Афіцыйны старт уборачнай кампаніі на Капыльшчыне далі раённыя “Зажынкі”, якія 20 ліпеня прайшлі ў МАУП “Доктаравічы”.
Сюды на прыгожа аздобленае поле каля аграгарадка сабраліся яго шматлікія жыхары, кі-раўніцтва раёна, сельгаспрадпрыемстваў і галоўныя госці свята – камбайнеры і вадзіцелі мясцовай гаспадаркі, якія будуць убіраць вырашчаны ўраджай.
Сёлетні год выдаўся для хлебаробаў нялёгкім (хоць наогул лёгкага хлеба ніколі не бывае – Т. Р.): моцныя лютаўскія маразы, вясенняя непагадзь, шквалістыя летнія вятры і праліўныя дажджы пайшлі не на карысць будучаму ўраджаю, аднак, па ацэнках спецыялістаў, на палетках Капыльшчыны ён вырас не горшы, чым у мінулым годзе (у 2009 у раёне ў амбарнай вазе атрымалі 150,8 тыс. тон – самы высокі намалот у вобласці – Т. Р.). Менавіта на дасягненне мінулагодняга рэзультата настройвала кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, меха-нізатараў у сваім выступленні в. а. старшыні раённага выканаўчага камітэта Ірына Кісляк.
“Сёння жніво ўжо стартавала ў раёне, — адзначыла Ірына Мікалаеўна. – Убрана больш за 2 тыс. га збожжавых. Убіраецца рапс. Але гэта мізэр. Нам трэба ўбраць амаль 40 тыс. га, да 1 жніўня намалаціць 109 тыс. тон, а ўсяго атрымаць больш за 160 тыс. тон. Выкананне пастаўленых задач будзе залежаць ў першую чаргу ад механізатараў, іх рукамі і стараннямі ўбіраецца хлеб, а таксама ад спецыялістаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, перад якімі стаіць задача вырашаць арганізацыйныя пытанні ўборачнай кампаніі”. Ірына Кісляк пажадала хлебаробам моцнага здароўя, высокіх намалотаў і працоўных перамог і выказала надзею, што колькасць экіпажаў-тысячнікаў сёлета не зменшыцца ў параўнанні з мінулым годам.
На свяце першага снапа сёлета ўпершыню ў якасці госця, а не кіраўніка раёна, вітаў яго ўдзельнікаў Міхаіл Бода, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. “Я спадзяюся, што вы, як і ў мінулыя гады, зробіце ўсё магчымае і немагчымае, каб атрымаць бліскучую перамогу і пацвердзіць свой высокі леташні намалот. Паверце, я буду вельмі рады”, — сказаў Міхаіл Тарасавіч і выказаў пажаданне, каб хлебаробы спяшаліся павольна, каб усе заставаліся жывымі і здаровымі.
Зажынкі – адзін з самых старажытных земляробчых абрадаў. І арганізатары сёлетняга раённага свята пастараліся захаваць і перадаць гэтыя славянскія традыцыі: узнёслыя пранікнёныя звароты вядучых (Вячаслава Курчыка і Любові Дубовік) да ўдзельнікаў свята, да хлебнай нівы, Боскае бласлаўленне з вуснаў благачыннага цэркваў Капыльскай акругі айца Сергія ўсіх працаўнікоў і асвячэнне збажыны і тэхнікі. І, бадай, самы хвалюючы момант: жнеі – сталыя жанчыны ў нацыянальным адзенні, удзельнікі фальклорнага калектыву в. Вуглы – з абрадавымі прымаўкамі і песняй ідуць праз “жывы калідор” мясцовых дзяцей зажынаць першы сноп, а над полем разносіцца гучная мелодыя беларускай дудкі ў выкананні Аляксандра Булакевіча.
Зажаўшы першы сноп, жнеі з песняй нясуць яго да цэнтральнай пляцоўкі, уручаюць упрыгожаныя кветкамі і стужкамі снапы І. М. Кісляк, М. Т. Боду і дырэктару МАУП “Доктаравічы” У. У. Дземянкову. Снапамі доктаравіцкага поля віншуюць таксама кіраўнікоў усіх гаспадарак раёна і экіпажы механізатараў. Гаспадару ўручаюць вянок з каласоў, ён танчыць са жняёй традыцыйную польку, а затым звяртаецца з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў свята і просіць прысутных прыняць хлеб і пачаставацца караваем з мукі леташняга ўраджаю. Святочны настрой ствараюць фальклорны калектыў в. Вуглы і народны ансамбль народнай музыкі “Капыляне”.
Нарэшце наступае кульмінацыйны момант: У. У. Дземянкоў аддае каманду экіпажам: “Па машынах!”, чуецца рокат магутных рухавікоў, і 6 камбайнаў накіроўваюцца да хлебнай нівы, каб урачыста адкрыць жніво-2010 на Капыльшчыне.
У добры час, хлебаробы!
Таццяна РАІЦКАЯ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии