Актуальныя пытанні развіцця цэнтральнага рэгіёна краіны былі абмеркаваны на прэс-канферэнцыі са старшынёй Мінскага аблвыканкама Барысам Батурам, якая адбылася 19 снежня. На працягу гадзіны Барыс Васільевіч адказваў на пытанні прадстаўнікоў
дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі нашай вобласці, а таксама вядучых рэспубліканскіх тэлеканалаў, радыёстанцый, газет і інфармацыйных агенстваў.
У гутарцы з журналістамі старшыня Мінаблвыканкама адзначыў, што ў цэлым у бягучым годзе ў сталічнай вобласці назіраецца станоўчая дынаміка развіцця, хаця не ўсе прагнозныя паказчыкі будуць выкананы. Аднак, неабходна адзначыць, што тэмпы росту валавога рэгіянальнага прадукта Міншчыны вышэй за рэспубліканскі паказчык. Чакаецца, што асноўны паказчык — валавы рэгіянальны прадукт — узрасце на 7 % пры плане росту не менш, чым на 9 %, аб’ём сельскагаспадарчай вытворчасці — на 5,6—6 % пры плане на 7—8 %. Будзе пабудавана 1,1 млн кв.м жылля супраць 1,3 млн кв.м па прагнозе.
“На вынікі паўплывалі аб’ектыўныя фактары, аднак практычна ўсе якасныя паказчыкі (рэнтабельнасць продажу, энерга-зберажэнне і інш.) будуць выкананы. У новы год вобласць уваходзіць са станоўчымі тэндэнцыямі”, — падкрэсліў Барыс Батура. Сёння Міншчына валодае значным патэнцыялам і павінна як след выкарыстоўваць яго, павышаць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы. Для гэтага ёсць усе магчымасці. “У бягучым годзе ў эканоміку Мінскай вобласці было прыцягнута 96 млн долараў прамых інвестыцый, — паведаміў Барыс Васільевіч. — У 2012-м плануецца значна павялічыць гэты паказчык — да $187 млн. У Міншчыны вялікі патэнцыял у гэтым плане — сюды актыўна ідуць інвестары”. У вобласці рэалізуецца 16 лагістычных праектаў з 24 рэспубліканскіх, што павінна станоўча адбіцца на папаўненні бюджэту, павелічэнні грузапатокаў.
У ліку асноўных прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, далейшае нарошч-ванне экспарту. Гэта стане магчымым як за кошт асваення новых рынкаў збыту, так і пераарыентацыі таварных патокаў з унутранага на знешнія рынкі. Неабходна больш актыўна працаваць над змяненнем структуры экспарту шляхам скарачэння долі сыравінных прадуктаў і павелічэння паставак навуковаёмістай, інавацыйнай прадукцыі, тэхнічна складаных вырабаў, упэўнены Барыс Батура.
Комплексны падыход дазволіць выканаць сур’ёзную задачу — плануецца, што ў 2012 го-дзе дадатнае сальда знешняга гандлю Міншчыны павінна дасягнуць 3 млрд долараў.
Была закранута тэма малога і сярэдняга бізнесу. Паводле слоў старшыні Мінаблвыканкама, напаўненне бюджэту ад гэтых двух напрамкаў у бягучым годзе склала амаль 33 %, а гэта — 1,5 трлн рублёў. Аднак і прадпрымальнікі адчуваюць падтрымку дзяржавы: толькі за два апошнія гады ім выдзелена 1,4 млрд рублёў, што дазволіла расшырыць і правесці мадэрнізацыю вытворчасці, нарасціць аб’ёмы, а таксама стварыць новыя працоўныя месцы. У кожным раёне Мінскай вобласці будуць створаны цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва (большая частка іх ужо працуе), а пры Мінскім аблвыканкаме дзейнічае Савет па развіцці прадпрымальніцтва.
Сёння востра стаіць і такое пытанне, як імпартазамяшчэнне. Таму яго не маглі абысці журналісты. І менавіта да гэтай справы неабходна, па меркаванні кіраўніка Мінскай вобласці, больш актыўна прыцягваць прадпрымальнікаў. Праз уцягненне ў абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, продаж неэфектыўных прадпрыемстваў новым уласнікам можна дабіцца значных рэзультатаў. У бягучым годзе такім чынам ужо задзейнічана каля 170 аб’ектаў, палова з якіх выстаўлялася на аўкцыён за адну базавую велічыню і пад канкрэтныя інвестпраекты.
Прагучала на прэс-канферэнцыі і пытанне наконт атрымання зямельных участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва. Як праінфармаваў прысутных Барыс Васільевіч, у Мінскай вобласці на чарзе па атрыманні зямельных участкаў стаіць 36,3 тысячы чалавек і больш за 23 тысячы з іх — у Мінскім раёне. “Зараз ідзе ўдакладненне сітуацыі, — адзначыў губернатар. — Сёлета 1,2 тысячы зямельных участкаў было адабрана ў грамадзян, якія без уважлівых прычын не прыступілі да асваення адведзеных ім плошчаў. Актыўна праводзіліся аўкцыёны — такім чынам ва ўласнасць для індывідуальнага будаўніцтва ў 2011 годзе прададзена 710 зямельных участкаў на суму 36,2 млрд рублёў.” Пра-інфармаваў Барыс Батура журналістаў аб будаўніцтве ў 2012 годзе ў гарадах Барысаве і Мала-дзечна двух арэндных дамоў па 60 кватэр кожны, мадэрнізацыі 350 жывёлагадоўчых аб’ектаў.
Актыўна прымяняюцца на Міншчыне і комплексныя меры сацыяльнай абароны насельніцтва. “Усе пераўтварэнні ў сацыяльна-эканамічным развіцці заўсёды павінны праводзіцца ў інтарэсах чалавека, — упэўнены старшыня Мінаблвыканкама. — Таму сацыяльная падтрымка тых груп насельніцтва, якія маюць у гэтым патрэбу, — надзвычай важная і адказная задача. На Міншчыне рэалізуецца комплекс адпаведных мер не толькі на абласным узроўні. У кожным рэгіёне ажыццяўляецца свая праграма з улікам тых ці іншых тэрытарыяльных асаблівасцей.
Ёсць меркаванне, што Барыс Батура — адзін з самых адкрытых чыноўнікаў. “Ці дапамагае губернатару такая адкрытасць і частыя сустрэчы з насельніцтвам вобласці ў вырашэнні пастаўленых задач?” — пацікавіліся журналісты. “Чым часцей бываеш на месцах, больш бачыш, гутарыш з людзьмі, тым больш граматнымі і канкрэтнымі будуць прынятыя рашэнні, — упэўнены Барыс Батура. Я ўсё жыццё так працую, па-іншаму не магу. І ад падначаленых патрабую адпаведных адносін да справы, бо не сакрэт, што на месцах можна вырашыць большасць з тых праблем, з якімі да чыноўнікаў звяртаюцца людзі. Неабходна ўнікнуць і дапамагчы чалавеку, а не пераадрасоўваць пытанне вышэй. Сітуацыя паступова мяняецца ў лепшы бок: у вобласці сёлета колькасць зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі зменшылася на 23 працэнты.”
Барыс Батура таксама адказаў на шэраг іншых пытанняў. Закрытых тэм на гэтай сустрэчы не было.
Маргарыта САКОВІЧ