У аддзеле статыстыкі па Капыльскім раёне і ўпраўленні райсельгасхарчу падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за студзень-красавік 2010 года.
У сельскагаспадарчых арганізацыях вытворчасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) склала 45 964 ц, або 97,6% да адпаведнага перыяду 2009 года, а рэалізацыя на ўбой – 41 794 ц (93,5%). Рэалізавана ў жывой вазе 27 541 ц буйной рагатай жывёлы (114,4%), 13 344 ц свіней (67,5%), 879 ц птушкі (109,6%). Сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы дасягнулі 602 г (104,9%), свіней – 465 г (97,9%).
За адпаведны перыяд у гаспадарках вытворчасць малака склала 273 662 ц (99%), а рэалізацыя – 218 891 ц (91,8%). Сярэдні надой малака ад каровы – 1480 кг (97,7%).
На 1 мая ў сельгаспрадпрыемствах налічвалася 54 891 галава буйной рагатай жывёлы (98,8%), у тым ліку 18 578 кароў (101,2%). На вырошчванні 45 864 галавы свіней (93,2%).
Наперадзе – старыцкія жывёлаводы
Сярод малочнатаварных ферм лепшага паказчыка дабіўся калектыў МТФ “Андросаўшчына”, які ўзначальвае Сяргей Чарвякоўскі. Ад кожнай каровы ў сярэднім атрымана па 2878 кг малака (+126 кг да адпаведнага ўзроўню мінулага года). Другі вынік у МТФ “Свідзічы” (Ніна Шатэрнік) – 2499 кг (+109 кг). Услед за жывёлаводамі ААТ “Старыца-Агра” ідуць скабінскія. МТФ “Перац” (Тамара Амяльянчык) займае трэцюю пазіцыю з вынікам 2371 кг (-23 кг), МТФ “Скабін” (Жанна Раеўская) – чацвёртую. Тут надоена па 2236 кг, але на 89 кг менш, чым летась.
Лідэр – ранейшы
Марыя Дзямчук з МТФ “Перац” СВК “Скабін” упэўнена трымае лідэрства ў спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення. За справаздачны перыяд у сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы атрымала па 3094 кг, а прыбаўка да адпаведнага перыяду 2009 года склала 157 кг. Другое месца – у Наталлі Ліпай з МТФ “Чырвоны Партызан” СВК “Мажа-Агра” з вынікам 2684 кг (+375 кг). Вераніка Баліцкая з МТФ “Перац” дала прыбаўку 122 кг і ў выніку атрымала па 2662 кг ад кожнай каровы.
Прывагі і прыплод
Вольга Ляневіч і Жанна Рудакоўская з ААТ “Старыца-Агра” атрымалі найвышэйшыя рэзультаты на адкорме буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачныя прывагі склалі, адпаведна, 1288 г (+325 г) і 1222 г (+303 г). Прывагі больш за кілаграм на рахунку Рыгора Пракаповіча з СВК “Ванелевічы”, Алены Бендзь, Галіны Мядзведзь, Ганны Бойкі, Галіны Салановіч, Наталлі Русаковіч, Таццяны Міхайлоўскай з ААТ “Старыца-Агра”.
Алена Сцяпчук з СВК “Ванелевічы” паказала лепшы вынік на адкорме свіней – 621 г (+53). У Таццяны Нікіцінай з СГФ “Браткава” і Уладзіміра Болдзіна з СВК “Праснакі” наступныя паказчыкі – 513 г (+131) і 505 г (+147), адпаведна.
Па 2551 галаве парасят (+170) за мінулы перыяд атрымалі аператары ААТ “Капыльскае” Галіна Сяленчык і Вольга Пяцко. На рахунку Алены Касцецкай і Надзеі Худэнкі з гэтай жа гаспадаркі – 2330 галоў (+46). У Ірыны Лакізо і Ніны Латоўчыц – 1782 галавы (-75), а ў Ларысы Новік і Галіны Уласовіч – 1753 галавы (-109).
Падрыхтавала Марыя ШЭІНА
16 мая ў Капылі адбыўся XXII традыцыйны лёгкаатлетычны прабег “Капыльскае кольца”, удзел у якім прынялі 247 спартсменаў з усіх куткоў нашай сінявокай Беларусі.
На фізкультурна-аздараўленчы комплекс адзін за адным прыбывалі аўтобусы і аўтамабілі са спартсменамі. Ужо а палове адзінаццатай гадзіны, падаўшы заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах, спартсмены выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да аматараў бегу звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская. Яна пажадала ўдзельнікам моцнага здароўя, перамог на спартыўных пляцоўках, у паўсядзённым жыцці і абвясціла прабег адкрытым. Права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было дадзена майстру спорту міжнароднага класа капыляніну Дзмітрыю Булу.
Сёлетні прабег не зусім традыцыйны і не зусім урачысты: месяц таму трагічна абарвалася жыццё ініцыятара, ідэйнага натхняльніка, заўзятага марафонца Віктара Новіка. Пра гэта не маглі не ўзгадаць сябры капыльскага спартсмена. З горыччу аб непапраўнай страце для спартыўнага руху гаварылі намеснік старшыні Рэспубліканскага савета клубаў аматараў бегу Аляксандр Кізіл, салігарчанін Валерый Цішкоўскі, які прысвяціў Віктару Сяргеевічу свой верш. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб сваім таварышу ўдзельнікі прабегу. “Капыльскае кольца-2010” яны прысвяцілі памяці Віктара Новіка.
У праграму спаборніцтваў ужо каторы год увахо- дзяць чатыры дыстанцыі: 1, 3, 11 і 21 км. Па традыцыі першымі на старт кіламетровай трасы выйшлі самыя юныя спартсмены. Ва ўзросце да 8 гадоў пераможцай стала Дзіна Дзенісовіч са Смаліцкой СШ. Марына Міхайлоўская са Слабада-Кучынкі перамагла ў групе 8 - 9 г., а Аляксей Валчок з Мінска стаў мацнейшым у хлопчыкаў. На першую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся капыляне Света Пятрыка і Сяргей Дарашэвіч, якія паказалі лепшы час сярод 10 – 11-гадовых спартсменаў.
На дыстанцыю 3 км адправіліся як юныя, так і сталага ўзросту бегуны, сярод якіх добра вядомыя капылянам па мінулых рэпартажах ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Гогалеў (86) і Георгій Ціткін (85 гадоў). Ва ўзросце 12 - 13 гадоў пераможцамі сталі Ульяна Зайцава (Мінск) і Яўген Наркевіч (Цімкавіцкая СШ). Вераніка Баркоўская (Цімкавіцкая) і Віталь Гарнастай (Лясноўская СШ) былі мацнейшымі ў групе 14 - 15, а Хрысціна Хмялеўская (СШ №2) і Дзяніс Каранько (СШ №3) – сярод 16 – 17-гадовых спартсменаў. У групе 70 і старэй першай на фініш у жанчын прыйшла Яніна Ляпіна (Мінск), а ў групе 75 і старэй сярод мужчын – Леанід Калодка (Жодзіна).
Самым прадстаўленчым стаў апошні забег, дзе на старт выйшлі лёгкаатлеты на дыстанцыі 11 кіламетраў і паўмарафон (21 км). На 11 км перамаглі Настасся Насевіч з Капыля і Сяргей Федаракоў са Жлобіна (да 18), мінчане Аляксандра Перасава, Аляксандр Санько (18 – 20), Алена Цухло (55 – 59) Людміла Агеева (60 – 64), Аляўціна Млынчык (65 і старэй), брастчанін Іван Барташ (65 – 69) і жодзінец Вячаслаў Варанцоў (70 і старэй).
Першым на фініш паўмарафону прыйшоў Аляксандр Клюйка з Мінска, а яго зямлячка Наталля Кунцэвіч стала самай хуткай у жанчын. У ліку лідэраў сваіх узроставых груп капыляне Максім Рымашэўскі (да 20 гадоў) і Дзмітрый Була (30 – 39).
Пакуль судзейская калегія падводзіла вынікі, удзельнікам “Капыльскага кольца” работнікі культуры падарылі невялікі канцэрт.
Пераможцам і прызёрам дасталіся дыпломы і медалі з памятным надпісам аб прабегу, якія ўручылі начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі і начальнік аддзела адукацыі Капыльскага райвыканкама Іван Бабко. Уладальнікі першых месц усіх узроставых груп атрымалі таксама грашовыя прэміі.
Напрыканцы арганізатары мерапрыемства за- прасілі гасцей горада на наступны прабег, які па традыцыі пройдзе ў трэцюю нядзелю мая.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
У чацвер, 20 мая, у раёне пройдзе чарговы адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэма: “Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь”.
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні зрабіў акцэнт на якасным рыўку, які неабходна здзейсніць нашай краіне ва ўсіх сферах, паколькі 2010 год аб’яўлены Годам якасці. Асноўным арыенцірам павінна стаць павышэнне якасці тавараў і паслуг, кіравання і жыцця людзей. Беларусь павінна выйсці з крызісу больш сучаснай і гатовай да жорсткай канкурэнцыі ва ўмовах не дакрызіснага, а паслякрызіснага свету. Вызначана стратэгія развіцця нашай краіны на бліжэйшыя гады, рэалізацыя якой дазволіць ажыццявіць дынамічны прарыў у развіцці дзяржавы і забяспечыць больш высокую якасць жыцця нашых грамадзян.
За 11 верасня на першай паласе перадавы артыкул “Смерць фашысцкім разбойнікам”. У ім расказваецца, што ў раёне вораг знішчыў 9000 чалавек, і газета заклікае ўсіх на барацьбу з ненавісным ворагам. У чарговым вераснёўскім нумары заклік да моладзі раёна дастойна адзначыць 25-ю гадавіну Ленінскага камсамола і дапамагаць наступаючай арміі сваімі баявымі дзеяннямі. Былі надрукаваны невялікія замалёўкі пра камсамольцаў-падрыўнікоў Віктара К., Міхаіла Д. Апошні, Міхаіл Дурасаў, смелы падрыўнік, які падарваў сем варожых эшалонаў. Не раз трапляў у складаныя сітуацыі, з якіх выходзіў жывым, але ў адным з баёў ён загінуў. Прозвішчы канспіраваліся, каб немцы не даведаліся аб сваяках патрыётаў, бо гэта пагражала партызанскім сем’ям расстрэлам (праз здраднікаў некаторыя экзэмпляры раёнкі траплялі ў рукі гестапаўцаў). У наступных нумарах паведамлялася, што мінскія падпольшчыкі ўзарвалі ката беларускага народа Вільгельма Кубэ. Гэта падштурхнула капыльскіх падпольшчыкаў такім жа метадам расправіцца з капыльскім бургамістрам Лобанам.
У дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі падпольшчык Аляксандр Станілевіч узняў сцяг над нямецкай жандармерыяй у цэнтры Капыля. Подзвігі патрыётаў і друкаванае слова райгазеты крушылі бастыёны ворага. Рэдакцыя імкнулася надрукаваць усе пісьмы сялян, заметкі партызан і падпольшчыкаў. З’яўляліся карыкатуры, якія высмейвалі заклятага ворага і іх памагатых. Клішэ партызанскія мастакі выразалі з гумы. “Рэжце, каліце, сячыце, вешайце вашывых фрыцаў, сцірайце іх з твару зямлі!” – заклікала газета-партызанка. А лістоўкі напаміналі: “Капыляне! Да вашага вызвалення з-пад фашысцкай няволі засталіся лічаныя дні. Уступайце ў барацьбу з ненавісным ворагам! Усімі сродкамі дапамагайце наступаючай Чырвонай Арміі!.. Смерць нямецкім захопнікам!”
Капыльшчына грымела ад партызанскіх баёў. Амаль увесь раён быў пад кантролем партызан. Па газеце можна пісаць гісторыю партызанскага руху на Капыльшчыне. Хіба можна прайсці міма такіх эпізодаў, расказаных у падпольнай райгазеце.
“Доўга чакалі нашы патрыёты каля вёсак Д. і К. нямецкай пагоні. У 16 гадзін пачуўся гул машын, з горкі з’язджаюць тры аўтамашыны з прычэпамі, яны пад завязку напоўнены гітлераўцамі, якія едуць грабіць і забіваць вяскоўцаў. І вось каманда “агонь!”, і аўтамат Косці Кліменкі косіць гітлераўцаў. Кінуты гранаты, і адразу ўзрываюцца машыны з прычэпамі. Узята ў палон 20 фрыцаў. Захоплены багатыя трафеі ўзбраення: 2 кулямёты, 18 вінтовак, аўтамат і шмат патронаў. У гэтым баі вылучыліся камандзір узвода Р. Ульян, кулямётчык Х. Мікалай, мінамётчык Ж. Віця і іншыя. Гэты гераічны ўчынак стане прыкладам для нашых партызан”. Аўтар – партызан М. М. Прозвішча Кліменкі Косці названа адкрыта, бо ён сам з Украіны, тут у яго не было сваякоў, таму яму не было каго баяцца.
Івана ІГНАТЧЫК