Яскравым прыкладам такой працавітасці можна назваць брыгадзіра-кандытара пятага разраду УП «Капыльскі кааппрам» Іну Чарнушэвіч, якая каля дваццаці гадоў таму прысвяціла сябе гэтай справе.
Адміністрацыя прадпрыемства лічыць Іну Мікалаеўну адным з лепшых супрацоўнікаў — яна заўсёды шчыра зацікаўлена ў якасным выкананні сваіх абавязкаў. І дарэчы, такія поспехі пацвярджаюцца рознымі конкурсамі — напрыклад, у лістападзе мінулага года ў Мінску ў рамках Міжнароднага хлебнага салона прадукцыю Капыльскага кааппрама адзначылі высокімі ўзнагародамі. Гран-пры прысудзілі пляцёнцы «Малышка», залаты медаль — пірагу з макам «Каханай», бронза дасталася кексу «Разыначка». Іна Чарнушэвіч была галоўнай у той змене, якая выпякала вырабы для конкурсу.
На дадзены момант на прадпрыемстве пачалі выпуск новага вырабу — здоба «Паўлінка» са смачным крэмам унутры.
Разам з брыгадзірам-кандытарам працуе машыніст цестараздзелачнай машыны Кацярына Жук, якая раней з’яўлялася вучаніцай Іны Чарнушэвіч. Дарэчы, за вялікі працоўны стаж Іны Мікалаеўны праз яе рукі прайшло шмат вучняў, якія набралі неацэннага вопыту.
— я ў асноўным працую на вырабе белабулачнай прадукцыі, — распавядае кандытар. — У маёй брыгадзе сем чалавек. План пастаянна выконваем, стараемся, каб вырабы паступалі на прылавак у тэрмін.
Родам Іна Мікалаеўна з Баранавіцкага раёна, скончыла Баранавіцкае прафтэхвучылішча па спецыяльнасці «кандытар», выйшла замуж у Капылі. Мае дарослага сына, які служыць па кантракце ў адной з вайсковых часцей.
Павел ШЭІН
Зараз сельгаспрадпрыемства перажывае нібы новы віток у сваім развіцці: напрыканцы мінулага года згодна з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яно было перададзена як вытворча-гаспадарчы комплекс ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». А спадарожнічала гэтаму двухмесячная нястомная праца членаў невялікага калектыву бухгалтэрыі, практычна без выхадных.
— Я вельмі ўдзячна сваім калегам за разуменне і падтрымку, — адзначае Алена Уладзіміраўна. — Усім было няпроста, але мы справіліся задачай. Спадзяёмся, што з дапамогай інвестара наша гаспадарка вый-дзе на новы ўзровень, і самае галоўнае — гэта будзе на карысць працаўнікам УП «Бабоўня». Гарадзейскі цукровы камбінат дапамагае нам фінансава, бясплатна перадае будаўнічыя матэрыялы, тэхніку. Пачалася рэканструкцыя былой свінатаварнай фермы ў в. Лоцвіны — яе плануем пераабсталяваць пад комплекс на 800 галоў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. На МТФ «Рымашы» з’явіцца новы кароўнік у дадатак да даільна-малочнага блока, які там ужо пабудаваны. Словам, планы ў нас ёсць, самае галоўнае іх паспяхова рэалізаваць і апраўдаць давер, які нам аказваюць.
Родам Алена з Лаваў. Саўгас «Бабоўня», куды яна прыехала пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава — першае і адзінае месца яе працы. Бухгалтар, намеснік галоўнага бухгалтара, галоўны бухгалтар — паступова яна ўздымалася па службовай лесвіцы. Працуе майстарам у будаўнічай брыгадзе гаспадаркі муж Алены — Валерый Эдуардавіч. Не так даўно вярнуўся дамоў пасля сталічнага жыцця сын і ўладкаваўся механізатарам, а вось дачка стала медыкам і працуе ў Мінску фельчарам-лабарантам. Менавіта ў сям’і адчувае Алена Уладзіміраўна падтрымку і чэрпае сілы на новыя працоўныя дасягненні.
Маргарыта САКОВІЧ
У камунальную гаспадарку Аляксандр Мікалаевіч прыйшоў адразу пасля службы ў арміі. Вось ужо на працягу 28 гадоў старанна працуе на карысць роднага прадпрыемства. «Адслужыў у пагранвойсках і вярнуўся на радзіму. У тадышнім СПТВ-211 скончыў курсы вадзіцеляў і ўладкаваўся ў ЖКГ, — расказвае Аляксандр Гірко. — Спачатку атрымаў КамАЗ з бочкай, на якім даводзілася перавозіць мазут са Слуцка. Тады кацельні працавалі яшчэ на гэтым паліве. Аўтамабіль быў хоць і не новы, але на-дзейны ў рабоце. Бывала, здараліся паломкі, і трэба было хутка рамантаваць, каб своечасова выйсці ў рэйс».
Калі ў Капыль правялі газ, на грузавік паставілі кузаў, і Аляксандр Мікалаевіч пачаў перавозіць разнастайную сыравіну, будаўнічыя матэрыялы, камплектуючыя і абсталяванне для прадпрыемства. Пасля Аляксандр Гірко перасеў на лесавоз. На працягу сямі гадоў вопытны вадзіцель рабіў па некалькі рэйсаў у дзень, дастаўляючы дровы для кацельняў.
Зусім нядаўна Аляксандр Мікалаевіч атрымаў новенькі МАЗ-6422, які таксама часта запатрабаваны на грузаперавозках. Зімой даводзілася дастаўляць дранку са Старобіна для гарадской кацельні №5, соль для прыгатавання пясчана-солевай сумесі, каб падсыпаць дарогі і вуліцы. Часта Гірко адпраўляюць у камандзіроўку ў Смалявічы, дзе ідуць работы па ачыстцы лесу ад буралому, што застаўся пасля моцнага ліпеньскага ўрагану. Адтуль вадзіцель дастаўляе драўніну ў асноўным для школьных кацельняў, якія знаходзяцца на абслугоўванні Капыльскай ЖКГ.
У вольны час Аляксандр Гірко разам з жонкай Валянцінай Мікалаеўнай любіць займацца ўладкаваннем свайго дома, які знаходзіцца ў аграгарадку Пацейкі. На яго прысядзібным участку заўсёды чысціня і парадак — як і павінна быць у добрага гаспадара
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Жанчына абслугоўвае групу з 60 галоў. У яе абавязках — даенне кароў, уборка працоўнага месца, выпойванне цялят і іншыя справы.
Таццяна Аляксандраўна прыйшла на ферму ў 1993 годзе. Можна сказаць, што яна з сям’і патомных жывёлаводаў. Яе маці Валянціна Васільеўна Дашукевіч — некалі перадавая даярка калгаса імя Суворава, за старанную працу была ўзнагароджана аўтамабілем «Волга». Дзяўчынка з дзяцінства ведала, наколькі нялёгкая гэта справа — даіць кароў, часта дапамагала маці і, магчыма, тады вырашыла звязаць свой лёс з такой важнай прафесіяй.
— Я люблю кароў і тую справу, якой займаюся, — прызнаецца даярка. — Прыемна клапаціцца пра жывёлу і адчуваць, што тваё старанне дае вынікі.
Кіраўніцтва ААТ «Мажа-Агра» цэніць Таццяну Чумак як добрасумленнага работніка, які адказна адносіцца да выканання сваіх абавязкаў. Як кажуць, на такіх і трымаецца сельская гаспадарка.
Таццяна Аляксандраўна — шматдзетная маці. Нарадзіла і выхоўвае пяцёра дзяцей, за што атрымала высокую ўрадавую ўзнагароду — ордэн Маці. Сельгаспрадпрыемства выдзяліла сям’і вялікі дом у аграгарадку Мажа. Дзеці падрастаюць працавітымі, каб зарабіць грошай і ўнесці свой уклад у сямейны бюджэт, летам дапамагаюць роднай гаспадарцы.
— Няма большага шчасця для маці, чым чуть добрыя словы пра сваіх дзяцей, — сціпла прызнаецца Таццяна Аляксандраўна.
Павел ШЭІН
Працоўны шлях выпускніка Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта пачаўся ў сельскагаспадарчай галіне. Праз пару гадоў Ігар уладкаваўся на тады яшчэ Капыльскі масласырзавод слесарам-рамонтнікам. Веды па прафесіі атрымліваў падчас вучобы на курсах машыніста халадзільных установак у Інстытуте перападрыхтоўкі кадраў у г. Мінску, пасля павышаў кваліфікацыю ў магілёўскім універсітэце. За перыяд работы на прадпрыемстве спецыяліст зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку, ён не лічыцца з асабістым часам і заўсёды пры неабходнасці прыйдзе на дапамогу.
Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў з’яўлялася важнай умовай тэхнічнага прагрэсу гэтай галіны прамысловасці. Таму капыльскія перапрацоўшчыкі ўжо ў 2012 годзе вырашылі праблему ахалоджвання сыравіны, пабудаваўшы сучасны кампрэсарны цэх з новай аміячнай халадзільнай устаноўкай. У рэканструкцыі і ўвядзенні ў эксплуатацыю новага цэха непасрэдна прымаў удзел і Ігар Вікенцьевіч.
Усе перавагі абсталявання, якое адпавядала сучасным патрабаванням, нормам прамысловай і пажарнай бяспекі, на прадпрыемстве ацанілі адразу. Для бесперабойнага функцыянавання важнага тэхналагічнага звяна падабралі высокакваліфікаваныя кадры.
Пасля рэарганізацыі завода, які ўвайшоў у склад холдынга ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», Ігара Янцэвіча прызначылі начальнікам кампрэсарнага цэха.
На прадпрыемстве спецыяліста паважаюць за працавітасць, прафесійныя веды. Адметнай асаблівасцю Ігара Янцэвіча калегі лічаць знаходлівасць, дысцыплінаванасць, ініцыятыўнасць і ўменне падтрымліваць у калектыве атмасферу добразычлівасці, зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленай мэты.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ