Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

artiom

artiom

У кожнай уборкі свае асаблівасці

17.10.2024
Ад першай асобы Аляксандр Рыгоравіч Макарчук: — Тактыка любога віду работ не можа быць аднолькавай кожны год. Каб вызначыцца ў гэтым, існуе штаб, кіраўніцтва, спецыялісты гаспадаркі. Заўсёды абмяркоўваем стратэгію сваіх дзеянняў. Да прыкладу, сёлета ўсе збожжавыя культуры адначасова былі гатовы да ўборкі. Аднак мы распачалі з ячменю, паколькі яго салома больш падпадае пад уздзеянне дажджу (ніколі нельга выключаць і такі варыянт!): з’яўляецца палегласць, адпадае колас і, адпаведна, губляецца ўраджай. Затым прыняліся за пшаніцу — як асноўную культуру для выканання дзяржзаказу. Апошняй на чарзе будзе трыцікале. Да таго ж чарговасць уборкі культур дазволіць іх не змешваць у збожжаскладах, што дае свае плюсы ў далейшай рэалізацыі прадукцыі. Увогуле я лічу, што нельга жыць шаблонамі, трэба пастаянна думаць, як зрабіць лепш. У дзень нашага наведвання сельгаспрадпрыемства камбайны знаходзіліся на апошнім палетку пшаніцы. І нават нягледзячы на тое, што ўначы быў дождж, ужо каля адзінаццаці гадзін раніцы тэхніка была ў полі. Камбайнеры і вадзіцелі з нецярплівасцю чакалі, калі збажына абсохне, каб прыняцца за работу. І праўда, у гэты дзень было абмалочана больш за тысячу гектараў, і, нягледзячы ні на што, тэмпы работ аказаліся не на многа ніжэйшымі за звычайныя. Як прызнаўся Аляксандр Рыгоравіч, сёлета больш парадаваў ячмень. Не тое, каб ураджайнасць гэтай культуры вышэйшая, чым у азімых, проста свой патэнцыял яна змагла выкарыстаць больш поўна. Калі распачалася двухтыднёвая спёка, ячмень ужо поўнасцю паспеў, а вось азімыя толькі пачыналі налівацца. “Ім проста не хапіла часу, — расказвае дырэктар, — яшчэ б тыдні 2—3, і бачылі б іншую карціну. Таму мы згубілі ў гэтым годзе на азімых культурах больш”. Затое парадаваў рапс, які даў 46 цэнтнераў на круг. Наогул, паводле слоў Аляксандра Макарчука, апошнія гады гэта самая рэнтабельная культура ў гаспадарцы. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве восем камбайнаў — шэсць КЗС-1218 і два “Лексіёны”, адзін з якіх вымушаны стаяць на рамонце па прычыне адсутнасці важнай запчасткі (у гэтым і бяда замежнай тэхнікі!). Экіпажы складзены ў асноўным з мясцовых жыхароў: механізатары гаспадаркі, моладзь, якая мае пасведчанне трактарыста і вялікае жаданне зарабіць грошы і паспрабаваць свае сілы ў нялёгкай хлебаробскай справе. Можна сказаць, мэтанакіравана ідзе да сваёй прафесіі Аляксандр Дарашэвіч, які скончыў тры курсы Капыльскага сельскагаспадарчага прафесійнага каледжа і разам з бацькам Мікалаем Аляксандравічам працуе на камбайне. Наогул у Дарашэвічаў імкненне прысвяціць сябе працы ў сельскай гаспадарцы стала справай сямейнай. Выбрала гэты шлях і старэйшая сястра Сашы, якая вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. “А як жа інакш, — усміхаецца Мікалай Аляксандравіч. — Мы ж нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі ў вёсцы. І каму, як ні нам, тут працаваць?” Сам Мікалай Дарашэвіч акрамя камбайна ўпэўнена кіруе МТЗ-952, займаецца пасадкай, доглядам і ўборкай (на бульбаўборачным камбайне) бульбы, калі трэба, то і сеялку падчапляе. Словам, едзе туды, дзе патрэбны яго працавітыя рукі. А вось для Мікалая Кастэнкі Беларусь стала другой радзімай. Нарадзіўся і вырас ён ва Украіне, у Мікалаеўскай вобласці. На Капыльшчыну пераехаў разам з жонкай (ураджэнкай Гомельшчыны) пасля чарнобыльскай навалы. Працаваў нейкі час у сельгасхіміі, апошнія 20 гадоў — у ААТ “Піянер-Агра”. Сёлета змяніў свой ГАЗ-53 на новенькі МАЗ-5551. Пытанне, ці не радуецца невялікай перадышцы ад спякоты, адразу ж адмёў: “Трэба ўбіраць хутчэй. Яшчэ ж столькі работы наперадзе!” Паралельна з абмалотам збажыны вядзецца ў гаспадарцы і ўборка саломы. І тут тэмпы работ высокія. Створаны спецыяльныя звенні на пагрузцы і адвозцы саламяных цюкоў. На адным з палеткаў сустрэліся з маладымі механізатарамі Аляксандрам Хадарэнкам і Алегам Філіпчыкам. Аляксандр спрытна загружаў цюкі на новенькі, унушальных памераў прычэп.   На здымках: Сямейны экіпаж у складзе Мікалая і Аляксандра Дарашэвічаў Механізатары А. Філіпчык і А. Хадарэнка Вадзіцель М. Кастэнка

Як накорміш

17.10.2024
Ад першай асобы Аляксандр Рыгоравіч Макарчук: — Ужо на працягу апошніх 5—6 гадоў у працэсе нарыхтоўкі кармоў мы маем дзве стратэгічныя лініі: сянаж рыхтуем з люцэрны, а сілас — з кукурузы. Лічу, што менавіта люцэрна — тая культура, з якой атрымліваецца самы лепшы сянаж. У нас пад яе занята 280 га, удаецца атрымаць чатыры, а то і пяць паўнацэнных укосаў. Нарыхтоўку кармоў пачынаем вельмі рана, зялёная маса хутка даходзіць да кандыцыі, і корм з яе атрымліваецца проста выдатны. У залежнасці ад таго, колькі мы яго нарыхтавалі і які запас застаўся з мінулага года (да прыкладу, сёлета маем яшчэ каля 2000 сіласу), вырашаем, колькі гектараў кукурузы пакінуць на зерне. Дарэчы, сёлета мы адвялі пад гэту культуру 660 га і прытрымліваемся гэтай лічбы ўжо некалькі гадоў. Гаспадарцы, якая мае 898 галоў толькі дойнага статка, гадуе маладняк і свіней, проста нельга не клапаціцца пра добрую кармавую базу. І як паведаміў Аляксандр Макарчук, галоўная ўвага тут — люцэрне. Кожнае поле актыўна функцыянуе 5—6 гадоў. Штогод адно з іх, пасля ўборкі ўраджаю, перазалужаецца. Дарэчы, менавіта на такім палетку мы сустрэліся з механізатарам Мікалаем Мухам. Практычна ўсё сваё жыццё займаецца Мікалай Іванавіч хімработамі, працаваў з рознымі агрэгатамі, сёлета вось атрымаў новенькі 24-мятровы апырсквальнік. Заправіўшы яго раўндапам, трактарыст распачаў апрацоўку поля. Пазней, калі ўся расліннасць будзе спалена, сюды завязуць арганічныя ўгнаенні, зааруць і пасеюць азімую пшаніцу. Так пачнецца новае жыццё былога люцэрнавага палетка. А тым часам на іншым участку набірае моцы маладая люцэрна, якая толькі-толькі пачынае свой жыццёвы цыкл, каб ужо праз некалькі тыдняў ператварыцца ў паўнацэнны корм для жывёлы. Як толькі будуць завершаны ўборачныя работы, механізатары прадоўжаць нарыхтоўку сенажу. Не забываюцца тут і пра сена, якога назапашваюць звычайна каля 1000 тон. Без яго ніяк, паколькі толькі такім чынам можна дабіцца збалансаванасці рацыёну жывёлы па сухіх рэчывах. На здымку: механізатар М. Муха  

Пазбавіцца ад шаблонаў ва ўсім імкнуцца ў ААТ “Піянер-Агра”

17.10.2024
Новая ферма — гэта будучыня гаспадаркі Ад першай асобы Аляксандр Рыгоравіч Макарчук: — Чаго мы чакаем ад гэтай фермы? Перш за ўсё, павелічэння пагалоўя жывёлы. З уводам аб’екта ў дзеянне мы атрымаем своеасаблівы штуршок для далейшага развіцця жывёлагадоўлі. Пакуль жа даводзіцца “таптацца” на месцы, паколькі памяшканні, што ў нас ёсць, усе запоўнены. Мы за апошнія 10—15 гадоў павялічылі пагалоўе жывёлы на 600 галоў. Сёння, як ніколі востра, стаіць задача росту заработнай платы. Але дасягнуць гэтага без павелічэння аб’ёмаў вытворчасці нельга. Вялікі плюс і магчымасць вырашэння кадравага пытання: 600 галоў будуць аб-слугоўваць толькі тры аператары машыннага даення. Знікне неабходнасць і ў пастухах, паколькі дойны статак выпасацца не будзе. У ААТ “Піянер-Агра” будуецца новая малочнатаварная ферма на 600 галоў, якая павінна ўступіць у строй у верасні—пачатку кастрычніка. Тут будзе два кароўнікі з утрыманнем па 370 галоў у кожным (акрамя дойнага статка там будуць знаходзіцца сухастойныя каровы) і малочна-даільны блок з сучаснай даільнай залай вытворчасці “Унібокс”. Будаўніцтва вядзецца за крэдытныя сродкі (40 млрд рублёў). Безумоўна, пэўная рызыка для гаспадаркі існуе — каму хочацца трапіць у фінансавую залежнасць. Аднак патрэба ў такім сучасным жывёлагадоўчым аб’екце пераважае ўсё. Паводле слоў дырэктара гаспадаркі Аляксандра Макарчука, ужо 24 млрд рублёў пералічаны на рахунак генеральнага падрадчыка, у ролі якога выступае прыватнае прадпрыемства “Тэхбокс”. Аляксандр Рыгоравіч прызнаецца, што першыя месяцы, калі пачыналі будоўлю, на пляцоўцы былі толькі работнікі гаспадаркі ды ПМК-11. Узнікалі пастаянныя праблемы з генпадрадчыкам. Праўда, адзначае кіраўнік сельгаспрадпрыемства, менавіта ў гэты час і праходзіла ўтварэнне самой будаўнічай арганізацыі. Затое цяпер практычна няма пытанняў, а якія і ўзнікаюць — аператыўна вырашаюцца. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць штотыднёвыя планёркі з удзелам старшыні райвыканкама Анатоля Жданені, яго намесніка Леаніда Бурака, начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Сяргея Цімашэнкі і ўсіх зацікаўленых асоб. Прыкладна два месяцы таму давялося пабываць на адной з такіх нарад. Пачутае прымусіла нават крыху засумнявацца ў рэальнасці выканання пастаўленых задач — вельмі ж шмат праблем стаяла перад будаўнікамі. Прадстаўнік генпадрадчыка не мог з дакладнасцю адказаць ні на адно пытанне, якое яму задавалася. У гэты ж дзень мы сталі сведкамі таго, як замацоўвалася першая жалезабетонная стойка для будучага будынка кароўніка. Наведаўшы чарговую планёрку на бягучым тыдні, была прыемна ўражана і аб’ёмамі зробленага, і тым, наколькі аператыўна вырашаюцца ўсе ўзнятыя пытанні. Не прагучала практычна ніводнага адмоўнага адказу. Задаволены ходам вядзення будаўніцтва і Аляксандр Макарчук: “Практычна на кожным аб’екце працуюць брыгады, якія займаюцца пэўнымі відамі работ: дахам, укладкай бетону, падводам камунікацый (вады, каналізацыі) і г.д. Словам, усё ідзе згодна з графікам”. Скіраваўшы ўвагу на будаўніцтва новай малочнатаварнай фермы, кіраўнік сельгаспрадпрыемства не забываецца і на іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты. Паралельна вядуцца работы па рэканструкцыі МТФ “Ванелевічы”, дзе ўжо асвоена 1 млрд рублёў (з іх 700 млн руб. – уласныя). Пакладзены асфальт, забетанаваны новы выгульны двор, на двух кароўніках заменены дахі, устаноўлены святловентыляцыйныя вільчакі (па-руску — “коньки”), уласнымі сіламі мяняюць вокны. На здымку: падчас планёркі - А. Жданеня, С. Цімашэнка, А. Макарчук, Л. Буряк

Першы ўраджай

17.10.2024
Аграном-аграхімік Анатоль Міхлай у ААТ “Жыліхава” толькі першы год. Але маладому спецыялісту давяраюць самыя адказныя ўчасткі работ. Падчас жніва хлопец, як кажуць, у самай гушчы падзей — на хлебнай ніве, дзе працуюць камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі на адвозцы збажыны. Тут Анатоль кантралюе і выкананне правіл тэхнікі бяспекі, і сочыць за якасцю выкананай работы. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Люблю сельскую гаспадарку

17.10.2024
Вадзіцель Аляксандр Клішэвіч з ААТ “Старыца-Агра” на адвозцы збожжавых працуе  персанальна з “Акрасам-530”, бункер якога ўмяшчае каля шасці з паловай тон збожжа. Таму МАЗ грузападымальнасцю да 20-ці тон, якім кіруе малады хлопец, на гэтым участку работы падыходзіць як мага лепш. Да прыходу ў сельгаспрадпрыемства Аляксандр працаваў вадзіцелем у капыльскай насеннай інспекцыі, пасля перайшоў у “Старыцу-Агра”. Тут на працягу некалькіх месяцаў працаваў на малакавозе, добрасумленна выконваючы свае абавязкі. Відаць, таму і даверылі яму новы вялікагрузны МАЗ, які тры гады таму набыла гаспадарка. На пытанне, чаму змяніў адну арганізацыю на другую, атрымаў просты адказ: люблю сельскую гаспадарку. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  
Страница 4 из 36