Работа бухгалтара здаецца простай і аднастайнай толькі таму, хто ніколі не акунаўся ў свет лічбаў, справаздач, працэнтаў, прыбыткаў і расходаў. Алена Тамашэўская, галоўны бухгалтар унітарнага прадпрыемства «Бабоўня» ў гэтым свеце адчувае сябе вельмі ўпэўнена, бо даўно зразумела, што знайшла сваё прызванне.
Зараз сельгаспрадпрыемства перажывае нібы новы віток у сваім развіцці: напрыканцы мінулага года згодна з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яно было перададзена як вытворча-гаспадарчы комплекс ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». А спадарожнічала гэтаму двухмесячная нястомная праца членаў невялікага калектыву бухгалтэрыі, практычна без выхадных.
— Я вельмі ўдзячна сваім калегам за разуменне і падтрымку, — адзначае Алена Уладзіміраўна. — Усім было няпроста, але мы справіліся задачай. Спадзяёмся, што з дапамогай інвестара наша гаспадарка вый-дзе на новы ўзровень, і самае галоўнае — гэта будзе на карысць працаўнікам УП «Бабоўня». Гарадзейскі цукровы камбінат дапамагае нам фінансава, бясплатна перадае будаўнічыя матэрыялы, тэхніку. Пачалася рэканструкцыя былой свінатаварнай фермы ў в. Лоцвіны — яе плануем пераабсталяваць пад комплекс на 800 галоў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. На МТФ «Рымашы» з’явіцца новы кароўнік у дадатак да даільна-малочнага блока, які там ужо пабудаваны. Словам, планы ў нас ёсць, самае галоўнае іх паспяхова рэалізаваць і апраўдаць давер, які нам аказваюць.
Родам Алена з Лаваў. Саўгас «Бабоўня», куды яна прыехала пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава — першае і адзінае месца яе працы. Бухгалтар, намеснік галоўнага бухгалтара, галоўны бухгалтар — паступова яна ўздымалася па службовай лесвіцы. Працуе майстарам у будаўнічай брыгадзе гаспадаркі муж Алены — Валерый Эдуардавіч. Не так даўно вярнуўся дамоў пасля сталічнага жыцця сын і ўладкаваўся механізатарам, а вось дачка стала медыкам і працуе ў Мінску фельчарам-лабарантам. Менавіта ў сям’і адчувае Алена Уладзіміраўна падтрымку і чэрпае сілы на новыя працоўныя дасягненні.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии