Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

admin_222

admin_222

Дадзены старт жніву

20.10.2024

Афіцыйны старт уборачнай кампаніі на Капыльшчыне далі раённыя “Зажынкі”, якія 20 ліпеня прайшлі ў МАУП “Доктаравічы”.

Сюды на прыгожа аздобленае поле каля аграгарадка сабраліся яго шматлікія жыхары, кі-раўніцтва раёна, сельгаспрадпрыемстваў і галоўныя госці свята – камбайнеры і вадзіцелі мясцовай гаспадаркі, якія будуць убіраць вырашчаны ўраджай.

Сёлетні год выдаўся для хлебаробаў нялёгкім (хоць наогул лёгкага хлеба ніколі не бывае – Т. Р.): моцныя лютаўскія маразы, вясенняя непагадзь, шквалістыя летнія вятры і праліўныя дажджы пайшлі не на карысць будучаму ўраджаю, аднак, па ацэнках спецыялістаў, на палетках Капыльшчыны ён вырас не горшы, чым у мінулым годзе (у 2009 у раёне ў амбарнай вазе атрымалі 150,8 тыс. тон – самы высокі намалот у вобласці – Т. Р.). Менавіта на дасягненне мінулагодняга рэзультата настройвала кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, меха-нізатараў у сваім выступленні в. а. старшыні раённага  выканаўчага камітэта Ірына Кісляк.

“Сёння жніво ўжо стартавала ў раёне, — адзначыла Ірына Мікалаеўна. – Убрана больш за 2 тыс. га збожжавых. Убіраецца рапс. Але гэта мізэр. Нам трэба ўбраць амаль 40 тыс. га, да 1 жніўня намалаціць 109 тыс. тон, а ўсяго атрымаць больш за 160 тыс. тон. Выкананне пастаўленых задач будзе залежаць ў першую чаргу ад механізатараў, іх рукамі і стараннямі ўбіраецца хлеб, а таксама ад спецыялістаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, перад якімі стаіць задача вырашаць арганізацыйныя пытанні ўборачнай кампаніі”. Ірына Кісляк пажадала хлебаробам моцнага здароўя, высокіх намалотаў і працоўных перамог і выказала надзею, што колькасць экіпажаў-тысячнікаў сёлета  не зменшыцца ў параўнанні з мінулым годам.

На свяце першага снапа сёлета ўпершыню ў якасці госця, а не кіраўніка раёна, вітаў яго ўдзельнікаў Міхаіл Бода, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. “Я спадзяюся, што вы, як і ў мінулыя гады, зробіце ўсё магчымае і немагчымае, каб атрымаць бліскучую перамогу і пацвердзіць свой высокі леташні намалот. Паверце, я буду вельмі рады”, — сказаў Міхаіл Тарасавіч і выказаў пажаданне, каб хлебаробы спяшаліся павольна, каб усе заставаліся жывымі і здаровымі.

Зажынкі – адзін з самых старажытных земляробчых абрадаў. І арганізатары сёлетняга раённага свята пастараліся захаваць і перадаць гэтыя славянскія традыцыі: узнёслыя пранікнёныя звароты вядучых (Вячаслава Курчыка і Любові Дубовік) да ўдзельнікаў свята, да хлебнай нівы, Боскае бласлаўленне з вуснаў благачыннага цэркваў Капыльскай акругі айца Сергія ўсіх працаўнікоў і асвячэнне збажыны і тэхнікі. І, бадай, самы хвалюючы момант: жнеі – сталыя жанчыны ў нацыянальным адзенні, удзельнікі фальклорнага калектыву в. Вуглы – з абрадавымі прымаўкамі і песняй ідуць праз “жывы калідор” мясцовых дзяцей зажынаць першы сноп, а над полем разносіцца гучная мелодыя беларускай дудкі ў выкананні Аляксандра Булакевіча.

Зажаўшы першы сноп, жнеі з песняй нясуць яго да цэнтральнай пляцоўкі, уручаюць упрыгожаныя кветкамі і стужкамі снапы І. М. Кісляк, М. Т. Боду і дырэктару МАУП “Доктаравічы” У. У. Дземянкову. Снапамі доктаравіцкага поля віншуюць таксама кіраўнікоў усіх гаспадарак раёна і экіпажы механізатараў. Гаспадару ўручаюць вянок з каласоў, ён танчыць са жняёй традыцыйную польку, а затым звяртаецца з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў свята і просіць прысутных прыняць хлеб і пачаставацца караваем з мукі леташняга ўраджаю. Святочны настрой ствараюць фальклорны калектыў в. Вуглы і народны ансамбль народнай музыкі “Капыляне”.

Нарэшце наступае кульмінацыйны момант: У. У. Дземянкоў  аддае каманду экіпажам: “Па машынах!”, чуецца рокат магутных рухавікоў, і 6 камбайнаў накіроўваюцца да хлебнай нівы, каб урачыста адкрыць жніво-2010 на Капыльшчыне.

У добры час, хлебаробы!

Таццяна РАІЦКАЯ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

"Летний замор" рыбы

20.10.2024

В связи с установившейся высокой температурой, слабым притоком воды, разложением иловых отложений в пруду №1 г. Копыля резко снизился уровень растворенного кислорода в воде. В результате произошла массовая гибель («летний замор») рыбы. Об этом сообщил начальник районной инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды В. М. Жогло.

Василий Михайлович рассказал, что для минимизации последствий замора были проведены необходимые мероприятия: Слуцкой межрайонной лабораторией 17 июля взяты пробы воды в пруду №1 и речках Мажа и Каменка до впадения в водоем; Копыльским ПМС произведено известкование участков водотоков, впадающих в пруд; погибшая рыба собрана и утилизирована работниками КУП «Копыльское ЖКХ» и РОС БООР.

Тэлебачанне дзецям

20.10.2024

Тэлеперадачы і кіно для дарослых пераважаюць на сучасным тэлебачанні. Для дзяцей, нягледзячы на тое, што лета, канікулы, малыя шмат часу праводзяць дома, колькасць перадач і фільмаў нязначная. Бацькам можна толькі параіць, каб яны адказна выконвалі бацькоўскі абавязак, выбіраючы для прагляду толькі тыя перадачы, якія спецыяльна прадугледжаны для дзяцей. Прыкладам такіх перадач могуць служыць “Калыханка” і “Добры вечар, малыш”.

Але і тут не ўсё так проста. Два тэлеканалы – СТБ і ЛАД – прапануюць малышам перад сном паглядзець мультфільм. Гэта, канечне ж, добра. Тым больш, што ў эфір яны выходзяць паслядоўна, амаль адна за другой, ёсць магчымасць паглядзець дзве тэлеперадачы. Выбар за бацькамі.

На тэлеканале ЛАД дзецям прапануецца “Калыханка”, якая некалькі год таму выходзіла на БТ. Усіх маленькіх гледачоў вітаюць у 21.00 два прыемныя добрыя звяркі – медзведзяня Топа і ліска Яначка. Да іх у ходзе размовы далучаюцца Маляваныч і Фея (іх ролі выконваюць  беларускія артысты). На працягу 6-9 хвілін вядучымі разыгрываюцца павучальныя сцэнкі, напрыклад, пра патрэбу асабістай гігіены, аб шкодных звычках, аб добрых учынках, ёсць і тэматычныя святочныя перадачы. Яшчэ трэба дадаць, што ў вядучых вельмі прыемныя галасы, добрая дыкцыя, і, да таго ж, што асабіста я лічу самым вялікім плюсам, перадача выходзіць толькі на роднай беларускай мове. Астатнія 10-14 хвілін эфіру  займае мультфільм. Асаблівая падзяка рэдактарам праграмы за выбар мультыплікацыі. Кожны будні вечар не толькі маленькія гледачы, але і іх бацькі могуць атрымаць асалоду ад прагляду павучальных, цікавых, савецкіх мультфільмаў. Тэлеканал ЛАД не забывае і пра сучаснасць – паказваюць мультфільмы і апошніх гадоў выпуску. Яшчэ чым можа зацікавіць “Калыханка” – гэта застаўкай. Ну як можа не прывабіць песня, у суправаджэнні анімацыі, у выкананні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча!

На тэлеканале СТБ перадача “Добры вечар, малыш” у эфір   выходзіць у 20.15 і вядзецца толькі на рускай мове. Ды і вядучыя на першы погляд не зусім зразумелыя. Двум вугалькам – Угу і Лёку – дапамагаюць Цётка Чапяла і дзяўчынка (лялька) Агнюша. Каля пяці хвілін перадачы займае гутарка герояў пераважна аб сяброўстве. А затым на працягу дзесяці хвілін нашай увазе прапануюцца мультфільмы, часцей за ўсё замежныя, не зусім якасныя як па анімацыі, так і па змесце. Да таго ж, большасць мультфільмаў серыйныя, спыняюцца на паўсерыі, а ў наступным выпуску мы вымушаны глядзець заканчэнне адной серыі і пачатак другой. А вось застаўка прываблівае дзяцей.

У адной і другой перадачы ёсць агульны недахоп – яны не выходзяць па выхадных днях, нібы у суботу ці нядзелю маленькім не хочацца перад сном паглядзець мультфільм.

Магчыма, камусьці ўсё роўна, што глядзяць іх дзеці. Тады зразумела, што ім падыходзяць дзве гэтыя перадачы. А тым, каму неабыякава наша будучае, трэба зрабіць выбар, што лепей для іх дзяцей:  пачуць прыклад нашай літаратурнай мовы, праз якую рэалізуюцца выхаваўчыя мэты, ды яшчэ паглядзець якасны мультфільм, альбо прэзентаваць сябе сучаснымі і моднымі бацькамі і выбіраць для сваіх малых сучасныя “мульцікі” ні пра што…

Але што б вы не выбралі, памятайце, што гавораць навукоўцы: тэлебачанне не зробіць вашых дзяцей разумнымі пры бязмэтавым і бесперапынным праглядзе.

Кацярына ЧЫГІРОВА,

студэнтка 5 курса БДПУ імя М. Танка

І пасля пенсіі жыцце працягваецца

20.10.2024

Многія людзі думаюць, чым сябе заняць на пенсіі. Работы шмат, асабліва ў вёсцы. Праца на прысядзібным участку, хатняя жывёла - усё гэта вельмі добра. Але як адпачываць? Можа, пасядзець на лаве каля хаты або схадзіць у мясцовую краму, каб даведацца пра навіны? Таксама нядрэнна, але гэта не адпачынак.

У вёсцы Бучаціна Капыльскага раёна пенсіянеры праводзяць свой вольны час па-іншаму. На базе вясковай бібліятэкі спецыяльна для іх створаны клуб “Аднавясковец”. Арганізавалі яго старшыня савета ветэранаў Таццяна Мікалаеўна Лагун  і бібліятэкар Валянціна Яўгенаўна Драбеня.

Кожны месяц у клубе праходзіць віншаванне юбіляраў і імяніннікаў. З’язджаецца шмат гасцей не толькі з Бучаціна, але і з суседніх вёсак: Лютовічы, Ракіні, Садавічы, Смалічы і іншых. СВК “Ціміразеўскі” і Бучацінская сярэдняя школа аказваюць транспартную дапамогу: выдзяляецца аўтобус для падвозу пенсіянераў.

Вучні Бучацінскай сярэдняй школы таксама актыўна ўдзельнічаюць у правядзенні мерапрыемстваў. Яны заўседы здзіўляюць пенсіянераў мілагучнай песняй, прыгожымі вершамі і вясёлымі танцамі. Кіруе арганізацыяй канцэртнай праграмы настаўніца Валянціна Іванаўна Бань. Ды і самі пенсіянеры ідуць у  нагу з моладдзю. Яны прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах: лепшы танцор, лепшая частушка, лепшая песня. Гучыць вясёлая музыка, чуецца звонкі смех - людзі адпачываюць душой.

Для пажылых людзей заўсёды накрываюць салодкі стол. У такіх прыемных умовах хочацца жартаваць з сябрамі, а не думаць пра свае праблемы і скардзіцца на хваробы.

У клубе “Аднавясковец” праводзяцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі ў госці запрасілі Паўла Адамавіча Германовіча — жыхара вёскі Лютовічы. Ён расказаў пра цяжкія ваенныя гады. Была арганізавана выстава яго карцін.

У клубе сёлета праходзіла сустрэча з народнымі ўмельцамі. Тут можна было пазнаёміцца з вырабамі, створанымі сваімі рукамі: вышываннем, пляценнем з саломкі і бісеру, вырабамі з цеста, вязаннем. Было вельмі цікава. У выставе прынялі актыўны ўдзел Ніна Васільеўна Коўзусь, Валянціна Іванаўна Бань, Валянціна Васільеўна Шумская, Тамара Паўлаўна Прыма і іншыя.

Клуб “Аднавясковец” дапамагае ветэранам і пенсіянерам весці актыўны лад жыцця, забыцца пра свой узрост. Вельмі важна зразумець, што жыццё працягваецца і пасля пенсіі. Добра, што ёсць такія людзі, якія не даюць сумаваць у адзіноце, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу. Так трымаць!

Таццяна ГРЫНЕВІЧ,

студэнтка 5 курса БДПУ імя М. Танка

Уклад у выхаванне моладзі

20.10.2024

Рэспубліканскі конкурс, васемнаццаты па ліку, праводзіла Міністэрства культуры краіны з мэтай узмацнення ролі публічных бібліятэк у фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджвання ідэі беларускасці, прапаганды нацыянальнай спадчыны гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры. У конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” за 2009 год у намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” трэцяя прэмія прысуджана Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы сеткі публічных бібліятэк Капыльскага раёна (загадчыца Надзея Рудэнка, бібліятэкар ІІ катэгорыі Зінаіда Станкевіч).

Марыя ШЭІНА

Страница 146 из 228