Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

info

info

Тэатр таленавiтых

06.04.2013
Народнаму тэатру гульні і гумару «Капыльскія пацехі» — 20 гадоў. З гэтай нагоды ў раённым Цэнтры культуры і адбыўся бенефіс творчага калектыву, які вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Цікава, што можа атрымацца, калі разам збяруцца некалькі таленавітых асоб? Ды шмат чаго! Напрыклад, … тэатр, самы што ні на ёсць сапраўдны тэатр. Спачатку была ідэя. Аднойчы, дваццаць гадоў таму, па ініцыятыве Любові Галубовіч, загадчыка аддзела культурна-масавай і метадычнай работы РЦК, сабраліся разам Генадзь Ярмак, Наталля Рыбак, Тамара Дрожжа, Аляксандр Драніч, Сяргей Віннік. Атрымалася моцная каманда для ўдзелу ў конкурсе культарганізатараў, які праводзіў Мінскі абласны метадычны цэнтр. Гэтым жа саставам крыху пазней выступалі ў Дзяржынску. Дарэчы, адно з’яўленне на сцэне Сяргея Вінніка (вельмі ж творчая асоба!) выклікала ў гледачоў усмешку ў прадчуванні сапраўднай весялосці. Пазней прыйшлі Таццяна Вошкат, Алена Дзямідчык, Ірына Дзямідчык, Уладзімір Драчан, Вольга Аліхоўская. А Марына Бурак з Браткава – сапраўдны носьбіт народнага гумару. Сяргей Мялешка, Юрый Раманейка, Сяргей Цвірко сваёй неардынарнай прывабнасцю змаглі стварыць цікавыя вобразы. Незвычайна творчай асобай з’яўляецца і Наталля Лятчэня, якая здзіўляе гледачоў яскравым акцёрскім майстэрствам. Так і нарадзіўся вядомы ўжо не толькі ў нашай краіне народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі”. –  Я – шчаслівы чалавек,  –  сцвярджае Любоў Галубовіч. – Жыццё падарыла мне сустрэчу з такімі таленавітымі і вельмі вясёлымі людзьмі. Як нараджаецца пастаноўка Спачатку асноўную частку рэпертуару складалі гульнёва-забаўляльныя праграмы, потым – шоу-праграмы. Сёння ў скарбонцы “Пацех” шмат разнастайных пастановак. Сцэнарыі стварае Любоў Галубовіч. “Аднойчы, – усміхаецца Любоў Пятроўна, – рыхтавалі праграму “Пахаванне свінні”. Вельмі цікавы праект! Свіння па змесце пастаноўкі – гэта ўвасабленне негатыўных якасцей чалавека. Па сюжэце было пераапрананне мужчын у жанчын і наадварот. Пастаноўку ўбачыў Анатоль Жданеня, тады яшчэ старшыня гаспадаркі ў Семежаве. Вярнуўся ў вёску, прыйшоў у Дом культуры ды кажа: “Зрабіце, як у Капылі!” Вельмі даспадобы яму прыйшлася гэтая праграма! Кіруе талент Да кожнага выступлення тут рыхтуюць новы праект: двойчы паўтарацца нецікава. Пры стварэнні сцэнарыяў Любоў Пятроўна выкарыстоўвае цікавыя выпадкі з жыцця, можа ўзяць ідэю з тэлеэкрана. Дапамагае нейкая сіла, назву якой Любоў Пятроўна даць не можа, але я лічу, што імя гэтай невядомай сілы – Яго Вялікасць Талент. Часам аўтар да апошняга не ведае, што атрымаецца на сцэне. А бывае і так: можа прачнуцца сярод ночы і яскрава ўбачыць эпізод, нават калі ён быў задуманы і зроблены па-іншаму. Аднак артысты разумеюць свайго мастацкага кіраўніка, нават і тады, калі яна сама не можа растлумачыць ідэю. Але талент – ён адзін на ўсіх. Памятае Любоў Пятроўна і такі выпадак. Ідзе пастаноўка. І раптам кіраўнік тэатра разумее, дзе і як павінен стаяць персанаж. У думках, як кажуць, тэлепатычна, яна быццам кажа артысту, куды і як рухацца. І вось яно, дзіва: выканаўца зрабіў усё так, як “загадала” Любоў Пятроўна! Не абыходзіцца пры напісанні сцэнарыяў і без твораў класікаў беларускай літаратуры. Да 100 і 110-годдзя К. Крапівы рыхтавалі праграму “На грышчы ў Агаты”. За яе і “ўзялі” яшчэ адно званне лаўрэата на абласным фестывалі “Капыльскія пацехі”, які праходзіць у нашым горадзе. Мова народная мова родная Прыхільнікі тэатра ведаюць, што большасць пастановак адбываецца на беларускай мове. Гэта і зразумела. Родная мова з вуснаў артыстаў гучыць вельмі прыгожа і меладычна, а многія гумарэскі ды жарты толькі і зразумелыя па-беларуску. Сапраўднымі разынкамі з’яўляюцца песні і частушкі на роднай мове. Аднак ёсць некалькі праграм на рускай: “Кабачок “Маргарита”, “Человек – это звучит гордо”, ”Приколы агрогородка” і некалькі іншых пастановак. Бенефіс адбыўся! Дваццаць гадоў для тэатра – гэта толькі пачатак росквіту, час, калі таленту дапамагае прафесіяналізм і вопыт.Да свята гумару, якое адбылося 1 красавіка, тэатр рыхтаваў прэм’еру, куды ўвайшлі ўрыўкі з гумарыстычных праграм розных гадоў, гульні. Паўтары гадзіны гумару праляцелі, як адно імгненне, і падарылі гледачам сапраўднае свята і магчымасць стаць удзельнікамі старадаўняй беларускай гульні “У пана”. Таксама на сцэне з’явіліся героі “Кірмашовых замалёвак”, мініяцюры па матывах аповесці В. Шукшына “Да трэціх пеўняў”, камедыі А. Дзялендзіка “Смак яблыка”. “З апошняй пастаноўкай звязана вельмі цікавая гісторыя, – крыху загадкава ўсміхаецца Любоў Пятроўна. – Пасля яе інсцэнізацыі нарадзіліся дзеткі ў сем’ях выканаўцаў: Вольгі Даманскай, Сяргея Цвірко, Любові Дубовік. Вось якая яна чароўная!” Культура прыгажосці Які ж народны калектыў без народных касцюмаў? У самым пачатку існавання “Пацехі” выступалі ва ўбраннях, якія былі ў той час у раённым Доме культуры. Потым шылі для сябе спадніцы з настольнікаў, паркалю, якія ўручную вышывалі майстрыхі з Лешні і Семежава. А ўжо ў 2000 годзе кірмашовыя сцэнічныя касцюмы заказвалі ў Капыльскім РКБА. Потым пашылі новы камплект прыгожых касцюмаў. Зараз плануюць пры дапамозе аддзела культуры райвыканкама заказаць адзенне крыху ўцепленае для выступленняў на вуліцы. Па старонках гастроляў Немагчыма расказаць пра “Капыльскія пацехі”, калі не ўспомніць пра іх гастролі як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях. У час правядзення Дзён беларускай культуры ў Маскве яе жыхары мелі магчымасць усміхацца разам з героямі “Кірмашовых замалёвак”. У Паўднёва-Усходняй  акрузе расійскай сталіцы гучала рэха творчага праекта “На Купалле”. Выступалі і ў Чэхаве. Купальскую праграму рыхтавалі і да рэспубліканскага ўсебеларускага фестывалю гумару “Аўцюкі”, у якім, дарэчы, выступалі тройчы. Высокае званне лаўрэата гэтага фестывалю двойчы стала заслужанай узнагародай. Ад тэатра  – да фестывалю Традыцыі народнай гульні і гумару Капыльшчына захоўвае і развівае здаўна. Менавіта першы ў вобласці тэатр гульні “Капыльскія пацехі” і стаў у 2000 годзе на чале з кіраўніком Л. П. Галубовіч ініцыятарам правядзення абласнога фестывалю гульні і гумару. Аматарскія калектывы і асобныя выканаўцы выступаюць у розных жанрах: тэатралізаваная, гумарыстычная і гульнёвая праграмы, інсцэніроўка байкі, фельетон, гумарэска, небыліца, розыгрыш, мініяцюра, гумарыстычны танец, інструментальная замалёўка ці песня, пародыя, прыпеўка. Як сапраўдны стратэг, Любоў Галубовіч ужо дакладна ведае, да якога мерапрыемства калектыву трэба рыхтавацца ў бліжэйшы час. Дазволім сабе крышачку падгледзець: у верасні ў Слуцку адбудзецца свята “Слуцкія паясы”. Каб стварыць па-сапраўднаму эксклюзіўную праграму, артысты ўжо зараз шукаюць старадаўнія беларускія гульні, бо спецы-фіка менавіта гэтага свята – гульні з паясамі. Таямніцы таленту артыстаў Ведаеце, артысты “Капыльскіх пацех” на самай справе зусім не артысты. Як такое можа быць? А вельмі проста: выступленне ў складзе калектыву аб’ядноўвае бухгалтара і дырэктара, настаўніка і чыноўніка. А тэатр, насамрэч, для душы, для сапраўднага народнага Таленту. Мабыць, таму і атрымоўваецца ствараць многія вобразы, як кажуць, з натуры. “Я вельмі ўдзячна родным і блізкім артыстаў за  іх разуменне і цярпенне, за тое, што сваім чаканнем яны дапамагаюць існаванню нашага тэатра. Ведаеце, рэпетыцыі, асабліва генеральныя, могуць доўжыцца і ўвесь дзень. А бывае і так, што сустракаемся ўрыўкамі: зараз адны, крыху пазней наступныя акцёры. Выхадныя? Калі-некалі здараецца і выхадны”, – падводзіць вынікі Любоў Пятроўна. Матэрыял падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА. Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА  

Вялiкi дзень

31.03.2013
Антон Іванавіч ГУРСКІ, беларускі фалькларыст. Родам з в. Лугавая Капыльскага раёна. Кандыдат філалагічных навук. У цэнтры яго даследаванняў –  фальклор,  народныя абрады, звычаі. Аўтар шматлікіх кніг, адзін са складальнікаў тамоў выдання “Беларуская народная творчасць” (узнагароджаны Дзяржаўнай  прэміяй Беларусі ў 1986 годзе). Вялікдзень у жыцці нашых далёкіх продкаў-язычнікаў адзначаўся ў гонар Бога сонца – Даждзьбога. Адтуль менавіта і прыйшла назва ў сучасную беларускую лексіку, бо, як вядома, хрысціянская назва свята – Пасха. У хрысціянскім календары Вялікдзень – рухомае свята, якое ў народным жыцці мае свае адметныя адценні і каларыт. Напярэдадні чацвярга, які называюць “чысты чацвер”, старанна прыбіралі ў хаце, мылі вокны, падлогу, бялілі ці абклейвалі шпалерамі хату, мыліся ў лазні. У суботу зранку завешвалі на вокны новыя фіранкі, на абразы – набожнікі, замешвалі ў дзяжы цеста на пірагі. З абеда распальвалі ў печы. Кожная гаспадыня гатавала святочныя стравы: смажыла каўбасу, мяса, фарбавала велікодныя яйкі. Яйка з’яўляецца важным атрыбутам велікодных дзён. Яно сімвалізавала кругаварот і бясконцасць жыцця, пачатак усякага адраджэння ў жыцці. Велікоднаму яйку надавалася магічная сіла: з ім выганялі першы раз на пашу жывёлу, каб засцерагчы яе ад злых чараў ведзьмакоў, закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб тая добра радзіла, і г. д. У нашым народзе са спрадвечных часоў шырока вядома традыцыя: на Вя-лікдзень адорваць адзін аднаго святочнымі яйкамі. Гэта традыцыя з прыняццем хрысціянства была пераасэнсавана пад новую рэлігію. Паводле праваслаўных біблейскіх паданняў, святая Марыя Магдаліна, даведаўшыся аб пакаранні смерцю Ісуса Хрыста, прынесла рымскаму імператару ў падарунак чырвонае яйка, як знак нявіннасці  Сына Божага і сімвалічнае сведчанне таго, што з гэтага часу ўвесь свет нясе на сабе адбітак яго нявінна пралітай крыві. Думаем, што гэта падзея і стала прычынай (адпаведна з хрысціянскай традыцыяй), што ў наш час велікодныя яйкі фарбуюць пераважна ў чырвоны колер. З кожнай сям’і звычайна гаспадар ці старэйшыя людзі вечарам ішлі ў храм “на ўсяночную”. Бралі з сабою па кавалачку кожнай стравы: мяса, пірог, яйкі, сала, соль і інш. Ні адна царква ці касцёл, зразумела, не маглі ўмясціць усіх жадаючых, таму людзі часцей збіраліся ў бліжэйшых хатах, у сваякоў і знаёмых, каб апоўначы выйсці да храма і разам з усімі хрысціянамі сустрэць радасны час уваскрэсення Ісуса Хрыста. Набажэнствы ў гэту ноч заканчваюцца гадзін каля чатырох. На заканчэнне “ўсяночнай” свяшчэннікі асвячаюць “пасху” – прынесеныя з дому харчы. У гэту ж ноч і тыя, хто заставаўся дома, імкнуліся не спаць. У хатах да ранку гарэла святло, запальвалі свечкі перад абразамі, маліліся Богу, расказвалі біблейскія паданні аб жыцці Ісуса Хрыста, святых Апосталаў і іншых святых. Зранку пасля “ўсяночнай” усе, хто правёў гэту ноч у царкве (касцёле), спяшаліся ў свае сем’і. Кожная гаспадыня дома накрывала святочны стол, за які, папярэдне памаліўшыся Богу, садзілася ўся сям’я, “каб разгавецца”. Толькі цяпер упершыню пасля доўгага сямітыднёвага посту можна было ўволю паласавацца рознымі стравамі. Пачыналі есці з пасвенчанага яйка, солі і пірага. Пасля вы-півалі па чарцы гарэлкі і смачна снедалі. Велікодныя дні былі вельмі жаданымі і радаснымі для дзяцей. Хросныя бацькі і маці, бабуля-пупарэзніца, дзядзькі і цёткі прыходзілі да іх у госці і прыносілі кожнаму дзіцяці чырвонае яйка. У некаторых мясцовасцях Беларусі дзеці самі абыходзілі двары сваіх хросных і блізкіх сваякоў, каб атрымаць велікодныя падарункі. Абходы дарослымі і дзецьмі на Вялікдзень двароў сваіх аднавяскоўцаў маюць надзвычай старажытнае паходжанне. Такіх хадакоў называюць у розных рэгіёнах па-рознаму: валачобнікі, валоўнікі, кукольнікі і інш. Лічылася, што абходы валачобнікамі двароў аднавяскоўцаў прыносяць пладавітасць жывёлы, ураджайнасць на нівах, засцярогу падвор’я ад розных прыродных стыхій. Валачобнікі, падыходзячы да акна, як і  калядоўшчыкі, усхвалялі песнямі гаспадара, гаспадыню і іх дзяцей – сыноў і дачок. Пасля заканчэння песні гаспадары частавалі валачобнікаў гарэлкай, пірагамі, яйкамі і іншымі стравамі са святочнага стала. Валачобнікі, завяршыўшы абходы двароў у сваёй вёсцы, збіраліся па дамоўленасці ў адной з хат і наладжвалі там застолле з вясёлымі і цікавымі гульнямі, танцамі, песнямі і жартамі.tc "Валачобнікі, завяршыўшы абходы двароў у сваёй вёсцы, збіраліся па дамоўленасці ў адной з хат і наладжвалі там застолле з вясёлымі і цікавымі гульнямі, танцамі, песнямі і жартамі." У дарослых, як і ў дзяцей, у велікодныя дні любімай была гульня “ў біткі”. Чыё яйка было пабіта, той павінен быў аддаць яго свайму пераможцу. Вядомай дзіцячай гульнёй у велікодныя дні было таксама качанне яек на “выбіткі” на спецыяльна падрыхтаваным для гэтай гульні жалабку. Вядомы і іншыя варыянты такой гульні. На Вялікдзень дзяўчаты варажылі аб будучым сваім лёсе. Беларусы паўсюдна раніцай мыліся крынічнай вадой, у якую клалі чырвоныя яйкі, залатыя і сярэбраныя прадметы, каб быць увесь год чыстым і здаровым (“чырвоным, як яйка”). У народным календары свята Вялікдзень вызначае правядзенне некаторых іншых святаў і прысвяткаў. Антон ГУРСКІ  

Дабра і шчасця вам!

30.03.2013
З глыбокай верай у сэрцы, з надзеяй на жыццё вечнае спяшаюся вітаць Вас, сапраўдных вернікаў Рымска-каталіцкага Касцёла (Царквы), радасным  воклічам “Хрыстос Уваскрос!” і жадаю, каб Добры Бог падтрымліваў Вас у кожную хвіліну жыцця, узмацняючы Вас духоўна і фізічна, натхняючы на новы плён працы.Віншаванне са святам Вялікадня накіроўваю ў вельмі трапяткі для ўсяе каталіцкай супольнасці час, калі погляды свету скіраваны на Каталіцкую Царкву (Касцёл), на новага кіраўніка Святога Пасаду папу Францішка. Молімся за яго, Пятра нашага бурлівага часу, з перакананнем, што толькі Божае можа змяніць свет да лепшай будучыні. Звяртаюся таксама і да вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы: няхай Бог спашле ласку вытрываць у духоўных змаганнях, якія вядзеце ў нядаўна распачатым Вамі Вялікім Посце, і з яшчэ большай радасцю (бо ўжо трошкі цяплей будзе) сустрэць Найвялікшае Свята ўсяго хрысціянскага свету. З добрымі пажаданнямі звяртаюся да ўсіх капылянаў: памятайце: ва ўсіх добрых пачынаннях сапраўдныя хрысціяне заўсёды будуць побач, каб дапамагчы, падтрымаць, быць салідарным. Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос! Аляксандр Тарасевіч, Святар прыхода св.св. Пятра і Паўла ў Капылі   Парадак   святочных  богаслужэнняў у  касцёле  Святых  Пятра  і  Паўла ў Капылі 30 сакавіка - ВЯЛІКАЯ субота.  Асвячэнне велікоднай ежы будзе ў 10.00, 12.00, 14.00, 16.00 і 18.00 (пасля пасвячэння можна будзе прыступіць да споведзі), а таксама пасля Пасхальнай Вігіліі і рэзурэкцыйнай Св. Імшы. У 20.00 пачнецца ПАСХАЛЬНАЯ ВІГІЛІЯ. 31 сакавіка - ПАСХАЛЬНАЯ НЯДЗЕЛЯ. РЭЗУРЭКЦЫЯ І СВ. ІМША пачнуцца ў 7.00. СВ. ІМША - 12.00.  

Слабада-Кучынская сельская бібліятэка: мінулае і сучаснасць

28.03.2013
Cпоўнілася 40 гадоў, як Слабада-Кучынская прыклубная бібліятэка была ператворана ў Слабада-Кучынскую сельскую бібліятэку А пачыналася ўсё значна раней. У 1923 годзе татарын Д. Ясінскі аддаў пад клуб вялікае памяшканне ў сваёй хаце-карчме. Там і быў створаны невялічкі бібліятэчны куток. Першыя кнігі ў бібліятэку прынёс Сяргей Гурыновіч — сакратар камсамольскай арганізацыі. Вясковая моладзь ладзіла спектаклі, а на выручаныя грошы набывала газеты, часопісы і кнігі. Загадчыкам прыклубнай бібліятэкі стаў Гурыновіч Ф. І. Газеты атрымлівалі са спазненнем на тыдзень. Асабліва карысталіся попытам у сялян газеты “Бедната” і “Вёска”. Камсамольцы любілі чытаць “Камсамольскую праўду”. Праводзіліся дні палітычнай вучобы, чыталіся лекцыі. Пасля  вайны  была  адкрыта хата-чытальня, якая знаходзілася недалёка ад сучаснай бібліятэкі. Гэта была невялічкая хатка, дзе размясціліся сельскі Савет, кантора і ў калідорчыку бібліятэка. Паколькі месца было мала, у сцяне  прарэзалі акенца, праз якое і выдаваліся кнігі чытачам прама на парозе. Загадчыкам бібліятэкі працаваў Салановіч Пётр. Затым хатку разабралі, а пабудаваны побач клуб стаў прыклубнай бібліятэкай. Але і тут яна не засталася. Бібліятэку, сельскі Савет, кантору перанеслі ў свабодную хату, дзе раней жылі рэпрэсіраваныя Калпакі. І вось ужо большую частку будынка заняла прыклубная бібліятэка. У 1960-я ў бібліятэцы працавалі Аляксандра Рымашэўская (Косціна), Ніна Хілько (Каспяровіч), Марыя Ярмалінская. З успамінаў Аляксандры РЫМАШЭЎСКАЙ (здымак 1): — Я дастаўляла кнігі па паляводчых брыгадах на веласіпедзе. Для рабочых — мастацкую літаратуру, а для спецыялістаў падбірала навуковыя выданні. Асабліва запомніліся падзеі, звязаныя з  палётам у космас Юрыя Гагарына. Чытачы разбіралі ўсе газеты, часопісы і кнігі, якія расказвалі пра гэта. Праца ў бібліятэцы дапамагла мне ў жыцці. Аляксандра Міхайлаўна скончыла БДУ імя У. І. Леніна. Доўгі час працавала ў Акадэміі Навук (Інстытут мікрабіялогіі). Расказвае Ніна ХІЛЬКО: — У 1963-1966 гг. аднавяскоўцы наведвалі адначасова і клуб, і бібліятэку. Чытачам вельмі падабаўся часопіс “Огонек”. У той час бібліятэка працавала над выхаваннем моладзі на баявых і працоўных традыцыях. Камсамольская арганізацыя саўгаса “Крыніца” (235 чалавек), якую я ўзначальвала, выпускала “Баявы лісток” і “Молнию”. Сумесна з настаўнікамі праводзілі канферэнцыі, конкурсы для чытачоў. Вельмі змястоўнымі былі тэатральныя пастаноўкі па творах Івана Шамякіна (“Сэрца на далонях”), дзе выступаў дырэктар Слабада-Кучынскай СШ І. С. Трацэўскі са сваімі навучэнцамі. З  1973 года бібліятэку ўзначаліла Соф’я Клюйка (здымак 2). Любімай справе гэта жанчына аддала больш за 20 гадоў свайго жыцця. Пашырыўся кніжны фонд, у бібліятэцы з’явіўся тэлевізар. За творамі Аляксандра Дзюма, Васіля Быкава, Аляксандра Ардамацкага выстройвалася чарга, запісваліся наперад, каб атрымаць запаветны экзэмпляр. У бібліятэцы можна было падрыхтавацца да заняткаў школьнікам, студэнты бралі літаратуру для рэфератаў і дыпломных работ. Сыны Соф’і Сцяпанаўны, Ігар і Сяргей, большую частку часу праводзілі ў бібліятэцы. Сёння яны ваенныя (палкоўнік і падпалкоўнік), праходзяць службу ў Таманскай дывізіі ў Расіі. І ў гэтым заслуга іх маці. Сёння ў Слабада-Кучынскай сельскай бібліятэцы працуе Валянціна Барташэвіч (здымак 3). З захапленнем і творчасцю ў 1999 годзе яна ўзялася за працу. Краязнаўчая дзейнасць стала адным з вядучых кірункаў дзейнасці бібліятэкі. Па ініцыятыве Валянціны Зянонаўны ў бібліятэцы створаны музейны куток, дзе размешчаны больш за 100 экспанатаў: прадметы быту і адзення, асабістыя рэчы жыхароў, фота- і дакументальныя матэрыялы па гісторыі вёскі. Слабада-Кучынская сельская бібліятэка стала не толькі інфармацыйным цэнтрам вёскі, а і сацыякультурным, камунікатыўным. Увесь час арганізоўваюцца выставы народных умельцаў “Рукамі нашых чытачоў”, у якіх удзельнічалі Раіса Ясючэня і Ніна Краўчанка (вышыванне гладдзю), Аляксандр Кандыбовіч (чаканка па метале), Вольга Барташэвіч (вышыванне крыжыкам). Выстаўляла свае работы і народны творца з Віцебска Людміла Кандыбовіч. Бібліятэка абслугоўвае шэсць вёсак. Запыты чытачоў рознабаковыя. У вёсцы Вялешына-1 запатрабаваны дэтэктывы і кнігі пра каханне. У Слабада-Кучынцы — часопісы “Гаспадыня”, “Народный доктор”, “Хозяин”. Самы старэйшы чытач бібліятэкі — 87-гадовая Алена Луцэвіч з пасёлка Заполле, а самы малодшы — чатырохгадовая Дар’я Астрэйка з Слабада-Кучынкі. Па колькасці наведванняў бібліятэкі і ўзятай літаратуры лідзіруе навучэнка 4-га класа Хрысціна Кавальчук (60 і 156, адпаведна). Сапраўднымі сябрамі бібліятэкі сталі навучэнцы ДУА “Слабадакучынская СШ” Яна Коршук, Таццяна Сянькевіч, Кірыл і Данііл Кандыбовічы. Дарэчы, Валянціна Барташэвіч наладзіла добрае супрацоўніцтва з школай, сельскім клубам. Праводзяцца сумесныя конкурсы, ранішнікі, вечары, семінары. Бібліятэкар прымае актыўны ўдзел у рабоце рэгіянальнага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў. І сёння з упэўненасцю можна сказаць, што, дасягнуўшы юбілейнай адзнакі, Слабада-Кучынская сельская бібліятэка, дзякуючы руплівай працы Валянціны Барташэвіч, стала цэнтрам нацыянальнай культуры в. Слабада-Кучынка. Барыс ДЗЕНІСЮК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Слабадакучынская СШ”, кіраўнік рэгіянальнага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў  

Пожар в сельском клубе

28.03.2013
21 марта в 3.10 в ЦОУ Копыльского РОЧС от начальника ПАСП №15 д. Сл.-Кучинка С. В. Суботника поступило сообщение о пожаре в сельском клубе, расположенном в д. Сл.-Кучинка. По прибытии к месту вызова в 3.13 установлено, что горит крыша клуба открытым пламенем. СК деревянный, обшит сайдингом, крыт шифером по деревянной обрешетке, размером в плане 10х20 м, подключен к электроснабжению. Принадлежит отделу культуры Копыльского райисполкома. В результате пожара уничтожено потолочное перекрытие площадью 30 м2 и крыша - 20 м2. Причина пожара устанавливается. Евгений ЧИРКУН, инспектор ИГПН Копыльского РОЧС  
Страница 306 из 1058