Cпоўнілася 40 гадоў, як Слабада-Кучынская прыклубная бібліятэка была ператворана ў Слабада-Кучынскую сельскую бібліятэку
А пачыналася ўсё значна раней. У 1923 годзе татарын Д. Ясінскі аддаў пад клуб вялікае памяшканне ў сваёй хаце-карчме. Там і быў створаны невялічкі бібліятэчны куток. Першыя кнігі ў бібліятэку прынёс Сяргей Гурыновіч — сакратар камсамольскай арганізацыі. Вясковая моладзь ладзіла спектаклі, а на выручаныя грошы набывала газеты, часопісы і кнігі. Загадчыкам прыклубнай бібліятэкі стаў Гурыновіч Ф. І. Газеты атрымлівалі са спазненнем на тыдзень. Асабліва карысталіся попытам у сялян газеты “Бедната” і “Вёска”. Камсамольцы любілі чытаць “Камсамольскую праўду”. Праводзіліся дні палітычнай вучобы, чыталіся лекцыі.
Пасля вайны была адкрыта хата-чытальня, якая знаходзілася недалёка ад сучаснай бібліятэкі. Гэта была невялічкая хатка, дзе размясціліся сельскі Савет, кантора і ў калідорчыку бібліятэка. Паколькі месца было мала, у сцяне прарэзалі акенца, праз якое і выдаваліся кнігі чытачам прама на парозе. Загадчыкам бібліятэкі працаваў Салановіч Пётр. Затым хатку разабралі, а пабудаваны побач клуб стаў прыклубнай бібліятэкай. Але і тут яна не засталася. Бібліятэку, сельскі Савет, кантору перанеслі ў свабодную хату, дзе раней жылі рэпрэсіраваныя Калпакі. І вось ужо большую частку будынка заняла прыклубная бібліятэка.
У 1960-я ў бібліятэцы працавалі Аляксандра Рымашэўская (Косціна), Ніна Хілько (Каспяровіч), Марыя Ярмалінская.
З успамінаў Аляксандры РЫМАШЭЎСКАЙ (здымак 1):
— Я дастаўляла кнігі па паляводчых брыгадах на веласіпедзе. Для рабочых — мастацкую літаратуру, а для спецыялістаў падбірала навуковыя выданні. Асабліва запомніліся падзеі, звязаныя з палётам у космас Юрыя Гагарына. Чытачы разбіралі ўсе газеты, часопісы і кнігі, якія расказвалі пра гэта. Праца ў бібліятэцы дапамагла мне ў жыцці.
Аляксандра Міхайлаўна скончыла БДУ імя У. І. Леніна. Доўгі час працавала ў Акадэміі Навук (Інстытут мікрабіялогіі).
Расказвае Ніна ХІЛЬКО:
— У 1963-1966 гг. аднавяскоўцы наведвалі адначасова і клуб, і бібліятэку. Чытачам вельмі падабаўся часопіс “Огонек”. У той час бібліятэка працавала над выхаваннем моладзі на баявых і працоўных традыцыях. Камсамольская арганізацыя саўгаса “Крыніца” (235 чалавек), якую я ўзначальвала, выпускала “Баявы лісток” і “Молнию”. Сумесна з настаўнікамі праводзілі канферэнцыі, конкурсы для чытачоў. Вельмі змястоўнымі былі тэатральныя пастаноўкі па творах Івана Шамякіна (“Сэрца на далонях”), дзе выступаў дырэктар Слабада-Кучынскай СШ І. С. Трацэўскі са сваімі навучэнцамі.
З 1973 года бібліятэку ўзначаліла
Соф’я Клюйка (здымак 2). Любімай справе гэта жанчына аддала больш за 20 гадоў
свайго жыцця. Пашырыўся кніжны фонд, у бібліятэцы з’явіўся тэлевізар. За творамі Аляксандра Дзюма, Васіля Быкава, Аляксандра Ардамацкага выстройвалася чарга, запісваліся наперад, каб атрымаць запаветны экзэмпляр. У бібліятэцы можна было падрыхтавацца да заняткаў школьнікам, студэнты бралі літаратуру для рэфератаў і дыпломных работ. Сыны Соф’і Сцяпанаўны, Ігар і Сяргей, большую частку часу праводзілі ў бібліятэцы. Сёння яны ваенныя (палкоўнік і падпалкоўнік), праходзяць службу ў Таманскай дывізіі ў Расіі. І ў гэтым заслуга іх маці.
Сёння ў Слабада-Кучынскай сельскай бібліятэцы працуе
Валянціна Барташэвіч (здымак 3). З захапленнем і творчасцю ў 1999 годзе яна ўзялася за працу.
Краязнаўчая дзейнасць стала адным з вядучых кірункаў дзейнасці бібліятэкі. Па ініцыятыве Валянціны Зянонаўны ў бібліятэцы створаны музейны куток, дзе размешчаны больш за 100 экспанатаў: прадметы быту і адзення, асабістыя рэчы жыхароў, фота- і дакументальныя матэрыялы па гісторыі вёскі.
Слабада-Кучынская сельская бібліятэка стала не толькі інфармацыйным цэнтрам вёскі, а і сацыякультурным, камунікатыўным. Увесь час арганізоўваюцца выставы народных умельцаў “Рукамі нашых чытачоў”, у якіх удзельнічалі Раіса Ясючэня і Ніна Краўчанка (вышыванне гладдзю), Аляксандр Кандыбовіч (чаканка па метале), Вольга Барташэвіч (вышыванне крыжыкам). Выстаўляла свае работы і народны творца з Віцебска Людміла Кандыбовіч.
Бібліятэка абслугоўвае шэсць вёсак. Запыты чытачоў рознабаковыя. У вёсцы Вялешына-1 запатрабаваны дэтэктывы і кнігі пра каханне. У Слабада-Кучынцы — часопісы “Гаспадыня”, “Народный доктор”, “Хозяин”. Самы старэйшы чытач бібліятэкі — 87-гадовая Алена Луцэвіч з пасёлка Заполле, а самы малодшы — чатырохгадовая Дар’я Астрэйка з Слабада-Кучынкі. Па колькасці наведванняў бібліятэкі і ўзятай літаратуры лідзіруе навучэнка 4-га класа Хрысціна Кавальчук (60 і 156, адпаведна). Сапраўднымі сябрамі бібліятэкі сталі навучэнцы ДУА “Слабадакучынская СШ” Яна Коршук, Таццяна Сянькевіч, Кірыл і Данііл Кандыбовічы. Дарэчы, Валянціна Барташэвіч наладзіла добрае супрацоўніцтва з школай, сельскім клубам. Праводзяцца сумесныя конкурсы, ранішнікі, вечары, семінары. Бібліятэкар прымае актыўны ўдзел у рабоце рэгіянальнага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў. І сёння з упэўненасцю можна сказаць, што, дасягнуўшы юбілейнай адзнакі, Слабада-Кучынская сельская бібліятэка, дзякуючы руплівай працы Валянціны Барташэвіч, стала цэнтрам нацыянальнай культуры в. Слабада-Кучынка.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Слабадакучынская СШ”, кіраўнік рэгіянальнага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў
Комментарии