Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

18

Яго сады — яго багацце

18.10.2011
Капыльшчына сапраўды багатая на таленты. Яна нарадзіла і лірыкаў, і фізікаў, і знакамі - тых ваеннаслужачых, і нават сваіх мічурынаў. Да іх з поўным правам можна аднесці Генадзя Пятровіча Рылова – доктара сельскагаспадарчых навук, які прысвяціў сваю дзейнасць садаводству. Сёлета адзначаецца яго 75-годдзе. Нарадзіўся будучы вучоны ў вёсцы Куцаўшчына Вялікараёўскага сельсавета ў Пятра і Адэлі Рыловых. Калі пачалася вайна, яму было ўсяго 5 гадоў. Фашысты забілі яго бацьку, а маці з дзецьмі ледзь уцалела. Цяжка жылося пры акупантах, і каб выжыць, у 7 гадоў Гена стане пастушком і будзе зарабляць на хлеб. Старэйшыя пастухі навучылі яго чытаць і пісаць, і таму пайшоў адразу ў пяты клас Вялікараёўскай школы. А праз два гады хлапчук паступіць у Мар’інагорскі сельгастэхнікум. Ён паспяхова вучыцца. На практычных занятках студэнт не вылазіць з саду – робіць прышчэпкі дрэў і марыць вывесці смачныя гатункі яблык і груш. У 19 гадоў юнак напіша навуковую працу “Аб гатунках народнай селекцыі”. Пасля атрымання дыплома яго забяруць у Цэнтральны батанічны сад АН БССР. Пад кіраўніцтвам прафесара Іпацьева наш зямляк абследуе ўсе сады Беларусі, пабывае і на роднай Капыльшчыне, даведаецца пра тысячы пладова-ягадных дрэў. Без далейшай вучэбнай падрыхтоўкі, ён лічыць, немагчыма асвоіць селекцыю пладовых дрэў, і таму ў 25 гадоў паступае ў Ціміразеўскую акадэмію. Яго рукамі быў закладзены першы ў Саюзе памалагічны сад у вёсцы Руткевічы Шчучынскага раёна, у якім налічвалася 5000 яблынь, груш і 700 костачкавых дрэў. Ён вырошчвае высокаўраджайныя саджанцы, і таму невыпадкова малады вучоны дорыць роднаму калгасу “Памяць Леніна” аж тысячу саджанцаў, і калі даводзілася там бываць, прыемна было бачыць сакавітыя плады вялікараёўскіх садоў. Перадаў ён шмат саджанцаў і шчучынцам. — У Руткевічах памалагічны сад унікальны. Ён — наша нацыянальнае багацце, — узгадвала ў рэспубліканскім друку навуковец Ісаева. Набыты на доследнай станцыі вопыт Рылова паспяхова прымяніўся ў Шчучынскім ПТВ-198. Ён перадаваў навучэнцам плодаагародніннай групы свае веды па вырошчванні садовых дрэў, не забываў напомніць будучым садаводам, што на Шчучыншчыне нарадзіўся вучоны-садавод Тадэвуш Іваноўскі, а таксама батанік Станіслаў Юндзіл. Як вядома, і сам Рылоў працягваў добрую справу сваіх папярэднікаў. Нездарма расійскія вучоныя лічылі Рылова буйным спецыялістам па садаводстве ў краінах СНД. На жаль, нястомнага працаўніка, вучонага-садавода не разумелі навукоўцы з-за яго патрабавальнасці, як кажуць, мічурынскай хваткі. Ды і ад бацькі Пятра Цімафеевіча, калгаснага садавода, перадаўся няўрымслівы характар, цяга да новых адкрыццяў. Нават цеплалюбівы лаўр прыцягнуў яго ўвагу, і ён яго 20 гадоў вырошчваў на падаконніку, а ў прыродзе гэтае дрэва дасягае 18 метраў вышыні. У хатняй бібліятэцы вучонага налічвалася 25 тысяч кніг па сельскай гаспадарцы і нават выпуску 300-гадовай даўнасці. Яму яны былі патрэбны для працы. Рылоў не толькі ўдасканальваў селекцыі яблынь, але і любіў запісваць  народныя прымаўкі пра гэта дрэва. Ён вывучыў каля 1200 гатункаў яблынь і з дакладамі выступаў на розных сімпозіумах. Напісаў больш за 400 навуковых прац і апублікаваў 22 кнігі. Амаль усе яны ёсць у бібліятэчным фондзе Капыльшчыны. З цікавасцю я браў у рукі кнігі капыльскага вучонага пры наведванні цэнтральнай раённай бібліятэкі… Генадзь Пятровіч пакінуў пасля сябе добры след – дрэвы прыносяць плады, а гэта лепшая памяць для вучонага-садавода. Іван ІГНАТЧЫК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей