Адна з самых вопытных работніц малочнатаварнай фермы «Мажа» –
Таццяна Чумак. Яна працуе аператарам машыннага даення 25 гадоў.
Жанчына абслугоўвае групу з 60 галоў. У яе абавязках — даенне кароў, уборка працоўнага месца, выпойванне цялят і іншыя справы.
Таццяна Аляксандраўна прыйшла на ферму ў 1993 годзе. Можна сказаць, што яна з сям’і патомных жывёлаводаў. Яе маці Валянціна Васільеўна Дашукевіч — некалі перадавая даярка калгаса імя Суворава, за старанную працу была ўзнагароджана аўтамабілем «Волга». Дзяўчынка з дзяцінства ведала, наколькі нялёгкая гэта справа — даіць кароў, часта дапамагала маці і, магчыма, тады вырашыла звязаць свой лёс з такой важнай прафесіяй.
— Я люблю кароў і тую справу, якой займаюся, — прызнаецца даярка. — Прыемна клапаціцца пра жывёлу і адчуваць, што тваё старанне дае вынікі.
Кіраўніцтва ААТ «Мажа-Агра» цэніць Таццяну Чумак як добрасумленнага работніка, які адказна адносіцца да выканання сваіх абавязкаў. Як кажуць, на такіх і трымаецца сельская гаспадарка.
Таццяна Аляксандраўна — шматдзетная маці. Нарадзіла і выхоўвае пяцёра дзяцей, за што атрымала высокую ўрадавую ўзнагароду — ордэн Маці. Сельгаспрадпрыемства выдзяліла сям’і вялікі дом у аграгарадку Мажа. Дзеці падрастаюць працавітымі, каб зарабіць грошай і ўнесці свой уклад у сямейны бюджэт, летам дапамагаюць роднай гаспадарцы.
— Няма большага шчасця для маці, чым чуть добрыя словы пра сваіх дзяцей, — сціпла прызнаецца Таццяна Аляксандраўна.
Павел ШЭІН
Комментарии