Антон Іванавіч ГУРСКІ, беларускі фалькларыст. Родам з в. Лугавая Капыльскага раёна. Кандыдат філалагічных навук. У цэнтры яго даследаванняў – фальклор, народныя абрады, звычаі. Аўтар шматлікіх кніг, адзін са складальнікаў тамоў выдання “Беларуская народная творчасць” (узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1986 годзе).
Вялікдзень у жыцці нашых далёкіх продкаў-язычнікаў адзначаўся ў гонар Бога сонца – Даждзьбога. Адтуль менавіта і прыйшла назва ў сучасную беларускую лексіку, бо, як вядома, хрысціянская назва свята – Пасха. У хрысціянскім календары Вялікдзень – рухомае свята, якое ў народным жыцці мае свае адметныя адценні і каларыт.
Напярэдадні чацвярга, які называюць “чысты чацвер”, старанна прыбіралі ў хаце, мылі вокны, падлогу, бялілі ці абклейвалі шпалерамі хату, мыліся ў лазні. У суботу зранку завешвалі на вокны новыя фіранкі, на абразы – набожнікі, замешвалі ў дзяжы цеста на пірагі. З абеда распальвалі ў печы. Кожная гаспадыня гатавала святочныя стравы: смажыла каўбасу, мяса, фарбавала велікодныя яйкі. Яйка з’яўляецца важным атрыбутам велікодных дзён. Яно сімвалізавала кругаварот і бясконцасць жыцця, пачатак усякага адраджэння ў жыцці. Велікоднаму яйку надавалася магічная сіла: з ім выганялі першы раз на пашу жывёлу, каб засцерагчы яе ад злых чараў ведзьмакоў, закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб тая добра радзіла, і г. д.
У нашым народзе са спрадвечных часоў шырока вядома традыцыя: на Вя-лікдзень адорваць адзін аднаго святочнымі яйкамі. Гэта традыцыя з прыняццем хрысціянства была пераасэнсавана пад новую рэлігію. Паводле праваслаўных біблейскіх паданняў, святая Марыя Магдаліна, даведаўшыся аб пакаранні смерцю Ісуса Хрыста, прынесла рымскаму імператару ў падарунак чырвонае яйка, як знак нявіннасці Сына Божага і сімвалічнае сведчанне таго, што з гэтага часу ўвесь свет нясе на сабе адбітак яго нявінна пралітай крыві. Думаем, што гэта падзея і стала прычынай (адпаведна з хрысціянскай традыцыяй), што ў наш час велікодныя яйкі фарбуюць пераважна ў чырвоны колер.
З кожнай сям’і звычайна гаспадар ці старэйшыя людзі вечарам ішлі ў храм “на ўсяночную”. Бралі з сабою па кавалачку кожнай стравы: мяса, пірог, яйкі, сала, соль і інш. Ні адна царква ці касцёл, зразумела, не маглі ўмясціць усіх жадаючых, таму людзі часцей збіраліся ў бліжэйшых хатах, у сваякоў і знаёмых, каб апоўначы выйсці да храма і разам з усімі хрысціянамі сустрэць радасны час уваскрэсення Ісуса Хрыста. Набажэнствы ў гэту ноч заканчваюцца гадзін каля чатырох. На заканчэнне “ўсяночнай” свяшчэннікі асвячаюць “пасху” – прынесеныя з дому харчы.
У гэту ж ноч і тыя, хто заставаўся дома, імкнуліся не спаць. У хатах да ранку гарэла святло, запальвалі свечкі перад абразамі, маліліся Богу, расказвалі біблейскія паданні аб жыцці Ісуса Хрыста, святых Апосталаў і іншых святых. Зранку пасля “ўсяночнай” усе, хто правёў гэту ноч у царкве (касцёле), спяшаліся ў свае сем’і. Кожная гаспадыня дома накрывала святочны стол, за які, папярэдне памаліўшыся Богу, садзілася ўся сям’я, “каб разгавецца”. Толькі цяпер упершыню пасля доўгага сямітыднёвага посту можна было ўволю паласавацца рознымі стравамі. Пачыналі есці з пасвенчанага яйка, солі і пірага. Пасля вы-півалі па чарцы гарэлкі і смачна снедалі.
Велікодныя дні былі вельмі жаданымі і радаснымі для дзяцей. Хросныя бацькі і маці, бабуля-пупарэзніца, дзядзькі і цёткі прыходзілі да іх у госці і прыносілі кожнаму дзіцяці чырвонае яйка. У некаторых мясцовасцях Беларусі дзеці самі абыходзілі двары сваіх хросных і блізкіх сваякоў, каб атрымаць велікодныя падарункі. Абходы дарослымі і дзецьмі на Вялікдзень двароў сваіх аднавяскоўцаў маюць надзвычай старажытнае паходжанне. Такіх хадакоў называюць у розных рэгіёнах па-рознаму: валачобнікі, валоўнікі, кукольнікі і інш. Лічылася, што абходы валачобнікамі двароў аднавяскоўцаў прыносяць пладавітасць жывёлы, ураджайнасць на нівах, засцярогу падвор’я ад розных прыродных стыхій. Валачобнікі, падыходзячы да акна, як і калядоўшчыкі, усхвалялі песнямі гаспадара, гаспадыню і іх дзяцей – сыноў і дачок. Пасля заканчэння песні гаспадары частавалі валачобнікаў гарэлкай, пірагамі, яйкамі і іншымі стравамі са святочнага стала.
Валачобнікі, завяршыўшы абходы двароў у сваёй вёсцы, збіраліся па дамоўленасці ў адной з хат і наладжвалі там застолле з вясёлымі і цікавымі гульнямі, танцамі, песнямі і жартамі.tc "Валачобнікі, завяршыўшы абходы двароў у сваёй вёсцы, збіраліся па дамоўленасці ў адной з хат і наладжвалі там застолле з вясёлымі і цікавымі гульнямі, танцамі, песнямі і жартамі."
У дарослых, як і ў дзяцей, у велікодныя дні любімай была гульня “ў біткі”. Чыё яйка было пабіта, той павінен быў аддаць яго свайму пераможцу. Вядомай дзіцячай гульнёй у велікодныя дні было таксама качанне яек на “выбіткі” на спецыяльна падрыхтаваным для гэтай гульні жалабку. Вядомы і іншыя варыянты такой гульні. На Вялікдзень дзяўчаты варажылі аб будучым сваім лёсе.
Беларусы паўсюдна раніцай мыліся крынічнай вадой, у якую клалі чырвоныя яйкі, залатыя і сярэбраныя прадметы, каб быць увесь год чыстым і здаровым (“чырвоным, як яйка”). У народным календары свята Вялікдзень вызначае правядзенне некаторых іншых святаў і прысвяткаў.
Антон ГУРСКІ
Комментарии