Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

67

Навучэнка СШ № 3 г. Капыля Паліна Бохан, што яе даследчая работа «Любімы горад — горад для ўсіх, або Дзень беларускага пісьменства ў Капылі»

03.09.2021
Ці думала навучэнка СШ № 3 г. Капыля Паліна Бохан, што яе даследчая работа «Любімы горад — горад для ўсіх, або Дзень беларускага пісьменства ў Капылі» стане рэальнасцю? А ўсё пачыналася так… — Я тады вучылася ў чацвёртым класе, — дзеліцца ўспамінамі цяпер ужо васьмікласніца. — Мой настаўнік Наталля Пайвіна прапанавала паўдзельнічаць у раённым этапе адкрытага фестывалю даследчых работ малодшых школьнікаў «Я — даследчык». Тэму для даследавання падказала мама, і пачалася плённая праца. Спачатку перамагла ў раённым этапе, затым стала пераможцай адкрытага фестывалю «Я — даследчык», які прайшоў на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Працягам выступленняў стала жнівеньская канферэнцыя педагогаў Капыльшчыны, дзе на выставе, прысвечанай Году малой радзімы, зноў прэзентавала  работу перад кіраўніцтвам раёна. Яшчэ шмат дзе выступала з даследаваннем, але і падумаць не магла, што мара спраўдзіцца. [caption id="attachment_105374" align="aligncenter" width="840"] ▪ Паліна Бохан з настаўніцай Наталляй Пайвінай падчас прэзентацыі работы ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі[/caption] Раённая газета ўжо публікавала працу школьніцы. Аднак ізноў вернемся да асноўных тэзісаў. З гонарам Паліна даводзіла, што яе любімы Капыль, дзе яна нарадзілася і расце, годны стаць цэнтрам правядзення Дня беларускага пісьменства. Па-першае, ён з'яўляецца найстаражытнейшым горадам Беларусі: першая згадка ў 1006 годзе ў статутнай грамаце Тураўскай епархіі. Па-другое, Капыль можа быць сталіцай свята яшчэ і таму, што ганарыцца сваімі помнікамі археалогіі і архітэктуры (Паліна прадэманстравала макет турыстычнага маршруту, які дапамагла зрабіць бібліятэкар школы Таццяна Лагішынец). Але самае галоўнае, што Капыльшчына — гэта радзіма больш чым 50 пісьменнікаў, яркіх прадстаўнікоў розных нацыянальных літаратур. Разам з турыстычным маршрутам  даследчыца прапанавала аказаць інфармацыйную дапамогу турыстам у выглядзе ўстаноўкі турыстычных знакаў-таблічак, на якіх будзе паказана, дзе і хто з вядомых дзеячаў нарадзіўся ў Капылі. Падумала яна і пра сцэнічныя пляцоўкі свята. Іх дзяўчынка арганізавала ў гістарычнай забудове горада, на пл. Леніна і ў зоне адпачынку. Менавіта тут размесцяцца выставы кніг і народных рамёстваў, літаратурна-музычныя пляцоўкі, дзе пісьменнікі і паэты змогуць пагутарыць і правядуць прэзентацыі кніг, а таксама пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У сваім даследаванні школьніца таксама прывяла і доказы таго, што правядзенне Дня беларускага пісьменства дапаможа нашаму гораду змяніцца, стаць яшчэ больш прыгожым і прывабным. Для пацвярджэння гіпотэзы было праведзена апытанне жыхароў горада. Аналіз вынікаў паказаў, што 80% капылян хацелі, каб у нашым горадзе прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Яны ўпэўнены, што на Капыльшчыне будуць праведзены значныя работы па рамонце будынкаў, вуліц і плошчаў, а таксама па захаванні помнікаў архітэктуры і мастацтва. Усё гэта бу-дзе садзейнічаць развіццю турызму, пазнаёміць гасцей з матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі Капыльшчыны. А вопыт правядзення такіх мерапрыемстваў у нашага раёна сапраўды ёсць. Прыкладам сталі такія мерапрыемствы, як рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Кopyl Race», фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі», сямейны праект «Уладар сяла», абрад «Цары». Ва ўсіх гарадах, дзе праходзіць свята, застаецца «след у гісторыі». У якасці галоўнага падарунка для капылян даследчыца прапанавала адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гарадской сядзібе Льва Клейнбарта, а таксама кнігарні, якая, несумненна, будзе запатрабаванай у капылян. — У сваім даследаванні я прывяла мноства доказаў таго, што наш горад мае культурна-гістарычную значнасць і каштоўнасць, — кажа напрыканцы Паліна. — Як вынік — 5 верасня 2021 года Капыльшчына прымае Дзень беларускага пісьменства. Гэтую навіну ўспрыняла з радасцю. Прыемна, што наша сумесная праца з настаўніцай не прайшла дарэмна. Эмоцыі проста перапаўняюць. Абавязкова прыйду на свята, бо ў гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі падмурак беларускай адукацыі і пісьменства. З кожным годам Дзень беларускага пісьменства становіцца больш папулярным, а гэта значыць, што беларускае слова і літаратура атрымліваюць прызнанне ў сучасным свеце. Таццяна БОХАН

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей