Нямала выпрабаванняў выпала на долю нашага земляка, літаратуразнаўцы і тэкстолага Аляксандра Кузьміча Бабарэкі, які скончыў факультэт мовы і літаратуры Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У.І. Леніна ў 1936 годзе.
Друкаваўся з 1952 года. Аўтар шматлікіх публікацый пісьмаў і дакументаў, пакладзеных у аснову яго кнігі «И.А. Бунин. Материалы для биографии с 1870 по 1917» (1967). Падрыхтаваў і пракаменціраваў выданне твораў Казьмы Пруткова, выдаў кнігу «Дороги и звоны: Воспоминания, письма» (1993). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі.
Аляксандр Кузьміч Бабарэка нарадзіўся 17 верасня 1913 года ў вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага павета Мінскай губерні. У сям’і акрамя бацькі і маці было пяцёра братоў і сясцёр. З дзяцінства прыходзілася шмат працаваць. Гаротны хлопец рана засвоіў цяжкую сялянскую долю. Таму ён зразумеў адну важкую акалічнасць: каб чаго-небудзь дабіцца ў жыцці – трэба вучыцца. Самастойна навучыўся чытаць Біблію на царкоўнаславянскай мове. Старанна авалодваў ведамі ў вясковай пачатковай школе, а затым у Песачанскай сямігодцы. Адлегласць у 12 кіламетраў толькі ў адзін бок адольваў пешшу кожны дзень, і ніколі не спазніўся на заняткі – такая вялікая прага была да ведаў. Чытаў усё, што трапляла пад руку: газеты, часопісы, кнігі. Яго кумірамі сталі Пушкін, Лермантаў, Тургенеў.
[caption id="attachment_105382" align="aligncenter" width="840"]
▪ Аляксандр Бабарэка (паміж бацькамі), брат Іван, маці Ганна Іванаўна, бацька Кузьма Дзмітрыевіч. Слабада-Кучынка, 1961 г.[/caption]
У 1930 годзе, пасля заканчэння школы, Аляксандр адправіў дакументы для паступлення ў Мінскі педагагічны тэхнікум імя У.І. Ігнатоўскага. Яны не трапілі па адрасе. Вясковы паштальён, камсамолец з «беднаты» і зайздроснік, з уласцівай нікчэмнасцю парваў і выкінуў іх, у тым ліку пасведчанне аб адукацыі. Яшчэ і выхваляўся здзейсненым. Але ў тэхнікум Бабарэку ўсё ж прынялі з паўтарамесячным спазненнем – яму давялося шмат «пабегаць», каб аднавіць неабходныя дакументы. І ў гэтым праявіліся яго валявыя якасці ў час першых выпрабаванняў.
Затым была вучоба на запаветным філалагічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1936 годзе Аляксандр атрымаў рэкамендацыю для паступлення ў аспірантуру, але зноў падвяла анкета: сялянскія карані і сваяцтва з Адамам Антонавічам Бабарэкам, які ў той час стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Таму ўладкаваўся на працу настаўнікам.
У час Вялікай Айчыннай вайны Бабарэка быў мабілізаваны для працы на завод тэлефонных правадоў, адкуль яго адправілі ў Гарахавецкі вучэбны артылерыйскі цэнтр пад Уладзімірам. Затым служба прадоўжылася на Далёкім Усходзе на граніцы з Маньчжурыяй. Гэта таксама было выбраваннем. Салдатам было не салодка, голадна і холадна. Праз некалькі месяцаў ад недаядання зарабіў дыстрафію і надоўга трапіў у шпіталь. Заканчэнне вайны сустрэў пад Благаве-шчанскам у артылерыйскім дывізіёне, які ахоўваў усходнія рубяжы дзяржавы.
Вайна перакрэсліла былыя пе-рашкоды, і ў 1946 годзе Бабарэка паступіў у аспірантуру, але, каб не памерці з голаду, адначасова выкладаў рускую мову ў планава-эканамічным тэхнікуме. Тэму для дысертацыі яму прапанавалі па ідэалагічным меркаванням – «Творчасць Максіма Горкага». Але для душы ён займаўся творчасцю Івана Тургенева і Казьмы Пруткова.
Пасля абароны дысертацыі у 1950 го-дзе ўладкаваўся рэдактарам у дзяржаўнае літаратурнае выдавецтва (Гослитиздат). Больш ён ужо не галадаў. Заробак быў добры. Але спакойнае сытае жыццё яго не прываблівала. У творцы з’явіўся новы кумір – Іван Бунін. Праца па аднаўленні творчай спадчыны і самога імя вялікага рускага пісьменніка ў Савецкім Саюзе стала для навукоўца справай гонару і, мабыць, усяго жыцця. Вучоны з галавой акунуўся ў архівы. У Арле выявіў невядомыя матэрыялы аб гімназічным жыцці пісьменніка, якія па сутнасці прадстаўлялі гатовы каментарый да рамана «Жыццё Арсеньева. Юнацтва». Аб сваіх знаходках Бабарэка напісаў артыкул у навуковы часопіс «Известия Академии наук СССР. Отделение литературы и языка». Нечакана вядомы вучоны С. Макашын раскрытыкаваў артыкул радавога рэдактара, што той ні слова не напісаў «аб адносінах Буніна да рэвалюцыйных дэмакратаў». У выніку артыкул з’явіўся ў 1958 годзе не ў маскоўскім акадэмічным выданні, а ў абласной газеце «Арлоўская праўда».
Прыкладна ў той час Бабарэка пачаў перапіску з удавой Буніна – Верай Мурамцавай і пісьменнікам Леанідам Зубавым, якія жылі ў эміграцыі. Ён зразумеў, што ёсць магчымасць перавезці ў Расію парыжскі архіў класіка рускай літаратуры – Вера Мікалаеўна дала згоду перадаць дакументы. Пытанне стаяла толькі за коштам. Увесну 1962 года даследчык звярнуўся ў Саюз пісьменнікаў СССР з просьбай аб дапамозе: яму неабходна было атрымаць камандзіроўку ў Парыж. Пачаўся доўгі працэс перакананняў, узгадненняў, падрыхтоўкі і падпісання дакументаў. Бліжэй да восені знайшоўся «дабра-дзей», які заявіў, што архіў Буніна не мае каштоўнасці. Паездка адкладалася.
Аднак пасля выхаду навуковых прац Аляксандра Кузьміча аб І.А. Буніну добрыя водгукі даследчыку даслалі савецкія пісьменнікі Карней Чукоўскі, Леанід Лявонаў, Канстанцін Сіманаў і іншыя. Ліст з прызнаннем велізарных заслуг літаратуразнаўцы даслаў з эміграцыі Андрэй Сядых. Літаратурны крытык Уладзімір Жданаў назваў кнігу Бабарэкі «энцыклапедыяй па Буніну». Павел Антакольскі адзначыў: «Гэтая праца – сапраўдны подзвіг. Тым больш, што ў вашай кнізе няма аўтара. Мабыць, вы свядома прыбралі сябе, ні разу не выступаеце ад свайго імя. За такім рашэннем адчуваецца і сціпласць, і вялікая вытрымка».
Дзякуючы публікацыям, Аляксандр Бабарэка быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, стаў членам Саюза журналістаў СССР. У 1983 годзе выйшла новая кніга з дапаўненнямі да першага выдання. За некалькі дзясяткаў гадоў плённай працы была назапашана вялікая колькасць малавядомых, здавалася згубленых архіўных дакументаў аб жыцці і творчасці класіка рускай літаратуры. Гэты ўнікальны і максімальна падрабязны матэрыял знайшоў адлюстраванне ў галоўнай кнізе даследчыка «Бунин. Жизнеописание» – падрабязны жыццяпіс для папулярнай серыі «Жизнь замечательных людей». Аднак аўтару не наканавана было ўбачыць сваю працу выдадзенай – Аляксандр Кузьміч Бабарэка памёр у 1999 годзе, а кніга пабачыла свет толькі ў 2004-м.
Да канца свайго жыцця літара-туразнаўца ганарыўся роднай Капыльшчынай – краем паэтаў і пісьменнікаў.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии