Работа кампрэсарнага цэха Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» — адно з важных звёнаў тэхналагічнага ланцужка перапрацоўчага прадпрыемства. Адказнасць за яго работу ўскладзена на начальніка кампрэсарнага цэха Ігара Янцэвіча і яго падначаленых.
Працоўны шлях выпускніка Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта пачаўся ў сельскагаспадарчай галіне. Праз пару гадоў Ігар уладкаваўся на тады яшчэ Капыльскі масласырзавод слесарам-рамонтнікам. Веды па прафесіі атрымліваў падчас вучобы на курсах машыніста халадзільных установак у Інстытуте перападрыхтоўкі кадраў у г. Мінску, пасля павышаў кваліфікацыю ў магілёўскім універсітэце. За перыяд работы на прадпрыемстве спецыяліст зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку, ён не лічыцца з асабістым часам і заўсёды пры неабходнасці прыйдзе на дапамогу.
Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў з’яўлялася важнай умовай тэхнічнага прагрэсу гэтай галіны прамысловасці. Таму капыльскія перапрацоўшчыкі ўжо ў 2012 годзе вырашылі праблему ахалоджвання сыравіны, пабудаваўшы сучасны кампрэсарны цэх з новай аміячнай халадзільнай устаноўкай. У рэканструкцыі і ўвядзенні ў эксплуатацыю новага цэха непасрэдна прымаў удзел і Ігар Вікенцьевіч.
Усе перавагі абсталявання, якое адпавядала сучасным патрабаванням, нормам прамысловай і пажарнай бяспекі, на прадпрыемстве ацанілі адразу. Для бесперабойнага функцыянавання важнага тэхналагічнага звяна падабралі высокакваліфікаваныя кадры.
Пасля рэарганізацыі завода, які ўвайшоў у склад холдынга ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», Ігара Янцэвіча прызначылі начальнікам кампрэсарнага цэха.
На прадпрыемстве спецыяліста паважаюць за працавітасць, прафесійныя веды. Адметнай асаблівасцю Ігара Янцэвіча калегі лічаць знаходлівасць, дысцыплінаванасць, ініцыятыўнасць і ўменне падтрымліваць у калектыве атмасферу добразычлівасці, зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленай мэты.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии