Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

У кожнай уборкі свае асаблівасці

07.08.2012
Ад першай асобы Аляксандр Рыгоравіч Макарчук: — Тактыка любога віду работ не можа быць аднолькавай кожны год. Каб вызначыцца ў гэтым, існуе штаб, кіраўніцтва, спецыялісты гаспадаркі. Заўсёды абмяркоўваем стратэгію сваіх дзеянняў. Да прыкладу, сёлета ўсе збожжавыя культуры адначасова былі гатовы да ўборкі. Аднак мы распачалі з ячменю, паколькі яго салома больш падпадае пад уздзеянне дажджу (ніколі нельга выключаць і такі варыянт!): з’яўляецца палегласць, адпадае колас і, адпаведна, губляецца ўраджай. Затым прыняліся за пшаніцу — як асноўную культуру для выканання дзяржзаказу. Апошняй на чарзе будзе трыцікале. Да таго ж чарговасць уборкі культур дазволіць іх не змешваць у збожжаскладах, што дае свае плюсы ў далейшай рэалізацыі прадукцыі. Увогуле я лічу, што нельга жыць шаблонамі, трэба пастаянна думаць, як зрабіць лепш. У дзень нашага наведвання сельгаспрадпрыемства камбайны знаходзіліся на апошнім палетку пшаніцы. І нават нягледзячы на тое, што ўначы быў дождж, ужо каля адзінаццаці гадзін раніцы тэхніка была ў полі. Камбайнеры і вадзіцелі з нецярплівасцю чакалі, калі збажына абсохне, каб прыняцца за работу. І праўда, у гэты дзень было абмалочана больш за тысячу гектараў, і, нягледзячы ні на што, тэмпы работ аказаліся не на многа ніжэйшымі за звычайныя. Як прызнаўся Аляксандр Рыгоравіч, сёлета больш парадаваў ячмень. Не тое, каб ураджайнасць гэтай культуры вышэйшая, чым у азімых, проста свой патэнцыял яна змагла выкарыстаць больш поўна. Калі распачалася двухтыднёвая спёка, ячмень ужо поўнасцю паспеў, а вось азімыя толькі пачыналі налівацца. “Ім проста не хапіла часу, — расказвае дырэктар, — яшчэ б тыдні 2—3, і бачылі б іншую карціну. Таму мы згубілі ў гэтым годзе на азімых культурах больш”. Затое парадаваў рапс, які даў 46 цэнтнераў на круг. Наогул, паводле слоў Аляксандра Макарчука, апошнія гады гэта самая рэнтабельная культура ў гаспадарцы. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве восем камбайнаў — шэсць КЗС-1218 і два “Лексіёны”, адзін з якіх вымушаны стаяць на рамонце па прычыне адсутнасці важнай запчасткі (у гэтым і бяда замежнай тэхнікі!). Экіпажы складзены ў асноўным з мясцовых жыхароў: механізатары гаспадаркі, моладзь, якая мае пасведчанне трактарыста і вялікае жаданне зарабіць грошы і паспрабаваць свае сілы ў нялёгкай хлебаробскай справе. Можна сказаць, мэтанакіравана ідзе да сваёй прафесіі Аляксандр Дарашэвіч, які скончыў тры курсы Капыльскага сельскагаспадарчага прафесійнага каледжа і разам з бацькам Мікалаем Аляксандравічам працуе на камбайне. Наогул у Дарашэвічаў імкненне прысвяціць сябе працы ў сельскай гаспадарцы стала справай сямейнай. Выбрала гэты шлях і старэйшая сястра Сашы, якая вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. “А як жа інакш, — усміхаецца Мікалай Аляксандравіч. — Мы ж нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі ў вёсцы. І каму, як ні нам, тут працаваць?” Сам Мікалай Дарашэвіч акрамя камбайна ўпэўнена кіруе МТЗ-952, займаецца пасадкай, доглядам і ўборкай (на бульбаўборачным камбайне) бульбы, калі трэба, то і сеялку падчапляе. Словам, едзе туды, дзе патрэбны яго працавітыя рукі. А вось для Мікалая Кастэнкі Беларусь стала другой радзімай. Нарадзіўся і вырас ён ва Украіне, у Мікалаеўскай вобласці. На Капыльшчыну пераехаў разам з жонкай (ураджэнкай Гомельшчыны) пасля чарнобыльскай навалы. Працаваў нейкі час у сельгасхіміі, апошнія 20 гадоў — у ААТ “Піянер-Агра”. Сёлета змяніў свой ГАЗ-53 на новенькі МАЗ-5551. Пытанне, ці не радуецца невялікай перадышцы ад спякоты, адразу ж адмёў: “Трэба ўбіраць хутчэй. Яшчэ ж столькі работы наперадзе!” Паралельна з абмалотам збажыны вядзецца ў гаспадарцы і ўборка саломы. І тут тэмпы работ высокія. Створаны спецыяльныя звенні на пагрузцы і адвозцы саламяных цюкоў. На адным з палеткаў сустрэліся з маладымі механізатарамі Аляксандрам Хадарэнкам і Алегам Філіпчыкам. Аляксандр спрытна загружаў цюкі на новенькі, унушальных памераў прычэп.   На здымках: Сямейны экіпаж у складзе Мікалая і Аляксандра Дарашэвічаў Механізатары А. Філіпчык і А. Хадарэнка Вадзіцель М. Кастэнка

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей