Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

У нагу з гiсторыяй

06.11.2011
Сёлета старэйшая навучальная ўстанова Капыльскага раёна “Гімназія № 1 г. Капыля” адзначае свой юбілей. Аб яе гісторыі і пойдзе зараз размова. [caption id="attachment_14163" align="aligncenter" width="443" caption="«Рабі, як я», – паказвае дырэктар СШ №1 А. Ф. Семяновіч"][/caption] У 1900 годзе ў Капылі было адкрыта аднакласнае царкоўна-прыходскае вучылішча (тры гады навучання) для хлопчыкаў. У школу пайшло вучыцца каля 50 дзяцей. Першым і адзіным у той час настаўнікам школы быў Мікалай Лук’янавіч Лазюк. У 1901 годзе ў Капылі на базе царкоўна-прыходскага адн-класнага вучылішча для хлопчыкаў было адкрыта двухкласнае для хлопчыкаў і аднакласнае для дзяўчынак, якое і стала пачаткам сярэдняй школы №1, а цяпер гімназіі №1 г. Капыля. Загадчыкам і настаўнікам вучылішча быў Аляксандр Сцяпанавіч Ляшчынскі. У 1905 годзе яго сцены пакінулі пяць першых выпускнікоў, сярод якіх быў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч – першы старшыня ўрада РБ, акадэмік АН БССР) і Нічыпар Чарнушэвіч – беларускі пісьменнік. З верасня 1907 года да Першай сусветнай вайны вучылішча размяшчалася ў доме мешчаніна Еселя Шусцера.  З цягам часу вучняў станавілася ўсё больш і больш, і два класныя пакоі іх ужо не ўмяшчалі. Трэба было падумаць аб спецыяльным пастаянным будынку гарадскога вучылішча. Напярэдадні Першай  сусветнай вайны было пачата будаўніцтва цаглянага аднапавярховага вучылішча. Але заканчэнню будоўлі перашкодзілі Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, нямецкая акупацыя 1918 года, польская – у 1920-1921 гадах. Завершана яна была толькі ў 1922 годзе, ужо пры савецкай уладзе. Гэты будынак з чырвонай цэглы і зараз функцыянуе ў якасці школьных майстэрняў на тэрыторыі сучаснай гімназіі. А тады, у 1922 годзе, вучылішча было рэарганізавана ў сямігадовую школу №1 г. Капыля. У 1932 годзе сямігодку скончыў Мікалай Васільевіч Рамашка, жыхар вёскі Дусаеўшчына, будучы Герой Савецкага Саюза. У 1934 годзе сямігадовая школа была ператворана ў сярэднюю, і зноў узнікла пытанне аб новым будаўніцтве. З 1935 па 1937 гады быў пабудаваны драўляны двухпавярховы будынак новай школы, які згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адразу пасля выгнання немцаў заняткі працягваліся ў адноўленай цаглянай школцы, пабудаванай яшчэ ў 20-я гады. Але аднаго будынка было мала, таму класы размяшчаліся ў прыватных дамах капылян па вул. Энгельса, зав. Пушкіна. У 1946 годзе па загадзе тагачаснага раённага кіраўніцтва на школьны двор быў перавезены вялікі драўляны дом, прыстасаваны  пад школу. Да нашага часу ён не захаваўся. У 1955 годзе была пабудавана новая цагляная двухпавярховая школа, якую закончыла не адно пакаленне выпускнікоў (зараз там знаходзяцца пачатковыя класы). Ішлі гады, павялічвалася колькасць вучняў, з’явілася неабходнасць у пашырэнні вучэбных плошчаў школы. У 80-я гады XX стагоддзя, дзякуючы намаганням дырэктара Аляксандра Фёдаравіча Семяновіча, былі ўведзены першая і другая  чарга інтэрната, прыбудова паміж чырвоным будынкам і школаю, дзе таксама размяшчаліся вучэбныя класы, адміністрацыйныя кабінеты. А ў 1995 годзе пачалася будоўля сучаснага корпуса школы, які быў пераходам злучаны з будынкам 1955 года. У 1997 годзе дырэктарам СШ №1 была прызначана Зінаіда Васільеўна Прыміч, якой і давялося завяршыць будоўлю і ўвесці ў эксплуатацыю новы, сучасны корпус школы па арыгінальным праекце і дызайне, а таксама стварыць адпаведны спартыўны комплекс, добра-ўпарадкаваць прышкольную тэрыторыю. З 2001 года школа №1 стала гімназіяй. За 110 гадоў сцены школы пакінулі тысячы выпускнікоў. Сярод іх людзі розных прафесій і спецыяльнасцей, але галоўнае, што ўсе яны –  сумленныя, працавітыя, сапраўдныя грамадзяне. Імёны многіх выпускнікоў нашай школы вядомы за межамі Капыля. Святлана КУБРАК, настаўнік гісторыі гімназіі №1 г. Капыля  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей