У постаці таленавітай аўтаркі гісторыя беларускай літаратуры мае яшчэ адну са сваіх нераскрытых загадак.
[caption id="attachment_105378" align="aligncenter" width="400"]
▪ Зоф'я Манькоўская[/caption]
26 лістапада 1847 г. у сям’і дробнага беларускага шляхціца Адама Манькоўскага нарадзілася дачка Зоф’я, будучая паэтка-пяснярка. З боку маці яна даводзілася сваячкай (пляменніцай мужа сястры) паэту У. Сыракомлю. Адукацыю атрымала ў Вільні, дзе ў 1861–1866 гг. вучылася ў прыватным пансіёне Францішкі Клячкоўскай.
Манькоўская захапілася паэзіяй у раннім узросце. На імяніны ў 1862 г. Сыракомля падарыў аўтограф верша «Да панны Зоф'і Манькоўскай», такім чынам наканаваў дзяўчыне паэтычную будучыню:
Талент, які ў цябе, – гэта дар Божы,
Хай сябе ў песні радзімай яўляе,
Хай жа складаць табе песні паможа
Зоф’я Святая.
Неўзабаве З. Манькоўская выйшла замуж за афіцэра-артылерыста рускай арміі Вацлава Тшашчкоўскага. Як следства – была вымушана пакінуць родныя мясціны і паехаць за мужам у Расію. Маладая сям’я жыла ў Зарайску, затым у Ноўгарадзе.
Шлюб з вайскоўцам і пераезд істотна паўплывалі на далейшы лёс Зоф’і. Шмат гадоў яна была адарвана ад літаратурнага асяроддзя.
Падчас жыцця ў Ноўгарадзе Манькоўская пасябравала з Ф.П. Зянковічам, ссыльным удзельнікам паўстання 1863–1864 гг. і паплечнікам К. Каліноўскага. Гэта было лёсавызначальнае знаёмства. Зянковіч убачыў у асобе Манькоўскай таленавітага чалавека, натхніў яе, заахвоціў да далейшай працы. Менавіта на Наўгародчыне адбылося сапраўднае паэтычнае нараджэнне Зоф’і.
Свае публікацыі аўтарка падпісвала псеўданімам Адам М-скі (скарочанае ад імя бацькі Адам Манькоўскі), каб не нашкодзіць мужу-вайскоўцу. Амаль ніхто з літаратараў, крытыкаў і чытачоў не здагадваўся, што пад гэтым крыптанімам хаваецца жанчына.
У Ноўгарадзе З. Манькоўская сур’ёзна занялася літаратурнай творчасцю і перакладчыцкай дзейнасцю. Яна перакладала на польскую мову творы англійскай, партугальскай, французскай і чэшскай паэзіі. А ў 1884 г. адбылася вельмі хвалюючая для пачынаючай паэткі падзея. У часопісе «Tygodnik llustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік») былі надрукаваны яе вершы.
У 1890 г. у Кракаве выйшаў паэтычны зборнік на польскай мове «Jeden z wielu» («Адзін з многіх»). Зоф'я многа і старанна працавала над яго выданнем, вельмі хвалявалася. Другі яе зборнік «Przebrzmiałe akordy» («Акорды мінулага»), на жаль, не быў надрукавана па прычыне цэнзуры.
Нягледзячы на тое, што Манькоўская была адарвана ад бацькоўскай зямлі, увесь час памятала пра яе. Кожнае лета яна наведвала родную Дарагавіцу. Увесну 1886 г. Зоф'я атрымала ў спадчыну кавалак дарагавіцкай зямлі і асноўную сядзібу, дзе прайшло яе дзяцінства з бацькамі і братам.
[caption id="attachment_105377" align="aligncenter" width="840"]
▪ Так выглядаў маёнтак Манькоўскіх у Дарагавіцы ў ХІХ ст.[/caption]
У лютым 1898 г. памерла маці, а 26 сакавіка і 20 красавіка амаль усё знішчылі пажары, выкліканыя зламыснымі падпаламі.
Пасля 25 гадоў жыцця па-за межамі Радзімы, у 90-я гг. ХIХ ст., Манькоўская вярнулася ў Дарагавіцу назаўжды. Гэта стала пачаткам найбольш плённага перыяду ў творчасці, своеасаблівым вяртаннем да вытокаў.
Зоф’я хадзіла па родных мясцінах, любавалася прыгажосцю прыроды, слухала птушыныя спевы, гутарыла з людзьмі, удыхала чабаровы пах. Тады да яе прыходзіла натхненне, нараджаліся «Дарагавіцкія песні». Яны рэгулярна друкаваліся на старонках польскіх перыядычных выданняў у 1899–1906 гг. Менавіта гэтыя творы сучасныя даследчыкі лічаць найпрыгажэйшымі і найбольш арыгінальнымі ў паэтычнай спадчыне Манькоўскай.
Адметнай рысай твораў Манькоўскай сярод усёй «краёвай» паэзіі з’яўляецца тое, што хоць яны і напісаны на польскай мове, але напрамую атаясамліваюцца з малой радзімай – вёскай Дарагавіца і яе ваколіцамі. Паэтка так тлумачыла гэта: «Мы, ліцвіны, з асаблівым пачуццём прывязваемся да свайго кута…». Яна падкрэслівала, што адрасуе вершы найперш землякам, бо менавіта на радзіме «песню гэтую па голасу пазнаюць».
Вядомая беларуская спадчына паэтэсы небагатая. Манькоўская пераклала папулярныя польскія песні «Каліна» (музыка Ігнацы Камароўскага, словы Тэафіля Ленартовіча) і «Казак» (музыка Станіслава Манюшкі, словы Яна Чачота), а таксама творы М. Канапніцкай «Ля аконца», «Як жа мне цябе, дзяўчына…». Верагодна, літаратарку асабліва прывабіў іх рамантычны настрой.
Урэшце З. Манькоўская пачала пісаць вершы на беларускай мове. Яна адзначала, што за доўгія гады жыцця ўдалечыні ад Бацькаўшчыны забыла родную мову, але вярнулася да яе, «як да нянькі дзіцячых гадоў». Арыгінальны беларускамоўны верш паэтэсы «Божа, наш бацька, мы твае людзі…» (цяпер вядомы пад назвай «Беларуская малітва», 1888 г.) стаў хрэстаматыйным. Гэта першы вершаваны ўзор «нацыянальнай малітвы». Толькі праз два дзесяцігоддзі (1906 г.) з’явіцца «Мая малітва» Я. Купалы.
У творчай спадчыне З. Манькоўскай ёсць адметны вершаваны цыкл «Вячорныя сны» (старонкі, выкрадзеныя з дзённіка жанчыны). Менавіта тут яна стварыла вобраз лірычнай гераіні і ўпершыню змагла выказаць свае думкі ад жаночага імя без усялякіх рамак і абмежаванняў.
Мастацкая спадчына паэтэсы – яскравы прыклад дыялогу культур, феномен культурнага памежжа. Разам з паплечнікамі і аднадумцамі Манькоўская закладвала асновы для развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.
Апошнія гады свайго жыцця Манькоўская правяла ў Дарагавіцы, цяжка хварэла. Але ў душы яе быў спакой. Паэтэса радавалася магчымасці быць у родным доме, на бацькоўскай зямлі сярод сваіх землякоў.
З. Манькоўская памерла 24 верасня 1911 г. Пахавана на могілках у вёсцы Бабоўня на Капыльшчыне.
У якасці эпітафіі на надмагільнай пліце выкарыстаны радкі з яе верша «Адказ» (1898 г.):
Może wiatr pieśni rozniesie po świecie
Pieśń serca, które czuło tak gorąco.
«Можа быць, вецер песні
разнясе па свеце
Песні сэрца, якое адчувалася
так горача».
Такім чынам паэтка выказала спадзяванне на будучае прызнанне і папулярнасць.
З. Манькоўская, нібы зорка, прамільгнула на беларускім творчым небасхіле XIX стагоддзя. Сваёй нястомнай карпатлівай працай яна паказала прыклад, дала надзею будучым пакаленням паэтаў і пісьменнікаў.
Вячэрняй парой
Дом пусты і глуш нямая.
Ані зоркі не відно;
Ні адна душа людская
Не пастукае ў акно,
Каб абдымкамі,
пяшчотай
Сэрца к сэрцу прытуліць,
Развітаўшыся з самотай,
Цуд кахання распаліць.
Каб яшчэ ўбачыць вочы,
Што мне сняцца
з году ў год!
Марыць так душа сіроча,
Кружыць думак карагод.
Толькі вочы, вусны
ўбачыць
У трызненні залатым!
Але ж сэрцаў
шмат бядачых
Вечна, марна сніць
аб тым...
***
Вечарніца
Шызы ранні адвячорак,
Дровы ў грубцы зіхацяць,
Грамада сышлася скора
Час зімовы скаратаць.
Той з маёнтку,
той з хаціны –
Селі дружна,
лушчаць мак,
Старадаўніх казак
дзіўных
Тут наслухаюцца ўсмак.
Часам боб альбо фасоля
Градам з рук ляціць
у збан.
Зелянее ў думках поле,
Усіх чаруе казкі зман.
То не снежныя сумёты
За акном, не віхраў стогн,
А квітнее ў лузе лотаць,
Сніцца ўсім чароўны сон:
Рунь ільсніцца цёплым
ранкам,
На галінах у бары
Чэша валасы русалка
І рагочуць упыры...
Страх бярэ
такое слухаць,
Хоць кладзі на лоб крыжы,
І бабулі ціха, глуха
Голас чуецца, дрыжыць.
Калаўрот стаіць у куце,
Вось прыйшоў яго чарод,
Зараз спеў бабулі будзе,
Ты круціся, калаўрот!
Хутка час плыве
ля грубкі,
Што там віхраў
тых выццё!
Пройдзе вечар так
ціхуткі,
Як сплыве само жыццё.
Песня й казка
з ім таксама.
***
Елачка
Ціхі, светлы дзень
прыгожы
На ўсім белым свеце –
То ляціць анёлак Божы –
Радуйцеся, дзеці!
Ён нясе дарункі, скарбы,
Елачку засвеціць
Бляскам яркім дзіўных
фарбаў –
Радуйцеся, дзеці!
Ганна Зубрыцкая,
гімназія № 33 г. Мінска
Комментарии