Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

info

info

Як святкавалі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі на Капыльшчыне

14.05.2025
Прыгожа выглядае святочны Капыль. Фасады адміністрацыйных і жылых дамоў упрыгожаны лозунгамі, транспарантамі, партрэтамі заснавальніка першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы вялікага Леніна, кіраўнікоў партыі і ўрада і тых, хто праклаў першыя трасы ў зоркавых вышынях, праславіў нашу краіну вялікімі перамогамі ў асваенні космасу. Вецер калыша чырвоныя сцягі, палотнішчы з палымянымі заклікамі роднай Камуністычнай партыі. На фасадзе раённага Дома культуры раз-пораз затухаюць і запальваюцца словы з электралямпачак: “Слава Вялікаму Кастрычніку!” Сцягі, сцягі, сцягі. “СП”, 1965 год * * * * * …Пад гукі марша пачалося святочнае шэсце. Святочную дэманстрацыю адкрывае калона рабочых масласырзавода. І гэта невыпадкова. У перадз’ездаўскім сацыялістычным спаборніцтве калектыў масласырзавода заняў першае месца. Масласырзавод яшчэ 15 кастрычніка рапартаваў аб выкананні пяцігадовага плана. Да канца года рабочыя абавязаліся выпрацаваць і рэалізаваць прадукцыі звыш плана пяцігодкі на 1 мільён рублёў. “СП”, 1970 год * * * * * У дзень усенароднага свята Вялікага Кастрычніка мы ад усёй душы выказалі словы павагі кіраўніку калектыву камуністу В. І. Выскварку. Па яго ініцыятыве ў калектыве створана камсамольска-маладзёжная група, у якую ўваходзяць камсамолкі Ганна Комар, Ірына Ганчар і я. Усе мы — выпускнікі прафесійных вучылішч. Але адкрыў прыгажосць нашай прафесіі і прывіў любоў да яе Васіль Іванавіч. 68-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка мы сустрэлі датэрміновым выкананнем задання адзінаццатай пяцігодкі. В. Сінькевіч, швачка Дзярэчынскага КПП “СП”, 1985 год * * * * * Роўна ў адзінаццаць гадзін старшыня гарадскога Савета народных дэпутатаў Б. К. Багдановіч адкрыў урачысты мітынг, прысвечаны 73-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У наступіўшай цішыні гучаць ве- лічныя мелодыі гімнаў. Затым слова ўзяла сакратар райкома партыі А. М. Скрыган. Алена Мікалаеўна прааналізавала палітычную абстаноўку, у якой даводзіцца адзначаць свята Вялікага Кастрычніка, расказала, з якімі вытворчымі здабыткамі сустракаюць яго працоўныя Капыльшчыны. А яны, мяркуючы па паказчыках, нядрэнныя. “СП”, 1990 год * * * * * 4 лістапада 1995 года ў раённым Цэнтры культуры адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі. У праграме: даклад і канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці. “СП”, 1995 год Падборку з архіва газеты “Слава працы” зрабіла Маргарыта САКОВІЧ На Кастрычніцкую дэманстрацыю накіроўваецца калектыў раённай бальніцы. Фота з архіва ЦРБ    

Наша ўстанова адукацыі — гэта…

14.05.2025
Кожны дзень гімназія напаўняецца галасамі больш за 300 гімназістаў і звыш 40 настаўнікаў аддаюць ім свае веды. Тое, што гімназія многія гады ў ліку перадавых, вядома, іх заслуга. Школьны свет будуецца на прынцыпах дабрыні, павагі, любові, даверу і разумення. Гадаваць чалавека цяжка, але і расці не проста. Мудрыя настаўнікі імкнуцца выхаваць інтэлігентных людзей, лічачы гэта абавязкам настаўніка. У гэтыя перадсвяточныя дні з прапановай выказаць свае меркаванні на тэму: “Наша ўстанова адукацыі – гэта…” мы звярнуліся да педагогаў і навучэнцаў гімназіі: І. І. АБАС, дырэктар гімназіі: “Гімназія –  гэта адукацыйная ўстанова новага тыпу, якая стварае ўсім навучэнцам спрыяльныя ўмовы для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцяў, рэалізацыі асабістага патэнцыялу”. Я. ЛЯХ, вучаніца 11 “Б” класа: “Гэта свет ведаў і творчасці, дзе кожны вучань раскрывае свае здольнасці і ўменні. Для мяне мая гімназія – лепшая ў свеце, гэта мой другі дом, мне ў ім вельмі добра! Тут працуюць цудоўныя настаўнікі і ўважліва адносяцца да вучняў”. Л. І. РУСАКОВІЧ, прадстаўнік бацькоўскага камітэту: “Гэта, перш за ўсё, гарант якаснай адукацыі. Тут утульна і камфортна, пануе цёплая сяброўская атмасфера. Для мяне і для майго дзіцяці вельмі важна, што настаўнікі клапоцяцца не толькі аб высокім узроўні ведаў і выхаванасці вучняў, а і пра іх здароўе”. М. Б. ВОЙТАВА, настаўнік англійскай мовы: “Для мяне гэта – увасабленне мары. Працаваць цяжка, але цікава. Гэта маё жыццё, маё шчасце, поспех, удача, гэта радасць стасункаў з дзецьмі і калегамі”. Ігар РУСАКОВІЧ, вучань гімназіі №1 г. Капыля  

Прафесіянал з вялікай літары

14.05.2025
Так можна сказаць пра маю любімую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 Клару Іларыёнаўну Сідзельнікаву. Яна любіла дзяцей, да ўсіх ставілася аднолькава паважліва і справядліва, навучаючы ўсіх, імкнулася навучыць кожнага. Яе ўрокі — гэта бясконцы пошук, эксперымент, «паездка» ў невядомае. Мову майго майстра, працяжную, сакавітую, спеўную, ніколі не забуду. [caption id="attachment_14172" align="aligncenter" width="443" caption="К. І. Сідзельнікава з вучнямі"][/caption] Настаўнік ад Бога! Святло душы — яе адмеціна. Любоў да працы — скарб яе. Працаваць з верай у чалавека і чалавечнасць — галоўны прынцып яе працы. Пра сваю прафесію яна гаворыць: «Сёння настаўнік — гэта працаўнік «у квадраце» або нават «у кубе». Настаўнік нясе адказнасць за сваіх вучняў, нават калі тыя ўжо сталі выпускнікамі школы і студэнтамі ВНУ. Вырасла новае пакаленне вучняў. Але тыя, каго вучыла Клара Іларыёнаўна дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў таму, помняць яе, ды і яна помніць іх. Яна часты госць нашай гімназіі. Ніколі на абміне кабінет роднай мовы, пацікавіцца навінамі, дасць слушную параду. Дзякуй, што Вы на свеце ёсць, мая любімая настаўніца! Вы далі мне пуцёўку ў жыццё, і я не памылілася ў выбары прафесіі. Людміла ЛАЗОЎСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 г. Капыля  

Мае калегі з мінулага

14.05.2025
Гэтую старонку школьнага летапісу я заўсёды разглядаю з асаблівым хваляваннем і цікавасцю. На ёй – фотаздымкі педагогаў, якія працавалі ў школе ў 50-70-я гады мінулага стагоддзя. Інтэлігентныя, строгія твары, узнёслыя і адначасова надзвычай адкрытыя і праўдзівыя. Усе яны прайшлі выпрабаванні ваенным ліхалеццем, многія змагаліся на франтах ці ў партызанскіх атрадах. Гімнасцёрка з узнагародамі ці строгі  немудрагелісты касцюм – вось асноўнае ўбранне большасці з іх. [caption id="attachment_14167" align="aligncenter" width="443" caption="Калектыў СШ № 1 г. Капыля на Кастрычніцкай дэманстрацыі (70-я гады ХХ ст.)"][/caption] Хто вы, мае калегі з мінулага? Якімі вы былі, настаўнікі маёй школы? Я гутару з Нінай Васільеўнай Зубарык, выпускніцай СШ №1 г. Капыля пачатку 70-х гадоў. Ніна Васільеўна таксама педагог, працуе ў гімназіі, больш за 30 гадоў выкладае матэматыку. З замілаваннем і любасцю перакладае яна фотаздымкі. Вось педагагічны калектыў падчас адпачынку: усе маладыя, прыгожыя, вясёлыя – усё жыцце наперадзе…А вось нашы настаўнікі разам з вучнямі на першамайскай дэманстрацыі… “У той час у школе працавалі цэлыя сямейныя дынастыі, было шмат мужчын-педагогаў”, — гаворыць Ніна Васільеўна і пачынае знаёміць мяне са сваімі настаўнікамі. Дырэктарам школы ў пачатку 70-х быў Васіль Андрэевіч Гарашчэня.  Завучам працаваў Аляксандр Антонавіч Зянько, які славіўся сваёй строгасцю і патрабавальнасцю як да калег, так і да вучняў. “Разам з дырэктарам яны складалі зладжаны і дружны адміністрацыйны дуэт”, — зазначае мая суразмоўца. Жонка завуча Аляксандра Антонаўна Таяноўская выкладала матэматыку, менавіта яна паўплывала на прафесійны выбар Ніны Васільеўны. Разам з калегамі, таксама настаўнікамі матэматыкі Ірынай Кандрацьеўнай Лучыновіч і Вітольдам Андрэевічам Сапешкам, Аляксандра Антонаўна Таяноўская давала трывалыя і моцныя веды па прадмеце. Незвычайнай інтэлігентнасцю і адукаванасцю вызначалася настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Аляксееўна Корнева. Нягледзячы ні на якія сітуацыі, яна паважала  вучня як асобу, імкнулася данесці самае лепшае.  Знайсці падыход да кожнай вучаніцы, усталяваць даверлівыя адносіны з дзяўчынкамі з лёгкасцю атрымоўвалася ў настаўніцы працоўнага навучання Людмілы Сцяпанаўны Сергіені. А якою майстрыхаю была Людміла Сцяпанаўна! На жаль, зараз яна цяжка хварэе, але калегі і гімназісты не забываюць Людмілу Сцяпанаўну: і са святам павіншуюць, і дапамогуць. Муж Людмілы Сцяпанаўны – Віктар Паўлавіч Сергіеня – таксама некаторы час настаўнічаў у нашай школе, выкладаў фізіку, затым доўгія гады займаў пасаду загадчыка Капыльскага РАНА. Цікавай  была сям’я педагогаў Вольгі Мікалаеўны Станавенкі і Мікалая Пятровіча Яханта. Вольга Мікалаеўна – строгая, патрабавальная, на ўроку хіміі “муха не праляціць” –  выклікала ў вучняў паважлівыя адносіны; Мікалай Пятровіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў чалавекам надзвычай добрым, памяркоўным, бяскрыўдным. Мабыць, спалучэнне гэтых супрацьлеглых якасцей і рабіла іх сям’ю моцнай, дружнай.  Настаўнікі фізічнай культуры Яўген Іосіфавіч Мардасевіч і Аляксандр Ігнацьевіч Лобан імкнуліся да таго, каб выхаванцы палюбілі спорт, былі здаровымі і развітымі. З цеплынёй і павагай прыгадвае Ніна Васільеўна сваю першую настаўніцу Лідзію Мікалаеўну Шкадарэвіч, класных кіраўнікоў Ціну Ульянаўну Гутараву – выкладчыка геа-графіі, Віктара Паўлавіча Палуяна – настаўніка матэматыкі, настаўнікаў замежнай мовы – Валянціну Міхайлаўну Кісялеву (Шыловіч) і Баляславу Ігнацьеўну Кісель. Цікавыя ўрокі, змястоўныя класныя гадзіны, паходы і экскурсіі, камсамольскія сходы – колькі ўсяго перажыта і ўбачана за гады школьнага жыцця! “Настаўнік жыве ў сваіх вучнях”, –  сцвярджае народная мудрасць.  Я гляджу на Ніну Васільеўну і бачу ў ёй рысы яе педагогаў – строгасць, патрабавальнасць, любоў да выхаванцаў і да свайго прадмета. Але гэта і мае настаўнікі, бо ўжо праз сваіх вучняў, таксама настаўнікаў, яны праз дзясяткі гадоў перадаюць свае веды і  погляды  маладому пакаленню педагогаў. Валянціна Балажынская, намеснік дырэктара гімназіі №1 г. Капыля па выхаваўчай рабоце  

У нагу з гiсторыяй

14.05.2025
Сёлета старэйшая навучальная ўстанова Капыльскага раёна “Гімназія № 1 г. Капыля” адзначае свой юбілей. Аб яе гісторыі і пойдзе зараз размова. [caption id="attachment_14163" align="aligncenter" width="443" caption="«Рабі, як я», – паказвае дырэктар СШ №1 А. Ф. Семяновіч"][/caption] У 1900 годзе ў Капылі было адкрыта аднакласнае царкоўна-прыходскае вучылішча (тры гады навучання) для хлопчыкаў. У школу пайшло вучыцца каля 50 дзяцей. Першым і адзіным у той час настаўнікам школы быў Мікалай Лук’янавіч Лазюк. У 1901 годзе ў Капылі на базе царкоўна-прыходскага адн-класнага вучылішча для хлопчыкаў было адкрыта двухкласнае для хлопчыкаў і аднакласнае для дзяўчынак, якое і стала пачаткам сярэдняй школы №1, а цяпер гімназіі №1 г. Капыля. Загадчыкам і настаўнікам вучылішча быў Аляксандр Сцяпанавіч Ляшчынскі. У 1905 годзе яго сцены пакінулі пяць першых выпускнікоў, сярод якіх быў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч – першы старшыня ўрада РБ, акадэмік АН БССР) і Нічыпар Чарнушэвіч – беларускі пісьменнік. З верасня 1907 года да Першай сусветнай вайны вучылішча размяшчалася ў доме мешчаніна Еселя Шусцера.  З цягам часу вучняў станавілася ўсё больш і больш, і два класныя пакоі іх ужо не ўмяшчалі. Трэба было падумаць аб спецыяльным пастаянным будынку гарадскога вучылішча. Напярэдадні Першай  сусветнай вайны было пачата будаўніцтва цаглянага аднапавярховага вучылішча. Але заканчэнню будоўлі перашкодзілі Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, нямецкая акупацыя 1918 года, польская – у 1920-1921 гадах. Завершана яна была толькі ў 1922 годзе, ужо пры савецкай уладзе. Гэты будынак з чырвонай цэглы і зараз функцыянуе ў якасці школьных майстэрняў на тэрыторыі сучаснай гімназіі. А тады, у 1922 годзе, вучылішча было рэарганізавана ў сямігадовую школу №1 г. Капыля. У 1932 годзе сямігодку скончыў Мікалай Васільевіч Рамашка, жыхар вёскі Дусаеўшчына, будучы Герой Савецкага Саюза. У 1934 годзе сямігадовая школа была ператворана ў сярэднюю, і зноў узнікла пытанне аб новым будаўніцтве. З 1935 па 1937 гады быў пабудаваны драўляны двухпавярховы будынак новай школы, які згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адразу пасля выгнання немцаў заняткі працягваліся ў адноўленай цаглянай школцы, пабудаванай яшчэ ў 20-я гады. Але аднаго будынка было мала, таму класы размяшчаліся ў прыватных дамах капылян па вул. Энгельса, зав. Пушкіна. У 1946 годзе па загадзе тагачаснага раённага кіраўніцтва на школьны двор быў перавезены вялікі драўляны дом, прыстасаваны  пад школу. Да нашага часу ён не захаваўся. У 1955 годзе была пабудавана новая цагляная двухпавярховая школа, якую закончыла не адно пакаленне выпускнікоў (зараз там знаходзяцца пачатковыя класы). Ішлі гады, павялічвалася колькасць вучняў, з’явілася неабходнасць у пашырэнні вучэбных плошчаў школы. У 80-я гады XX стагоддзя, дзякуючы намаганням дырэктара Аляксандра Фёдаравіча Семяновіча, былі ўведзены першая і другая  чарга інтэрната, прыбудова паміж чырвоным будынкам і школаю, дзе таксама размяшчаліся вучэбныя класы, адміністрацыйныя кабінеты. А ў 1995 годзе пачалася будоўля сучаснага корпуса школы, які быў пераходам злучаны з будынкам 1955 года. У 1997 годзе дырэктарам СШ №1 была прызначана Зінаіда Васільеўна Прыміч, якой і давялося завяршыць будоўлю і ўвесці ў эксплуатацыю новы, сучасны корпус школы па арыгінальным праекце і дызайне, а таксама стварыць адпаведны спартыўны комплекс, добра-ўпарадкаваць прышкольную тэрыторыю. З 2001 года школа №1 стала гімназіяй. За 110 гадоў сцены школы пакінулі тысячы выпускнікоў. Сярод іх людзі розных прафесій і спецыяльнасцей, але галоўнае, што ўсе яны –  сумленныя, працавітыя, сапраўдныя грамадзяне. Імёны многіх выпускнікоў нашай школы вядомы за межамі Капыля. Святлана КУБРАК, настаўнік гісторыі гімназіі №1 г. Капыля  
Страница 773 из 1058