Гэтую народную мудрасць добра засвоілі аграрыі ААТ “Старыца-Агра”
На сёння ў гаспадарцы вядзецца поўны комплекс вясенне-палявых работ: збор камянёў, падкормка азімых збожжавых культур, баранаванне шматгадовых траў, закрыццё вільгаці, падрыхтоўка глебы пад сяўбу, унясенне мінеральных і арганічных угнаенняў. Увогуле, у сельгаспрадпрыемстве сёлета плануецца пасеяць 3500 га, якія будуць заняты пад яравыя збожжавыя культуры, бульбу, кукурузу, кармавыя буракі.
[caption id="attachment_17683" align="aligncenter" width="443" caption="Аляксандр Круглік, Сяргей Рончык і Андрэй Ашэўскі"]

[/caption]
Ля вёскі Бор ішла апрацоўка 152-гектарнага палетка энерганасычаным “Джон Дзірам” з дыскавай бараной, якім кіраваў вопытны механізатар Сяргей Рончык. Па некалькі дзясяткаў гектараў зямлі штодзень здольна апрацоўваць гэта магутная тэхніка. “Учора прайшоў каля 40, а сёння, спадзяюся, удасца апрацаваць паўсотні гектараў”, — адзначае Сяргей Мікалаевіч. Непадалёку ад комплекса “Чарнічнае” на магутным трактары “Беларус-3022” вёў баранаванне і Сяргей Крадажон. “На гэтых палетках плануем пасеяць кукурузу. Апрацоўка глебы вядзецца па энергазберагальнай тэхналогіі без папярэдняга ворыва, — тлумачыць намеснік дырэктара ААТ “Старыца-Агра” па раслінаводстве Андрэй Ашэўскі. — Гэта дазваляе эканоміць паліва. Увогуле, усе работы выконваюцца без мітусні, рабочыя пытанні вырашаюцца ў штатным рэжыме”.
[caption id="attachment_17684" align="aligncenter" width="324" caption="Сяргей Крадажон"]

[/caption]
Ужо на полі паміж вёскамі Свідзічы і Падгорцы заўважылі, як брыгада працаўнікоў гаспадаркі збірала камяні. Адначасова “Беларус-3022” з сеялкай «Амазоне», якім кіраваў Васіль Чабатароў, вёў сяўбу яравых культур. Тут жа ішла і падрыхтоўка глебы. На сумежным палетку комплекс “Раса-05” падкормліваў азімую трыцікале. Яшчэ адна машына працавала ля в. Калінаўка. Да 100 гектараў у дзень паспяваюць апрацоўваць на гэтых самаходных апырсквальніках Аляксандр Рончык і Алег Бялько.
Для бесперабойнага хода пасяўной кампаніі запраўка тэхнікі вядзецца прама ў полі — таксама эканомія і паліва, і часу, якія ў гэту пару на вагу золата. Немалаважнае пытанне і харчаванне хлебаробаў. У ААТ “Старыца-Агра” і тут арганізавана ўсё належным чынам: механізатары атрымліваюць двухразовае гарачае харчаванне. У дадатак, мясцовая сталовая дапамагае ў забеспячэнні абедамі механізатараў іншых сельгаспрадпрыемстваў.
[caption id="attachment_17685" align="aligncenter" width="443" caption="На запраўцы «Расы» - Мікалай Зянюк і Алег Бялько"]

[/caption]
Гаспадарчы падыход, дасканала адрэгуляваны працэс падчас правядзення вясенне-пасяўной кампаніі заўсёды адрознівалі старыцкіх земляробаў. І гэта вясна, відаць, будзе для іх не выключэннем.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара