Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

Тэатр таленавiтых

06.04.2013
Народнаму тэатру гульні і гумару «Капыльскія пацехі» — 20 гадоў. З гэтай нагоды ў раённым Цэнтры культуры і адбыўся бенефіс творчага калектыву, які вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Цікава, што можа атрымацца, калі разам збяруцца некалькі таленавітых асоб? Ды шмат чаго! Напрыклад, … тэатр, самы што ні на ёсць сапраўдны тэатр. Спачатку была ідэя. Аднойчы, дваццаць гадоў таму, па ініцыятыве Любові Галубовіч, загадчыка аддзела культурна-масавай і метадычнай работы РЦК, сабраліся разам Генадзь Ярмак, Наталля Рыбак, Тамара Дрожжа, Аляксандр Драніч, Сяргей Віннік. Атрымалася моцная каманда для ўдзелу ў конкурсе культарганізатараў, які праводзіў Мінскі абласны метадычны цэнтр. Гэтым жа саставам крыху пазней выступалі ў Дзяржынску. Дарэчы, адно з’яўленне на сцэне Сяргея Вінніка (вельмі ж творчая асоба!) выклікала ў гледачоў усмешку ў прадчуванні сапраўднай весялосці. Пазней прыйшлі Таццяна Вошкат, Алена Дзямідчык, Ірына Дзямідчык, Уладзімір Драчан, Вольга Аліхоўская. А Марына Бурак з Браткава – сапраўдны носьбіт народнага гумару. Сяргей Мялешка, Юрый Раманейка, Сяргей Цвірко сваёй неардынарнай прывабнасцю змаглі стварыць цікавыя вобразы. Незвычайна творчай асобай з’яўляецца і Наталля Лятчэня, якая здзіўляе гледачоў яскравым акцёрскім майстэрствам. Так і нарадзіўся вядомы ўжо не толькі ў нашай краіне народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі”. –  Я – шчаслівы чалавек,  –  сцвярджае Любоў Галубовіч. – Жыццё падарыла мне сустрэчу з такімі таленавітымі і вельмі вясёлымі людзьмі. Як нараджаецца пастаноўка Спачатку асноўную частку рэпертуару складалі гульнёва-забаўляльныя праграмы, потым – шоу-праграмы. Сёння ў скарбонцы “Пацех” шмат разнастайных пастановак. Сцэнарыі стварае Любоў Галубовіч. “Аднойчы, – усміхаецца Любоў Пятроўна, – рыхтавалі праграму “Пахаванне свінні”. Вельмі цікавы праект! Свіння па змесце пастаноўкі – гэта ўвасабленне негатыўных якасцей чалавека. Па сюжэце было пераапрананне мужчын у жанчын і наадварот. Пастаноўку ўбачыў Анатоль Жданеня, тады яшчэ старшыня гаспадаркі ў Семежаве. Вярнуўся ў вёску, прыйшоў у Дом культуры ды кажа: “Зрабіце, як у Капылі!” Вельмі даспадобы яму прыйшлася гэтая праграма! Кіруе талент Да кожнага выступлення тут рыхтуюць новы праект: двойчы паўтарацца нецікава. Пры стварэнні сцэнарыяў Любоў Пятроўна выкарыстоўвае цікавыя выпадкі з жыцця, можа ўзяць ідэю з тэлеэкрана. Дапамагае нейкая сіла, назву якой Любоў Пятроўна даць не можа, але я лічу, што імя гэтай невядомай сілы – Яго Вялікасць Талент. Часам аўтар да апошняга не ведае, што атрымаецца на сцэне. А бывае і так: можа прачнуцца сярод ночы і яскрава ўбачыць эпізод, нават калі ён быў задуманы і зроблены па-іншаму. Аднак артысты разумеюць свайго мастацкага кіраўніка, нават і тады, калі яна сама не можа растлумачыць ідэю. Але талент – ён адзін на ўсіх. Памятае Любоў Пятроўна і такі выпадак. Ідзе пастаноўка. І раптам кіраўнік тэатра разумее, дзе і як павінен стаяць персанаж. У думках, як кажуць, тэлепатычна, яна быццам кажа артысту, куды і як рухацца. І вось яно, дзіва: выканаўца зрабіў усё так, як “загадала” Любоў Пятроўна! Не абыходзіцца пры напісанні сцэнарыяў і без твораў класікаў беларускай літаратуры. Да 100 і 110-годдзя К. Крапівы рыхтавалі праграму “На грышчы ў Агаты”. За яе і “ўзялі” яшчэ адно званне лаўрэата на абласным фестывалі “Капыльскія пацехі”, які праходзіць у нашым горадзе. Мова народная мова родная Прыхільнікі тэатра ведаюць, што большасць пастановак адбываецца на беларускай мове. Гэта і зразумела. Родная мова з вуснаў артыстаў гучыць вельмі прыгожа і меладычна, а многія гумарэскі ды жарты толькі і зразумелыя па-беларуску. Сапраўднымі разынкамі з’яўляюцца песні і частушкі на роднай мове. Аднак ёсць некалькі праграм на рускай: “Кабачок “Маргарита”, “Человек – это звучит гордо”, ”Приколы агрогородка” і некалькі іншых пастановак. Бенефіс адбыўся! Дваццаць гадоў для тэатра – гэта толькі пачатак росквіту, час, калі таленту дапамагае прафесіяналізм і вопыт.Да свята гумару, якое адбылося 1 красавіка, тэатр рыхтаваў прэм’еру, куды ўвайшлі ўрыўкі з гумарыстычных праграм розных гадоў, гульні. Паўтары гадзіны гумару праляцелі, як адно імгненне, і падарылі гледачам сапраўднае свята і магчымасць стаць удзельнікамі старадаўняй беларускай гульні “У пана”. Таксама на сцэне з’явіліся героі “Кірмашовых замалёвак”, мініяцюры па матывах аповесці В. Шукшына “Да трэціх пеўняў”, камедыі А. Дзялендзіка “Смак яблыка”. “З апошняй пастаноўкай звязана вельмі цікавая гісторыя, – крыху загадкава ўсміхаецца Любоў Пятроўна. – Пасля яе інсцэнізацыі нарадзіліся дзеткі ў сем’ях выканаўцаў: Вольгі Даманскай, Сяргея Цвірко, Любові Дубовік. Вось якая яна чароўная!” Культура прыгажосці Які ж народны калектыў без народных касцюмаў? У самым пачатку існавання “Пацехі” выступалі ва ўбраннях, якія былі ў той час у раённым Доме культуры. Потым шылі для сябе спадніцы з настольнікаў, паркалю, якія ўручную вышывалі майстрыхі з Лешні і Семежава. А ўжо ў 2000 годзе кірмашовыя сцэнічныя касцюмы заказвалі ў Капыльскім РКБА. Потым пашылі новы камплект прыгожых касцюмаў. Зараз плануюць пры дапамозе аддзела культуры райвыканкама заказаць адзенне крыху ўцепленае для выступленняў на вуліцы. Па старонках гастроляў Немагчыма расказаць пра “Капыльскія пацехі”, калі не ўспомніць пра іх гастролі як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях. У час правядзення Дзён беларускай культуры ў Маскве яе жыхары мелі магчымасць усміхацца разам з героямі “Кірмашовых замалёвак”. У Паўднёва-Усходняй  акрузе расійскай сталіцы гучала рэха творчага праекта “На Купалле”. Выступалі і ў Чэхаве. Купальскую праграму рыхтавалі і да рэспубліканскага ўсебеларускага фестывалю гумару “Аўцюкі”, у якім, дарэчы, выступалі тройчы. Высокае званне лаўрэата гэтага фестывалю двойчы стала заслужанай узнагародай. Ад тэатра  – да фестывалю Традыцыі народнай гульні і гумару Капыльшчына захоўвае і развівае здаўна. Менавіта першы ў вобласці тэатр гульні “Капыльскія пацехі” і стаў у 2000 годзе на чале з кіраўніком Л. П. Галубовіч ініцыятарам правядзення абласнога фестывалю гульні і гумару. Аматарскія калектывы і асобныя выканаўцы выступаюць у розных жанрах: тэатралізаваная, гумарыстычная і гульнёвая праграмы, інсцэніроўка байкі, фельетон, гумарэска, небыліца, розыгрыш, мініяцюра, гумарыстычны танец, інструментальная замалёўка ці песня, пародыя, прыпеўка. Як сапраўдны стратэг, Любоў Галубовіч ужо дакладна ведае, да якога мерапрыемства калектыву трэба рыхтавацца ў бліжэйшы час. Дазволім сабе крышачку падгледзець: у верасні ў Слуцку адбудзецца свята “Слуцкія паясы”. Каб стварыць па-сапраўднаму эксклюзіўную праграму, артысты ўжо зараз шукаюць старадаўнія беларускія гульні, бо спецы-фіка менавіта гэтага свята – гульні з паясамі. Таямніцы таленту артыстаў Ведаеце, артысты “Капыльскіх пацех” на самай справе зусім не артысты. Як такое можа быць? А вельмі проста: выступленне ў складзе калектыву аб’ядноўвае бухгалтара і дырэктара, настаўніка і чыноўніка. А тэатр, насамрэч, для душы, для сапраўднага народнага Таленту. Мабыць, таму і атрымоўваецца ствараць многія вобразы, як кажуць, з натуры. “Я вельмі ўдзячна родным і блізкім артыстаў за  іх разуменне і цярпенне, за тое, што сваім чаканнем яны дапамагаюць існаванню нашага тэатра. Ведаеце, рэпетыцыі, асабліва генеральныя, могуць доўжыцца і ўвесь дзень. А бывае і так, што сустракаемся ўрыўкамі: зараз адны, крыху пазней наступныя акцёры. Выхадныя? Калі-некалі здараецца і выхадны”, – падводзіць вынікі Любоў Пятроўна. Матэрыял падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА. Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей