Сваімі меркаваннямі дзеліцца загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Сонейка» Зінаіда МЫСІНА
САМАЕ ЗАПАМІНАЛЬНАЕ Працоўны калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” годна вытрымаў франтальную праверку ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і атрымаў высокую ацэнку сваёй працы. Усім гасцям пад кіраўніцтвам начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі вельмі спадабалася наша дашкольная адукацыйная ўстанова, умовы, створаныя для ўсебаковага развіцця дзяцей.
АБНАДЗЕЙВАЕ У наступным годзе плануецца правесці рэканструкцыю басейна ў дашкольным цэнтры, што дасць магчымасць навучаць дзяцей плаванню з ранняга ўзросту, умацоўваць іх здароўе, знізіць колькасць захворванняў, стварыць здароўезберагальнае асяроддзе, каб забяспечыць паўнацэннае псіхафізічнае развіццё дзіцяці.
РАДУЕ Наш горад расце, прыгажэе, з’яўляюцца новыя мікрараёны, праводзіцца рэканструкцыя тратуараў, па якіх прыемна прагуляцца ў вячэрні час. Ствараюцца новыя прадпрыемствы і працоўныя месцы, а гэта азначае, што моладзь не будзе выязджаць з Капыля.
ХВАЛЮЕ Хацелася б, каб наша рэспубліка квітнела, хутчэй дасягнула эканамічнай стабільнасці, умацавала свае па-зіцыі на еўрапейскім кантыненце. А як жанчыну, як гаспадыню, хвалюе рост цэн, асабліва на прадукты харчавання, бо хочацца, каб навагодні стол быў багатым — з ікрой і іншымі морапрадуктамі, якія рэкамендуюцца для сустрэчы 2012 года ў кожнай сям’і.
НАСЦЯРОЖВАЕ На жаль, яшчэ многа дзяцей – сацыяльных сірот, праблемных сем’яў. Створаны сацыяльны прытулак для дзяцей і ў нашым горадзе, і ён не пустуе. Пры жывых бацьках дзяцей выхоўвае дзяржава і прыёмныя сем’і.
ЖАДАЮ Напярэдадні Нараджэння Хрыстова і Новага года ў першую чаргу жадаю ўсім моцнага здароўя. Няхай 2012 год будзе напоўнены святлом міру, дабрыні і шчасця. Радасці і аптымізму ўсім, фінансавага дабрабыту і ажыццяўлення жаданняў! Навагодняга настрою і вясёлых святаў!
Запісаў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии