Глыбей спазнаць гісторыю роднай Беларусі, даведацца пра звычаі продкаў, пазнаёміцца з людзьмі, якія працуюць на карысць сваёй зямлі, - такія мэты ставяць перад сабой студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка падчас правядзення Зорных паходаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.
Насычанымі і цікавымі сталі чатыры дні прабывання ўдзельнікаў Зорнага паходу, які доўжыўся з 25 па 28 студзеня на тэрыторыі Капыльскага раёна. На мяжы горада студэнтаў вышэйшай навучальнай установы ў характэрных чырвона-зялёных куртках з хлебам-соллю сустрэлі адміністрацыя раённага аддзела адукацыі на чале з начальнікам Аляксеем Абросімавым, ваенны камісар Капыльскага раёна Сяргей Барташэвіч, першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, начальнік аддзела па справах моладзі Валянціна Балажынская. Пасля ўдзельнікі мерапрыемства перамясціліся на вуліцу Цімкавіцкую, дзе разам з вучнямі сярэдняй школы №3 усклалі кветкі, як даніну павагі за подзвіг савецкага салдата. Таксама госці наведалі Алею герояў у цэнтры горада.
Другая палова дня прайшла ў Грозаў-скай школе-інтэрнаце, дзе адбылася прэзентацыя БДПУ імя М. Танка. Студэнты – гэта заўсёды неардынарныя, а вельмі часта – актыўныя і творчыя людзі. У гэтым пераканаліся выхаванцы, выхавацелі і настаўнікі школы-інтэрната падчас канцэрта, дзе знайшлося месца і вясёлым танцам, і сардэчным песням, і непараўнальнаму маладзёжнаму гумару. Крыху пазней з музычным прывітаннем у адказ і з нагоды свята ўсіх студэнтаў – Таццянінага дня - выступілі ўжо грозаўскія хлопчыкі і дзяўчынкі. А ўвечары адбылася таварыская футбольная сустрэча, якая скончылася пераканаўчай перамогай выхаванцаў школы-інтэрната. Але паражэнне ніяк не сапсавала настрой гасцям.
Ужо ў сераду ўдзельнікаў Зорнага паходу чакала невялікая экскурсія па памятных месцах старажытнага Капыля, якую правёў дырэктар Капыльскага раённага цэнтра дзіцячага турызму і краязнаўства Сяргей Мялешка. З цікавасцю студэнты слухалі аповед настаяцеля Спаса-Узнясенскага храма г. Капыля айца Сергія, які расказаў пра гісторыю ўзнікнення, перыядах заняпаду і адраджэння царквы. Багатай на цікавыя факты для гасцей стала экскурсія па залах раённага краязнаўчага музея. Супрацоўнікі ўстановы культуры Таццяна Варанцова і Андрэй Лятчэня адказвалі на шматлікія пытанні, якія паступалі ў іх адрас ад юнакоў і дзяўчат падчас знаёмства з гістарычным мінулым горада. Сапраўдным падарункам для студэнтаў факультэтаў псіхалогіі, беларускай і рускай філалогіі стала прэзентацыя міні-праекта “Уклад у сусветную культуру ўраджэнцаў Капыльшчыны, што эмігрыравалі ў пачатку ХХ стагоддзя”, якую прадставіла дырэктар музея Валянціна Шуракова. Таксама да ўвагі прысутных быў прадстаўлены фільм “Цары”, дзе расказвалася пра стаўшы ўжо легендарным семежаўскі абрад.
Працягам насычанага дня стала наведванне дома-музея Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага ў аг. Семежава. Пра жыццёвы і працоўны шлях нашага знакамітага земляка студэнтам і выкладчыкам мінскай ВНУ паведамілі вучні мясцовай адзінаццацігодкі. У сценах сярэдняй школы, дзе сабраліся старшакласнікі Жыліхаўскай, Бучацінскай і Семежаўскай навучальных устаноў, удзельнікі Зорнага паходу яшчэ раз прадэманстравалі свае артыстычныя здольнасці падчас паўтарагадзіннага канцэрта. Пасля невялікага трэнінгу крэатыўнасці з вучнямі школ на старт паклікала спартландыя, дзе камандзе студэнтаў супрацьстаялі семежаўскія школьнікі. Вясёлае спартыўнае спаборніцтва нікога не пакінула раўнадушным, а фінальным акордам дня быў таварыскі матч па міні-футболе. Стомленыя, але жыццярадасныя, удзельнікі Зорнага паходу вярталіся ў Грозаўскую школу-інтэрнат.
Знакавай падзеяй трэцяга дня стала сустрэча школьнікаў раёна з прафесарска-выкладчыцкім саставам БДПУ імя М. Танка ў раённым Цэнтры культуры. Пра дзейнасць сваіх факультэтаў расказвалі дэканы факультэтаў беларускай і рускай філалогіі Васіль Старычонак, матэматычнага факультэта Уладзімір Шлыкаў, факультэта псіхалогіі Леанід Пергаменшчык, факультэта прыродазнаўства Наталля Навуменка, гістарычнага факультэта Мікалай Забаўскі, загадчык кафедры матэматыкі фізічнага факультэта Сяргей Васілец. Ад аўдыторыі паступалі пытанні па правілах паступлення, умовах навучання і працаўладкавання пасля заканчэння ВНУ. Для школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў адбылася канцэртная праграма з удзелам гурта “ByCity”, які складаецца з выпускнікоў БДПУ. Закончыўся чацвер, 27 студзеня, майстар-класам, а фактычна – тэматычнай дыскатэкай “Школа маладога дзі-джэя”.
У апошні дзень Зорны паход пабываў на радзіме беларускага класіка, нашага земляка Кузьмы Чорнага. У Цімкавіцкай адзінаццацігодцы адбылося знаёмства са школай і школьным музеем, прайшлі розныя трэнінгі: гульнёвая тэрапія - для малодшых школьнікаў, згуртаванне групы – для 5 - 7, развіццё лідарскіх якасцей у падлеткаў, ток-шоу “Твой выбар” – для старэйшых класаў.
Напрыканцы ўдзельнікі пазнаёміліся з работай гімназіі №1 г. Капыля. На памяць аб Капыльшчыне студэнтам і выкладчыкам БДПУ імя М. Танка ўручылі вымпелы, складзеныя са здымкаў мясцовых краявідаў, і фотакалаж, у якім знайшлі адлюстраванне моманты з мерапрыемстваў 46-га Зорнага паходу на тэрыторыі нашага раёна.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКАХ: 1. Хлеб-соль – удзельнікам Зорнага пахода; 2. Экскурсія ў краязнаўчым музеі; 3. Спартландыя ў Семежаўскай СШ; 4. На сцэне каманда КВЗ «Дранікі».
Фота аўтара