У мехмайстэрні ААТ “Старыца-Агра” кіпіць работа. Механізатары даводзяць да ладу тэхніку і прычапны інвентар. Спяшаюцца, паколькі непрадказальнае апошнім часам надвор’е можа ўжо ў сакавіку запрасіць у поле.
Інжынер па эксплуатацыі Уладзімір Стош упэўнены, што работы засталося тыдні на два: “Мы ўжо адрамантавалі ўсе энерганасычаныя трактары, культыватары для закрыцця вільгаці, на 70 % падрыхтавалі плугі, амаль такая ж гатоўнасць і сеялак”.
Каб не ўзнікала праблем з запчасткамі і была магчымасць скласці дакладны графік рамонтных работ, у гаспадарцы своечасова правялі дэфектоўку. На дапамогу механізатарам заўсёды гатовы прыйсці кваліфікаваныя зваршчыкі, токары, слесары. Калі ёсць неабходнасць, выклікаюць спецыялістаў з гарантыйных майстэрняў. І гэта абумоўлена тым, што ў сельгаспрадпрыемстве тэхніка ў пераважнай большасці сучасная, з высокатэхналагічным абсталяваннем. Кожны з вяскоўцаў разумее: ад іх добрасумленнасці зараз будуць залежаць і тэмпы, і якасць работ падчас вясенняй пасяўной. Да таго ж кожны дзень прастою можа балюча ўдарыць па яго кашальку. Таму да даручанай справы ўсе адносяцца надзвычай адказна.
Для работы механізатараў і абслуговага персаналу створаны ўсе ўмовы. Абсталяваны зварачныя пасты, працуюць такарныя станкі, ёсць неабходны інструмент. Пасля работы можна скарыстацца паслугамі душавой, пастаянна падаецца гарачая вада. І вядома ж, на прадпрыемстве вялікае значэнне надаецца ахове працы.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии