Прыгожа выглядае святочны Капыль. Фасады адміністрацыйных і жылых дамоў упрыгожаны лозунгамі, транспарантамі, партрэтамі заснавальніка першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы вялікага Леніна, кіраўнікоў партыі і ўрада і тых, хто праклаў першыя трасы ў зоркавых вышынях, праславіў нашу краіну вялікімі перамогамі ў асваенні космасу. Вецер калыша чырвоныя сцягі, палотнішчы з палымянымі заклікамі роднай Камуністычнай партыі. На фасадзе раённага Дома культуры раз-пораз затухаюць і запальваюцца словы з электралямпачак: “Слава Вялікаму Кастрычніку!” Сцягі, сцягі, сцягі.
“СП”, 1965 год
* * * * *
…Пад гукі марша пачалося святочнае шэсце. Святочную дэманстрацыю адкрывае калона рабочых масласырзавода. І гэта невыпадкова. У перадз’ездаўскім сацыялістычным спаборніцтве калектыў масласырзавода заняў першае месца. Масласырзавод яшчэ 15 кастрычніка рапартаваў аб выкананні пяцігадовага плана. Да канца года рабочыя абавязаліся выпрацаваць і рэалізаваць прадукцыі звыш плана пяцігодкі на 1 мільён рублёў.
“СП”, 1970 год
* * * * *
У дзень усенароднага свята Вялікага Кастрычніка мы ад усёй душы выказалі словы павагі кіраўніку калектыву камуністу В. І. Выскварку. Па яго ініцыятыве ў калектыве створана камсамольска-маладзёжная група, у якую ўваходзяць камсамолкі Ганна Комар, Ірына Ганчар і я. Усе мы — выпускнікі прафесійных вучылішч. Але адкрыў прыгажосць нашай прафесіі і прывіў любоў да яе Васіль Іванавіч. 68-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка мы сустрэлі датэрміновым выкананнем задання адзінаццатай пяцігодкі.
В. Сінькевіч, швачка Дзярэчынскага КПП
“СП”, 1985 год
* * * * *
Роўна ў адзінаццаць гадзін старшыня гарадскога Савета народных дэпутатаў Б. К. Багдановіч адкрыў урачысты мітынг, прысвечаны 73-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У наступіўшай цішыні гучаць ве- лічныя мелодыі гімнаў.
Затым слова ўзяла сакратар райкома партыі А. М. Скрыган. Алена Мікалаеўна прааналізавала палітычную абстаноўку, у якой даводзіцца адзначаць свята Вялікага Кастрычніка, расказала, з якімі вытворчымі здабыткамі сустракаюць яго працоўныя Капыльшчыны. А яны, мяркуючы па паказчыках, нядрэнныя.
“СП”, 1990 год
* * * * *
4 лістапада 1995 года ў раённым Цэнтры культуры адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі. У праграме: даклад і канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці.
“СП”, 1995 год
Падборку з архіва газеты “Слава працы” зрабіла Маргарыта САКОВІЧ
На Кастрычніцкую дэманстрацыю накіроўваецца калектыў раённай бальніцы. Фота з архіва ЦРБ
Комментарии