Гэты доўгачаканы дзень наступіў. У нашым старажытным прыгожым гарадку сабраліся ўдзельнікі і госці XXVIII Дня беларускага пісьменства. Вабіць наш край сваёй багатай гісторыяй, духоўнымі традыцыямі, цудоўнай прыродай.
У канцэпцыю мерапрыемства пакладзена тэма Года народнага адзінства, якая стане неад’емнай часткай свята як на ўзроўні твораў, кніг, так і на ўзроўні прэзентаваных праектаў. Пра тое, як горад і раён рыхтаваліся да свята, прывітальныя словы гасцям — у гутарцы са старшынёй Капыльскага райвыканкама Сяргеем ПІЛІШЧЫКАМ.
— Сяргей Міхайлавіч, давайце адзначым самыя адметныя пераўтварэнні ў раёне пры падрыхтоўцы да свята.
— Вядома, што Капыль у верасні стане сталіцай адразу двух маштабных святаў — Дня беларускага пісьменства і абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021». Упэўнены, яны пройдуць на самым высокім узроўні. Рыхтавацца да іх пачалі яшчэ ў мінулым годзе.
Каб годна сустрэць гасцей, выкананы велізарны аб’ём работ. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні. Напрыклад, у горадзе заасфальтавана 28 дарог, 17 завулкаў, чатыры прыпыначныя пункты. Для прыёму шматлікай колькасці транспарту з’явіліся новыя аўтастаянкі каля дзіцячага сада № 6, каля цэнтральнай раённай бальніцы, сучасны выгляд набыла стаянка на тэрыторыі аўтастанцыі. Не пакінуты па-за ўвагай і жылыя дамы, прыдамавыя тэрыторыі. На чатырох аб’ектах праведзены капітальны рамонт, на 27 — бягучы, у дварах з’явіліся дзіцячыя пляцоўкі, малыя архітэктурныя формы. Новы выгляд набылі будынкі райвыканкама, інтэрната ЖКГ, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (абсталяваны Цэнтр бяспекі), Дзіцячай школы мастацтваў, ДТСААФ. Адноўлены: плошча ў цэнтры з гандлёвымі радамі, будынак былога аддзялення ДАІ, кропкі грамадскага харчавання і магазіны (аформлены ў сучасным дызайне з заменай абсталявання, мэблі). Пасля рамонту больш высокаму ўзроўню сталі адпавядаць нумары ў нашай гасцініцы. Адметнасцю горада сталі тэматычныя графіці на сценах дамоў.
— Вядома, што шмат увагі нададзена аб’ектам сацыяльнай сферы, у тым ліку і для баўлення вольнага часу капылян.
— Безумоўна, унутры і звонку змяніўся раённы цэнтр культуры: створаны ўмовы для правядзення мерапрыемстваў рознага ўзроўню, перад ім з’явілася вялікая пляцоўка, а побач — інтэрактыўная Алея пісьменнікаў — ураджэнцаў Капыльшчыны. На ўездзе ў горад устаноўлена Алея гербаў гарадоў, якія прымалі свята беларускага пісьменства да гэтага часу. Упэўнены, будзе запатрабавана ў моладзі і дзіцячая бібліятэка з функцыянальнай відэазалай з аб’ёмным гукам. Аб’ект прызначаны далучыць больш дзяцей і да друкаванага слова, бо Капыльшчына дала краіне і свету столькі выдатных пісьменнікаў. Набылі новы выгляд раённы краязнаўчы музей, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, школы і гімназія Капыля, некаторыя аддзяленні і галоўны корпус цэнтральнай раённай бальніцы, будынак участка паштовай сувязі. Абсталявана скейт-пляцоўка, з якой па аснашчэнні (у Мінскай вобласці) можа канкурыраваць толькі падобны аб'ект у Салігорску.
— А як жа ішла падрыхтоўка ў сельскіх населеных пунктах?
— Яны таксама не засталіся ўбаку. Праз многія з іх да нас будуць ехаць госці. Добраўпарадкаваны тэрыторыі каля сельвыканкамаў, адміні-страцыйных будынкаў сельгас-прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, праведзены рамонты ў іх, а таксама некаторых дарог, устаноўлены архітэктурныя аб’екты. А вось жыхары аграгарадка Мажа атрымалі цудоўны падарунак да свята: зараз яны падключаны да цэнтральнага водазабеспячэння Капыля, у іх з’явілася магчымасць карыстацца вадой, што адпавядае неабходным стандартам.
— Хто выконваў усе гэтыя работы?
— Усе работы праводзіліся на ўмовах аб’яўленых тэндараў. Таму ўдзел у іх прымалі будаўнічыя арганізацыі з усёй Беларусі. Вядома ж, асноўны цяжар лёг на нашы прадпрыемствы: ДРБУ № 124, ЖКГ, РБУ, энергасэрвіс, ПМК-11, лясгас, прыватныя прадпрыемствы і інш. А самае галоўнае, што пасля святаў усе гэтыя выгоды застануцца людзям. Яны іх заслужылі.
— Сяргей Міхайлавіч, і напрыканцы Ваша прывітальнае слова да ўдзельнікаў і гасцей свята.
— Думаю, Дзень беларускага пісьменства адкрые многім яшчэ адзін самабытны куток Беларусі — Капыльшчыну, дзе гасцям заўсёды рады. Гэта свята, якое праходзіць у Год народнага адзінства, сапраўды яднае нас, беларусаў, увагай да такіх спрадвечных сімвалаў духоўнага жыцця, як кніга і слова. У слове захаваны наша шматвекавая гісторыя, наша народная мудрасць, наша культура. І гэта слова мы павінны зберагчы і пакінуць сваім нашчадкам.
Унікальнасць Дня беларускага пісьменства заключаецца ў тым, што кожны год свята мяняе прапіску сваёй сталіцы. Ва ўсіх гэтых гарадах на доўгія гады засталіся не толькі яркія ўспаміны пра веліч слова, але і шматлікія адноўленыя аб’екты культуры, сацыяльнай сферы, помнікі дойлідства, якія мацуюць нашу гістарычную спадчыну, робяць наша жыццё духоўна напоўненым і асэнсаваным.
Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ