна сказаць надоўга. Што дзіўна, наш зямляк стаў першым беларускім трэнерам па спартыўнай гімнастыцы! З прыходам Кныша ў Гродзенскі спартыўны клуб спартыўная работа ўзнялася на высокі ўзровень. Ён выпрацаваў свой стыль у гімнастыцы і да кожнага спартсмена прымяняў творчы індывідуальны падыход. Праз паўтара года Гродзенская вобласць з апошняга месца вырвалася на першае. Гродзенскія дзяўчынкі з гімнастычнымі задаткамі марылі трапіць да Кныша. Ён ніколі не пакрыкваў на сваіх выхаванцаў, але патрабаваў немагчымага. Таму невыпадкова яго вучаніцы Тамара Аляксеева і Алена Валчэцкая паспяхова выступаюць на першынстве  былога Саюза. Затым Валчэцкая стане алімпійскай чэмпіёнкай і пяціразовай – СССР, а вось Аляксеева з-за траўмы  выбыла з гімнастыкі і стала пазней выдатным трэнерам. Тамара Аляксеева ў адным з інтэрв’ю з цеплынёй паведамляла пра свайго настаўніка: — У Рэнальда Іванавіча ўсе былі закаханы, бо ён заўсёды быў падцягнуты, стройны і добразычлівы. Пасля  траўмы я стала трэнерам, і мы працавалі разам. Такіх, як ён, у нас на Беларусі адзінкі. Ён літаральна зрабіў рэвалюцыю ў гімнастыцы... У крытычны момант з’явілася Вольга Корбут, якую Кныш крок за крокам набліжаў да спартыўных вышынь. Пазней яна  скажа, што дзякуючы нашаму трэнеру-земляку яна стала самай лепшай гімнасткай свету і атрымала чатыры залатыя і два сярэбраныя алімпійскія медалі. Кныш ведаў, як навучыць будучых алімпійскіх зорак, бо ён умеў правільна працаваць з імі. Пра Кныша створаны два дакументальныя фільмы. Першы ў 1993 годзе зняў рэжысёр Уладзімір Ісат. Ён адзін з першых расказаў пра нашага земляка, пра яго няпросты і  загадкавы лёс. Сцэнарый напісала Галіна Злабенка. І вось хутка выйдзе на экран фільм “Цярновыя вянкі” Сяргея Лук’янчыкава. Цікава, што яго напрацоўкі па тэорыі і методыцы выхавання будучых чэмпіёнаў  папулярныя ў свеце. Рэнальд Іванавіч цяпер поўны сіл і задору. З-пад яго пяра выйшаў аўтабіяграфічны раман, выпушчана некалькі іншых кніжак, а ў планах іх будзе яшчэ болей. Дарэчы, шмат сваіх твораў ён перадаў у цэнтральную раённую бібліятэку. Жадаем юбіляру, каб мары яго збываліся. Іван ІГНАТЧЫК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей