22 кастрычніка споўнілася 70 гадоў Ядвізе Канстанцінаўне Чаркас з аг. Мажа (раней Шастакі). Гэты аповед пра яе – простую, шчырую, працавітую, сумленную жанчыну, маці.
Мы сядзім з гаспадыняй у яе чыстым, утульным доме. На стале – свежы нумар “Слава працы”, падпісчыкам якой жанчына з’яўляецца ўжо шмат гадоў, і працоўныя ўзнагароды, што па маёй просьбе дастала з шуфляды жанчына. Вядзём шчырую гутарку, успамінаем аб пражытым.
Ядвіга Канстанцінаўна не столькі расказвае пра сябе, колькі пра сваіх родных і тых, з кім давялося працаваць разам ці жыць побач.
— Якія адказныя, добрасардэчныя былі людзі. Я 23 гады адпрацавала загадчыцай птушкафермы ў Шастаках. Спачатку гадавалі нясушак, потым бройлераў. 11 аддзяленняў было і шмат ручной работы: на падводах развозілі кармы, чысцілі памяшканні, а колькі хваляванняў было, каб не захварэла птушка, — расказвала мая суразмоўца. – Старшынёй калгаса была тады Н. С. Астрэйка, а наогул, пры мне кіраўнікоў 6 змянілася. Ніна Сцяпанаўна патрабавальнай была, дысцыпліну трымала. А людзі за працу трымаліся, ставіліся да яе з душой. Я ўспамінаю, як добра працавалі Леакадзія Сапешка, Браніслава Чаркас, Алена Сапешка, Аляксандра Чаркас, Зоя Сапешка і шмат іншых маіх памочнікаў і дарадцаў. Мне даводзілася адлучацца: ездзіць па камбікорм, па- лівам трэба было забяспечыць ферму, жанчыны ніколі мяне не падводзілі, у іх я была ўпэўнена, як у сабе.
Ядвіга вельмі рана спазнала, што такое сялянская праца. У сям’і было пяцёра дзяцей, асабліва цяжка праходзіла дзяцінства – пасляваенны час быў, як вядома, і галодны, і халодны. У 16 гадоў пайшла працаваць у калгас, але вельмі хацела вучыцца, таму ўдала спалучала і адно, і другое. Спачатку скончыла завочныя курсы птушкаводаў, потым – Клімавіцкі саўгастэхнікум. І гэта, нягледзячы на тое, што была ўжо сям’я, двое сынкоў гадаваліся, хату, у якую прыйшла нявесткай, амаль поўнасцю з гаспадаром сваім перабудоўвалі, хатнюю жыўнасць у вялікай колькасці трымалі. Усюды паспявала Ядвіга Канстанцінаўна. Нават на вадзіцеля вывучылася: калясіла па вясковых дарогах на сваім “Масквічы”. Пасады, што займала жанчына, патрабавалі мабільнасці. Працавала загадчыцай птушкафермы, галоўным заатэхнікам, потым загадчыцай МТФ у Чырвоным Партызане, а перад выхадам на заслужаны адпачынак – у сельскагаспадарчым ліцэі, перадавала свой багаты вопыт моладзі.
За высокія працоўныя дасягненні і актыўную грамадскую дзейнасць Ядвіга Канстанцінаўна ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За працоўную доблесць”, шматлікімі юбілейнымі медалямі, Ганаровымі граматамі і падзякамі, наведала ВДНГ у Маскве.
Свой юбілейны дзень нараджэння мая суразмоўца сустракала ў акружэнні родных: сына, дзвюх нявестак, чатырох унукаў і праўнучкі, а значыць – жыццё працягваецца. Усе любяць бабулю за пяшчоту, дабрыню, спяшаюцца да яе не толькі ў святы. Родныя забараняюць ёй шмат працаваць ў агародзе, просяць берагчы сябе, але яна лічыць, што гэта толькі падаўжае жыццё, у якое ўлюбёная і поўная веры ў шчаслівы заўтрашні дзень для ўсіх людзей і роднай Беларусі.
Любоў ПЯТРОВА
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА