Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

88

І пасля пенсіі жыцце працягваецца

23.07.2010

Многія людзі думаюць, чым сябе заняць на пенсіі. Работы шмат, асабліва ў вёсцы. Праца на прысядзібным участку, хатняя жывёла - усё гэта вельмі добра. Але як адпачываць? Можа, пасядзець на лаве каля хаты або схадзіць у мясцовую краму, каб даведацца пра навіны? Таксама нядрэнна, але гэта не адпачынак.

У вёсцы Бучаціна Капыльскага раёна пенсіянеры праводзяць свой вольны час па-іншаму. На базе вясковай бібліятэкі спецыяльна для іх створаны клуб “Аднавясковец”. Арганізавалі яго старшыня савета ветэранаў Таццяна Мікалаеўна Лагун  і бібліятэкар Валянціна Яўгенаўна Драбеня.

Кожны месяц у клубе праходзіць віншаванне юбіляраў і імяніннікаў. З’язджаецца шмат гасцей не толькі з Бучаціна, але і з суседніх вёсак: Лютовічы, Ракіні, Садавічы, Смалічы і іншых. СВК “Ціміразеўскі” і Бучацінская сярэдняя школа аказваюць транспартную дапамогу: выдзяляецца аўтобус для падвозу пенсіянераў.

Вучні Бучацінскай сярэдняй школы таксама актыўна ўдзельнічаюць у правядзенні мерапрыемстваў. Яны заўседы здзіўляюць пенсіянераў мілагучнай песняй, прыгожымі вершамі і вясёлымі танцамі. Кіруе арганізацыяй канцэртнай праграмы настаўніца Валянціна Іванаўна Бань. Ды і самі пенсіянеры ідуць у  нагу з моладдзю. Яны прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах: лепшы танцор, лепшая частушка, лепшая песня. Гучыць вясёлая музыка, чуецца звонкі смех - людзі адпачываюць душой.

Для пажылых людзей заўсёды накрываюць салодкі стол. У такіх прыемных умовах хочацца жартаваць з сябрамі, а не думаць пра свае праблемы і скардзіцца на хваробы.

У клубе “Аднавясковец” праводзяцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі ў госці запрасілі Паўла Адамавіча Германовіча — жыхара вёскі Лютовічы. Ён расказаў пра цяжкія ваенныя гады. Была арганізавана выстава яго карцін.

У клубе сёлета праходзіла сустрэча з народнымі ўмельцамі. Тут можна было пазнаёміцца з вырабамі, створанымі сваімі рукамі: вышываннем, пляценнем з саломкі і бісеру, вырабамі з цеста, вязаннем. Было вельмі цікава. У выставе прынялі актыўны ўдзел Ніна Васільеўна Коўзусь, Валянціна Іванаўна Бань, Валянціна Васільеўна Шумская, Тамара Паўлаўна Прыма і іншыя.

Клуб “Аднавясковец” дапамагае ветэранам і пенсіянерам весці актыўны лад жыцця, забыцца пра свой узрост. Вельмі важна зразумець, што жыццё працягваецца і пасля пенсіі. Добра, што ёсць такія людзі, якія не даюць сумаваць у адзіноце, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу. Так трымаць!

Таццяна ГРЫНЕВІЧ,

студэнтка 5 курса БДПУ імя М. Танка


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей