У Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага, які знаходзіцца ў аграгарадку Цімкавічы, у зале юнацтва і дзяцінства Мікалая Раманоўскага знаходзяцца два ўнікальныя экспанаты: абрус і самавар.
[caption id="attachment_105369" align="aligncenter" width="840"]
▪ Удзельнікі тэатральнай студыі «Іскрынка» пры Літаратурным музеі Сафія Калеснікава, Уладзіслаў Бондараў, Вікторыя Балтуцкая і Арсеній Дрозд[/caption]
Калі ў 1962 годзе стваралі экспазіцыю, у музей прынеслі абрус. Адна цімкаўлянка ўспомніла, што ў яе ў куфры ляжыць абрус, які падарыла ёй маці Кузьмы Чорнага Гліцэра Міхайлаўна. Гліцэра выткала яго сама, бо была выдатным майстрам па ткацтве. Ніхто ў мястэчку не мог так укінуць ніткі ў ніты, каб атрымаўся складаны ўзор на сурвэтках, як гэта рабіла Гліцэра са сваім бацькам – вядомым майстрам-ткачом Міхалам Парыбкам (па-вулічнаму Чорным).

Наогул, дзяды Кузьмы Чорнага былі ткачамі. Бацька, Карл Феліксавіч, таксама займаўся ткацтвам, але потым пачаў цеслярыць. Невыпадкова, што і Мікалай умеў ткаць. Падрабязна сакрэты ткацкага майстэрства ён апісвае ў сваім артыкуле «Слуцкія сарвэты», які быў на-друкаваны ў 1945 го-дзе. Вось, напрыклад, ён піша пра ткацкія ўзоры – дасэні: «Дасэні рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі – «просты» і «павучковы». Кожны з гэтых дасэняў меў дваццаць чатыры «паддасэні». «Просты» дасэнь меў у сваёй аснове народны арнамент, складзены з квадратаў. «Павучковы» дасэнь з’явіўся на аснове народнага арнаменту з крывых ліній. Гэта ўжо былі формы кветак, лісткоў, цэлых раслін».
[caption id="attachment_105370" align="aligncenter" width="650"]
▪ Кузьма Чорны з дачкой Рагнедай, 1938 год[/caption]
Наш музейны абрус складзены з двух гатункаў (кавалкаў тканіны), маючы «просты» геаметрычны арнамент.
Калі ўжо разаслалі на стале абрус, дык прыйшоў час ставіць самавар. У музеі не так шмат асабістых рэчаў Кузьмы Чорнага. Адна з іх – гэта самавар, якім ён карыстаўся ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Яго перадалі ў музей родзічы пісьменніка ў 1994 годзе, калі музею быў нададзены статус дзяржаўнага і стваралася новая экспазіцыя.
Так сталася, што самавар быў не проста бытавой прыналежнасцю, а ўвасабляў сабой дабрабыт, утульнасць і дастатак сям’і. Ён красаваўся ў самым ганаровым месцы ў доме. Гэтыя пузатыя прыгажуны мелі розныя формы. Самыя распаўсюджаныя з іх былі: банка, ваза і чарка. Самавар Кузьмы Чорнага мае форму чаркі, але не простую, а з дзвюма вітымі калонамі. Сам ён медны, зроблены ў Туле на самаварнай фабрыцы братоў Рузіных у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя.
Кузьма Чорны любіў прымаць гасцей. Як успамінала дачка пісьменніка Рагнеда Мікалаеўна: «Дом наш быў хоць і небагаты, але гасцінны, вакол бацькі заўсёды раіліся людзі».
Аляксей Зарыцкі ў сваім артыкуле «У доміку пад Траецкай гарой» пісаў: «Яшчэ і суткі не прамінулі з таго часу, як Чорны ўвёў мяне ў сваю кватэрку, а я ўжо адчуў сябе ў ягонай сям’і сваім. Шчырая гасціннасць і абыходжанне гаспадара і ягонай жонкі, Рэвекі Ізраілеўны, рабілі іхнія два незайздросныя пакойчыкі прывабнымі і ўтульнымі».
У музеі існуе традыцыя – пасля экскурсіі частаваць наведвальнікаў духмянай травяной гарбатай каля самавара Кузьмы Чорнага. Ваду для гарбаты прывозім з калодзежа на Капыльскай вуліцы, з якога раней яе брала сям’я Раманоўскіх.
Шчыра запрашаем у наш гасцінны і ўтульны музей!
Людміла НІЖЭВІЧ,
загадчык філіяла «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры»
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии