Усе мы па вялікім рахунку ў адказе за нашых дзяцей. І не толькі ўласных, але і ўвогуле за ўсё падрастаючае пакаленне, паколькі нішто так не ўздзейнічае на маладую асобу, як прыклад, які яна бачыць перад вачыма. А таму, калі мы хочам светлай шчаслівай будучыні, ужо сёння павінны ствараць яе, выхоўваючы нашых дзяцей сапраўднымі грамадзянамі, патрыётамі, сем’янінамі. Бо, як кажуць, будучыню ствараць маладым.

Пра шырокія магчымасці, якія дае правільна пабудаванае выхаваўчая прастора, граматныя адносіны паміж педагогам і навучэнцам і ішла размова падчас калегіі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, што адбылася на мінулым тыдні.
Чаму быў абраны менавіта наш раён? Як адзначыла начальнік упраўлення Таіса Данілевіч, якая папярэдне сустракалася з дырэктарскім корпусам сферы адукацыі раёна, на Капыльшчыне працуюць сапраўдныя прафесіяналы, гатовыя як да дзелавой размовы, так і для ажыццяўлення пастаўленых задач. Дарэчы, падчас калегіі Таіса Іванаўна наведала СШ №3 і засталася задаволенай убачаным. ”Я была ў захапленні ад той чысціні і парадку, што пануюць не толькі ў вучэбных, але і дапаможных памяшканнях, добразычлівай атмасферы і гатоўнасці з веданнем справы падзяліцца сваім вопытам, якія выразна адчуваліся пры размове з педагогамі школы, — адзначыла Таіса Іванаўна. –- Менавіта тады, калі мы ўсе будзем працаваць штодня дзеля свайго сумлення і гонару, калі будзем любіць сваю работу, то, безумоўна, справімся з усімі задачамі”.
Вельмі хочацца спадзявацца, што такія ж добрыя ўражанні засталіся ва ўдзельнікаў калегіі і пасля наведвання іншых устаноў адукацыі раёна, паколькі ў кожнай з іх ёсць нешта адметнае, вартае ўвагі. У прыватнасці, з цікавасцю госці слухалі расказ удзельнікаў трывалага тандэма — кіраўнікоў санаторнага ясляў-сада г. Капыля Наталлі Дзямідчык і Цэнтра карэкцыйнага-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ірыны Сташэўскай. Гэтыя ўстановы не проста размешчаны пад адным дахам. Тут усё робіцца для таго, каб дзеткі, а асабліва тыя, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, адчувалі сябе камфортна разам. На гэта працуюць і цудоўныя ўмовы, у якіх знаходзяцца выхаванцы, і годнае медыцынскае абслугоўванне, і сама атмасфера добразычлівасці, што тут пануе, і, вядома ж, прафесіяналізм і адданасць сваёй справе супрацоўнікаў устаноў адукацыі.
Не менш цікавым было наведванне Быстрыцкай сярэдняй школы, калектыў якой паспяхова працуе над рэалізацыяй педагагічнага праекта “Укараненне мадэлі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання школьнікаў ва ўстанове сацыякультурнага асяроддзя аграгарадка”. Трэба было бачыць, з якім веданнем справы распавядалі юныя экскурсаводы пра мінулае сваёй вёскі і яе слаўных жыхароў – сваіх дзядуль і бабуль – падчас экскурсіі па школьным краязнаўчым музеі баявой і працоўнай славы. Ва ўстанове адукацыі ў рамках шостага школьнага дня працуе клуб “Спадчына”, членамі якога напісаны своеасаблівы летапіс сваёй школы: сабраны матэрыялы пра яе гісторыю, педагогаў, якія ўнеслі значны ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Школьнікі займаюцца і вывучэннем сямейнага быту вёскі Быстрыца, прадстаўляюць сваю дзейнасць на навукова-даследчых канферэнцыях.
Не менш важным выхаваль-нікам у жыцці кожнага чалавека з’яўляецца праца. Пра гэта таксама імкнуцца не забываць ва ўстановах адукацыі Капыльшчыны, і ў кожнай з іх ёсць свой добры прыклад сумеснай дзейнасці педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў на агульную карысць. На такі аспект таксама акцэнтавалася ўвага падчас калегіі. Паколькі, як адзначыла на пленарным пасяджэнні Таіса Данілевіч, паміж гэтымі трыма ўдзельнікамі педагагічнага працэсу павінны быць сапраўдныя партнёрскія адносіны.
Паколькі калегіі папярэднічала комплекснае вывучэнне дзейнасці аддзела адукацыі Капыльскага райвыканкама, а пад гэтым трэба разумець – і ўстаноў адукацыі раёна, даведка, падрыхтаваная па выніках праверкі, успрымалася прысутнымі (сярод запрошаных былі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна) з вялікай цікавасцю. У цэлым, было адзначана ў даведцы, кіруючая дзейнасць аддзела, устаноў адукацыі Капыльскага раёна Мінскай вобласці ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Аднак не абышлося і без абгрунтаваных заўваг, правільнае разуменне якіх і імкненне працаваць над выпраўленнем сітуацыі дазволяць педкалектывам зрабіць значны крок наперад.
Падчас калегіі ішла размова і ставіліся задачы па больш эфектыўнай дзейнасці ўстаноў адукацыі ў напрамку ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Вельмі сур’ёзна была абмеркавана работа па прафілактыцы суіцыдаў сярод навучэнцаў (на жаль, і такая сумная статыстыка мае месца ў нашай вобласці), уздымалася праблема выкладання прадмета “фізічная культура і здароўе” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКУ: У Быстрыцкай СШ.
Фота аўтара