Тэма добраўпарадкавання населеных пунктаў і навядзення парадку на зямлі па-ранейшаму застаецца адной з галоўных пры планаванні работы мясцовай улады.

На пасяджэнні Семежаўскага сельвыканкама былі зацверджаны мерапрыемствы, рэалізацыя якіх дапаможа зрабіць тэрыторыю сельсавета і населеныя пункты добраўпарадкаванымі, больш прыгожымі і зручнымі для насельніцтва.
Як паведаміла старшыня сельвыканкама Марыя Стружко, значная ўвага на працягу 2017 года будзе надавацца зносу старых і пустуючых будынкаў: усяго плануецца ліквідаваць чатыры пабудовы ў Семежаве, дзве — у Чырвонай Дубраве і восем — у Філіпавічах, акрамя таго, статус безгаспадарнага атрымаюць 10 дамоў. Тэрыторыі пустуючых домаўладанняў стануць месцам правядзення веснавых суботнікаў, парадак на іх бу-дзе падтрымлівацца і на працягу ўсяго года. На плошчы 5 гектараў плануецца ўвесці ў сельгасабарот пустуючыя прысядзібныя ўчасткі, і займацца гэтым ААТ «Семежава» мяркуе як вясной (у красавіку і маі), так і восенню (у лістападзе).
Не застануцца па-за ўвагай аварыйна-небяспечныя дрэвы, якія растуць на падвор’ях грамадзян — запланавана спілаваць 18 штук. Акрамя таго, ёсць намер пашырыць і добраўпарадкаваць вуліцу Капыльскую, для чаго будзе ўбрана больш за 80 каштанаў; спілуюць 61 таполю і паміж вуліцамі Падмажжа і Маставая.
Марыя Іванаўна адзначыла, што традыцыйна вялікую ўвагу нададуць агароджы: яе будуць рамантаваць (каля 100 м), фарбаваць (538 м), запланавана таксама ўстаноўка новых платоў у аграрадку Семежава па вул. Капыльскай (100 м) і знос старых (130 м).
У планах сельвыканкама напярэдадні Дня Перамогі правесці рамонт і добраўпарадкаванне помнікаў і абеліскаў, устаноўленых на тэрыторыі сельсавета ў памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны і загінуўшых земляках. З паметкай «пастаянна» ў Мерапрыемствах па развіцці тэрыторыі Семежаўскага сельсавета запісана навядзенне парадку на могілках, падбуртоўка міні-палігонаў, уборка несанкцыянаваных сметнікаў, замена электрычных лямпачак.
«У рамках выканання нарматываў сацыяльных стандартаў мы запланавалі правесці падсыпку і рамонт асфальтавага пакрыцця вуліцы Новая ў аграгарадку Семежава, — адзначае Марыя Іванаўна, — а таксама падсыпку і ямачны рамонт вуліцы Задвор’е ў в. Чырвоная Дубрава, грэйдзіраванне вуліц населеных пунктаў, газіфікацыю прыватных домаўладанняў па вуліцах Цімкавіцкая і Гасцінец у Семежаве. У шэрагу мерапрыемстваў ёсць і конкурсы на лепшае падвор’е на тэрыторыі сельсавета, на лепшую вуліцу ў аграрагадку Семежава».
Большасць запланаваных мерапрыемстваў будзе выконвацца пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства, а таксама з удзелам іншых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, старэйшын вёсак, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. І гэта не дзіўна, паколькі парадак можна навесці пры ўмове, што ўсе працаваць будуць разам на агульную карысць.
Маргарыта САКОВІЧ