Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

105

Паўмарафон капыльскіх пагоркаў

19.05.2010

16 мая ў Капылі адбыўся XXII традыцыйны лёгкаатлетычны прабег “Капыльскае кольца”, удзел у якім прынялі 247 спартсменаў з усіх куткоў нашай сінявокай Беларусі.

На фізкультурна-аздараўленчы комплекс адзін за адным прыбывалі аўтобусы і аўтамабілі са спартсменамі. Ужо а палове адзінаццатай гадзіны, падаўшы заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах, спартсмены выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да аматараў бегу звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская. Яна пажадала ўдзельнікам моцнага здароўя, перамог на спартыўных пляцоўках, у паўсядзённым жыцці і абвясціла прабег адкрытым. Права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было дадзена майстру спорту міжнароднага класа капыляніну Дзмітрыю Булу.

Сёлетні прабег не зусім традыцыйны і не зусім урачысты: месяц таму трагічна абарвалася жыццё ініцыятара, ідэйнага натхняльніка, заўзятага марафонца Віктара Новіка. Пра гэта не маглі не ўзгадаць сябры капыльскага спартсмена. З горыччу аб непапраўнай страце для спартыўнага руху гаварылі намеснік старшыні Рэспубліканскага савета клубаў аматараў бегу Аляксандр Кізіл, салігарчанін Валерый Цішкоўскі, які прысвяціў Віктару Сяргеевічу свой верш. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб сваім таварышу ўдзельнікі прабегу. “Капыльскае кольца-2010” яны прысвяцілі памяці Віктара Новіка.

У праграму спаборніцтваў ужо каторы год увахо- дзяць чатыры дыстанцыі: 1, 3, 11 і 21 км. Па традыцыі першымі на старт кіламетровай трасы выйшлі самыя юныя спартсмены. Ва ўзросце да 8 гадоў пераможцай стала Дзіна Дзенісовіч са Смаліцкой СШ. Марына Міхайлоўская са Слабада-Кучынкі перамагла ў групе 8 - 9 г., а Аляксей Валчок з Мінска стаў мацнейшым у хлопчыкаў. На першую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся капыляне Света Пятрыка і Сяргей Дарашэвіч, якія паказалі лепшы час сярод 10 – 11-гадовых спартсменаў.

На дыстанцыю 3 км адправіліся як юныя, так і сталага ўзросту бегуны, сярод якіх добра вядомыя капылянам па мінулых рэпартажах ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Гогалеў (86) і Георгій Ціткін (85 гадоў). Ва ўзросце 12 - 13 гадоў пераможцамі сталі Ульяна Зайцава (Мінск) і Яўген Наркевіч (Цімкавіцкая СШ). Вераніка Баркоўская (Цімкавіцкая) і Віталь Гарнастай (Лясноўская СШ) былі мацнейшымі ў групе 14 - 15, а Хрысціна Хмялеўская (СШ №2) і Дзяніс Каранько (СШ №3) – сярод 16 – 17-гадовых спартсменаў. У групе 70 і старэй першай на фініш у жанчын прыйшла Яніна Ляпіна (Мінск), а ў групе 75 і старэй сярод мужчын – Леанід Калодка (Жодзіна).

Самым прадстаўленчым стаў апошні забег, дзе на старт выйшлі лёгкаатлеты на дыстанцыі 11 кіламетраў і паўмарафон (21 км).  На 11 км перамаглі Настасся Насевіч з Капыля і Сяргей Федаракоў са Жлобіна (да 18), мінчане Аляксандра Перасава, Аляксандр Санько (18 – 20), Алена Цухло (55 – 59) Людміла Агеева (60 – 64), Аляўціна Млынчык (65 і старэй), брастчанін Іван Барташ (65 – 69) і жодзінец Вячаслаў Варанцоў (70 і старэй).

Першым на фініш паўмарафону прыйшоў Аляксандр Клюйка з Мінска, а яго зямлячка Наталля Кунцэвіч стала самай хуткай у жанчын. У ліку лідэраў сваіх узроставых груп капыляне Максім Рымашэўскі (да 20 гадоў) і Дзмітрый Була (30 – 39).

Пакуль судзейская калегія падводзіла вынікі, удзельнікам “Капыльскага кольца” работнікі культуры падарылі невялікі канцэрт.

Пераможцам і прызёрам дасталіся дыпломы і медалі з памятным надпісам аб прабегу, якія ўручылі начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі і начальнік аддзела адукацыі Капыльскага райвыканкама Іван Бабко. Уладальнікі першых месц усіх узроставых груп атрымалі таксама грашовыя прэміі.

Напрыканцы арганізатары мерапрыемства за- прасілі гасцей горада на наступны прабег, які па традыцыі пройдзе ў трэцюю нядзелю мая.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей