Гэтую старонку школьнага летапісу я заўсёды разглядаю з асаблівым хваляваннем і цікавасцю. На ёй – фотаздымкі педагогаў, якія працавалі ў школе ў 50-70-я гады мінулага стагоддзя. Інтэлігентныя, строгія твары, узнёслыя і адначасова надзвычай адкрытыя і праўдзівыя. Усе яны прайшлі выпрабаванні ваенным ліхалеццем, многія змагаліся на франтах ці ў партызанскіх атрадах. Гімнасцёрка з узнагародамі ці строгі немудрагелісты касцюм – вось асноўнае ўбранне большасці з іх.
[caption id="attachment_14167" align="aligncenter" width="443" caption="Калектыў СШ № 1 г. Капыля на Кастрычніцкай дэманстрацыі (70-я гады ХХ ст.)"]

[/caption]
Хто вы, мае калегі з мінулага? Якімі вы былі, настаўнікі маёй школы?
Я гутару з Нінай Васільеўнай Зубарык, выпускніцай СШ №1 г. Капыля пачатку 70-х гадоў. Ніна Васільеўна таксама педагог, працуе ў гімназіі, больш за 30 гадоў выкладае матэматыку. З замілаваннем і любасцю перакладае яна фотаздымкі. Вось педагагічны калектыў падчас адпачынку: усе маладыя, прыгожыя, вясёлыя – усё жыцце наперадзе…А вось нашы настаўнікі разам з вучнямі на першамайскай дэманстрацыі…
“У той час у школе працавалі цэлыя сямейныя дынастыі, было шмат мужчын-педагогаў”, — гаворыць Ніна Васільеўна і пачынае знаёміць мяне са сваімі настаўнікамі. Дырэктарам школы ў пачатку 70-х быў Васіль Андрэевіч Гарашчэня. Завучам працаваў Аляксандр Антонавіч Зянько, які славіўся сваёй строгасцю і патрабавальнасцю як да калег, так і да вучняў. “Разам з дырэктарам яны складалі зладжаны і дружны адміністрацыйны дуэт”, — зазначае мая суразмоўца. Жонка завуча Аляксандра Антонаўна Таяноўская выкладала матэматыку, менавіта яна паўплывала на прафесійны выбар Ніны Васільеўны. Разам з калегамі, таксама настаўнікамі матэматыкі Ірынай Кандрацьеўнай Лучыновіч і Вітольдам Андрэевічам Сапешкам, Аляксандра Антонаўна Таяноўская давала трывалыя і моцныя веды па прадмеце.
Незвычайнай інтэлігентнасцю і адукаванасцю вызначалася настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Аляксееўна Корнева. Нягледзячы ні на якія сітуацыі, яна паважала вучня як асобу, імкнулася данесці самае лепшае. Знайсці падыход да кожнай вучаніцы, усталяваць даверлівыя адносіны з дзяўчынкамі з лёгкасцю атрымоўвалася ў настаўніцы працоўнага навучання Людмілы Сцяпанаўны Сергіені. А якою майстрыхаю была Людміла Сцяпанаўна! На жаль, зараз яна цяжка хварэе, але калегі і гімназісты не забываюць Людмілу Сцяпанаўну: і са святам павіншуюць, і дапамогуць. Муж Людмілы Сцяпанаўны – Віктар Паўлавіч Сергіеня – таксама некаторы час настаўнічаў у нашай школе, выкладаў фізіку, затым доўгія гады займаў пасаду загадчыка Капыльскага РАНА. Цікавай была сям’я педагогаў Вольгі Мікалаеўны Станавенкі і Мікалая Пятровіча Яханта. Вольга Мікалаеўна – строгая, патрабавальная, на ўроку хіміі “муха не праляціць” – выклікала ў вучняў паважлівыя адносіны; Мікалай Пятровіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў чалавекам надзвычай добрым, памяркоўным, бяскрыўдным. Мабыць, спалучэнне гэтых супрацьлеглых якасцей і рабіла іх сям’ю моцнай, дружнай. Настаўнікі фізічнай культуры Яўген Іосіфавіч Мардасевіч і Аляксандр Ігнацьевіч Лобан імкнуліся да таго, каб выхаванцы палюбілі спорт, былі здаровымі і развітымі.
З цеплынёй і павагай прыгадвае Ніна Васільеўна сваю першую настаўніцу Лідзію Мікалаеўну Шкадарэвіч, класных кіраўнікоў Ціну Ульянаўну Гутараву – выкладчыка геа-графіі, Віктара Паўлавіча Палуяна – настаўніка матэматыкі, настаўнікаў замежнай мовы – Валянціну Міхайлаўну Кісялеву (Шыловіч) і Баляславу Ігнацьеўну Кісель. Цікавыя ўрокі, змястоўныя класныя гадзіны, паходы і экскурсіі, камсамольскія сходы – колькі ўсяго перажыта і ўбачана за гады школьнага жыцця!
“Настаўнік жыве ў сваіх вучнях”, – сцвярджае народная мудрасць. Я гляджу на Ніну Васільеўну і бачу ў ёй рысы яе педагогаў – строгасць, патрабавальнасць, любоў да выхаванцаў і да свайго прадмета. Але гэта і мае настаўнікі, бо ўжо праз сваіх вучняў, таксама настаўнікаў, яны праз дзясяткі гадоў перадаюць свае веды і погляды маладому пакаленню педагогаў.
Валянціна Балажынская,
намеснік дырэктара гімназіі №1 г. Капыля па выхаваўчай рабоце
Комментарии