24 верасня ў Лідзе пачаўся рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010”. На ім пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва будуць уручаны ганаровыя дыпломы, легкавыя аўтамабілі, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.
Гэта свята хлебаробаў пачалі адзначаць па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з 1996 года. Старт яму быў дадзены ў Століне, дзе сабраліся перадавыя камбайнеры, вадзіцелі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, раёнаў.
Сёлета ў складзе дэлегацыі Мінскай вобласці на свята працаўнікоў вёскі накіраваліся старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня і старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева, паколькі менавіта Слабада-Кучынскі сельскі Савет прызнаны лепшым сярод сельсаветаў Мішчыны ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
Яўгенню Якубовіч у Старыцы ведаюць добра. Тут скончыла васьмігодку, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, працавала ў мясцовым калгасе спачатку касірам, пасля бухгалтарам. У 1991 годзе перайшла на пасаду начальніка паштовага аддзялення, дзе затрымалася яшчэ на два гады пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Тут знайшла сваю другую палавінку, разам выгадавалі дваіх дзяцей. Сын Андрэй і дачка Марына маюць свае сем’і і жывуць таксама ў Старыцы.
У лютым гэтага года дэпутаты Слабада-Кучынскага сельсавета аказалі Яўгенні Аляксандраўне давер, абраўшы яе старэйшынай прыгожага аграгарадка.
Пытаюся, ці даводзілася ўжо вырашаць якія-небудзь людскія праблемы. У адказ пачуў: “Бывае, з’яўляюцца пытанні з вулічным асвятленнем. Таму звяртаемся ў Слабада-Кучынскі сельвыканкам з просьбай дапамагчы іх вырашыць. А ўвогуле, людзі ў нас усе свядомыя, гаспадарлівыя, самастойныя. Няма ў нас і адзінокіх састарэлых, якія пакінуты на волю лёсу. Калі нават узнікалі б значныя праблемы, мяркую, вырашылі б на месцы».
Цяпер Яўгення Аляксандраўна працуе загадчыцай Старыцкага сельскага Дома культуры. Часта сустракаецца з людзьмі і ведае пра жыццё кожнага не па чутках. Нягледзячы на невялікі тэрмін на пасадзе старэйшыны, Яўгення Якубовіч разам з іншымі жыхарамі ўжо наводзіла парадак на вуліцах аграгарадка: фарбавалі калодзежы, прыбіралі смецце, высаджвалі кветкі. Заўсёды падтрымліваюцца ў належным стане і помнікі воінам Вялікай Айчыннай вайны.
У тым, што ў аграгарадку пераважнай большасцю людзі свядомыя, упэўніўся на свае вочы падчас аб’езду. Амаль на кожным падворку ля дома не клумбы, а цэлыя казачныя ці этна-графічныя кампазіцыі. Па ўсім было відаць, што душа радавалася ў Яўгенні Аляксандраўны, калі дэманстравала ўсю прыгажосць лепшых старыцкіх сядзіб. Як без душы ўвогуле можна працаваць?
Упэўнены, што з людзьмі, якія любяць свой край, і парадак на зямлі наводзіць – адно задавальненне.
Сяргей Лазоўскі
На здымку: старэйшына Яўгення Якубоўская (злева) і старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева.
Фота аўтара
Загадчыкі фельчарска-акушэрскіх пунктаў з той катэгорыі медработнікаў, якія заўсёды на перадавой, ад іх чакаюць хворыя вяскоўцы першай і кампетэнтнай дапамогі.
На Пацейкаўскім ФАПе дзесяць гадоў працуе выпускніца Магілёўскага медыцынскага вучылішча Людміла Андрэеўна Козел (на здымку). У зоне абслугоўвання медустановы — Траянава, Жавалкі, Кудзінавічы, Пацейкі, Какорычы, Якубавічы. У вёсках шмат састарэлых людзей, інвалідаў, ёсць і цяжарныя жанчыны. Усе яны патрабуюць асаблівай увагі. Людміле Андрэеўне часцей даводзіцца выязджаць па выкліках, чым працаваць на прыёме ў памяшканні ФАПа. Шмат кіламетраў накруціла яна на веласіпедзе, цяпер асвоіла скутар. Многія пацыенты завуць яе “хуткай дапамогай”, бо разлічваюць на яе ў любы час сутак. Лякарствы прынясе, укол паставіць і ціск памерае, а яшчэ з кожным пагаворыць, дапаможа вырашыць праблемы. 11 год запар Людмілу Андрэеўну вылучаюць дэпутатам сельскага Савета. Чалавека абыякавага і бяздушнага вылучаць не стануць, гэта даказана часам. Здзіўляюся толькі, калі ў яе на ўсё хапае часу. Дома вялікая гаспадарка – карова, свінні, куры, качкі, агарод. Гэта ўсё патрабуе немалой фізічнай сілы і часу. Ды ў сям’і Аляксандра і Людмілы Козелаў прывучаны да працы і адказнасці за яе. Дзеці з маленства дысцыплінаваныя, добра вучыліся ў школе, цяпер сталі студэнтамі: дачка Ірына вучыцца ва ўніверсітэце замежных моў, сын Вадзім – на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вялікую дапамогу аказвае Людміле матуля. Абедзве жанчыны кожную свабодную хвіліну аддаюць сваім захапленням – рукадзеллю і кветкам.
— Гэта мой нармальны рэжым жыцця, — тлумачыць Людміла. – Я вырасла ў шматдзетнай сям’і, гадавала нас пяцярых адна мама, таму мне знаёмы праблемы сельскіх жыхароў, я стараюся ім дапамагчы і па доўгу службы як медработнік, і як дэпутат, які, лічу, павінен быць сумленным, справядлівым і клапаціцца пра людзей.
На момант нашай гутаркі на ФАПе прысутнічалі пацыенты і вельмі добра адзываліся аб Людміле Андрэеўне, а гэта дарагога каштуе – людская ўдзячнасць і пашана.
Поспехаў Вам і, канечне, здароўя, Людміла Андрэеўна!
Любоў ПЯТРОВА
Фота аўтара
Сёння існуюць розныя формы работы з насельніцтвам, сярод якіх і правядзенне сходаў грамадзян па месцы пражывання. Звычайна ўдзел у іх бяруць дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, участковы інспектар міліцыі, кіраўнікі мясцовых гаспадарак, вяскоўцы. А гэта, як вядома, у асноўным пажылыя людзі, якія падчас такіх сустрэч маюць магчымасць выказаць сваю праблему, папрасіць дапамогі ў яе вырашэнні ці атрымаць адказы на пытанні, якія іх хвалююць.
Прадстаўнікі ўлады ў сваю чаргу даводзяць да ведама насельніцтва неабходную інфармацыю. Адным словам, сход грамадзян дае магчымасць цесных зносін мясцовай улады з насельніцтвам, вывучэння і аператыўнага рашэння ўзнікшых праблем і пытанняў.
У гэтым яшчэ раз пераканаліся 10 верасня падчас правядзення сходу ў Цімкавіцкім сельсавеце. У магазін вёскі Рачкевічы ў прызначаны час прыйшло ўсяго пяць чалавек. “Пара гарачая, — патлумачыў пажылы мужчына, — усе бульбу капаюць, прыйшлі тыя, хто ўжо ўправіўся”. Цікаўлюся, ці ёсць якія пытанні да мясцовай улады. У адказ пачула, што ў вёсцы 34 жылыя дамы, дзе пражываюць у асноўным пенсіянеры. А магазін працуе тры дні на тыдзень, завозіцца неабходны тавар. Па словах прадаўца Зоі Зяньковіч, тавараабарот у летнія месяцы складае 8-9 млн рублёў. Нараканняў на работу прадаўца ў вяскоўцаў няма. Іх хвалюе пытанне, ці застанецца магазін у Рачкевічах, бо прадавец збіраецца ісці на пенсію, а новага знайсці на зарплату ў 290 тысяч рублёў праблематычна. Ды і ўмовы для працы тут не назавеш камфортнымі: будынку больш за 60 гадоў, са сцен, абабітых дранкай, адвальваецца тынкоўка, у памяшканні сыра, а зімой грубка не ратуе ад холаду. Можа і сапраўды лепш было б зачыніць такі магазін, а для абслугоўвання насельніцтва пусціць аўталаўку.
Старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава ўзяла на заметку просьбу пажылой жанчыны дапамагчы здаць яблыкі. Назбірала 11 мяшкоў, а завезці няма на чым, паскардзілася жанчына. Аб тым, што Капыльскі каапнарыхтпрам выязджае па заяўках да вяскоўцаў і забірае садавіну, тут ніхто не чуў, не ведае аб гэтым і загадчыца магазіна, якая гэтыя заяўкі павінна прымаць ад насельніцтва і перадаваць нарыхтоўшчыкам. Больш ніякіх пытанняў не ўзнікла. Алена Мечыславаўна ў сваю чаргу патлумачыла парадак забеспячэння насельніцтва торфабрыкетам і дровамі, расказала аб крэдытах, што выдаюцца дзяржавай на развіццё падсобных гаспадарак, напомніла аб неабходнасці ўнесці па 10 тысяч рублёў з кожнага падворку на самаабкладанне, расказала, на што трацяцца гэтыя грошы. 2 чалавекі аддалі неабходную суму прама падчас сходу. Загадчыца Цімкавіцкага комплексна-прыёмнага пункта Наталля Татур пазнаёміла вяскоўцаў з распарадкам работы, пералікам аказваемых паслуг (такіх 14).
У вёсцы Варонаўшчына з 21 жыхара на сход прыйшлі 13. “Гэта наша старэйшына Ніна Сцяпанаўна Палонская пастаралася”, — заўважыла старшыня сельвыканкама. Парадавала, што на сустрэчу прыйшлі не толькі карэнныя жыхары, але і так званыя дачнікі. Размова атрымалася жывая, зацікаўленая. Пра сябе адзначыла, што Алена Острыкава добра ведае тутэйшых людзей, называючы кожнага імя і імя па бацьку.
Вяскоўцы папрасілі дапамогі ў старшыні сельвыканкама ў навядзенні парадку на пустуючых участках, а іх тут 15. Неабходна фундамент знесці, дрэвы спілаваць. Н. У. Макарчанка прапанавала свой хлеў разабраць, пакінуўшы ёй крыху дроў. Алена Мечыславаўна паабяцала вырашыць гэтыя праблемы. І тут прагучала пытанне пра вулічнае асвятленне, якое ў бліжэйшыя дні паабяцалі ўключыць. Жыхароў Варонаўшчыны таксама хвалюе лёс магазіна ў суседніх Рачкевічах. Сюды прыязджае аўталаўка. Аднак у людзей шмат нараканняў на якасць абслугоўвання: вагаў няма, каб узважыць тую ж каўбасу, былі выпадкі прывозу няякасных прадуктаў. Ды і асартымент хацелася б вяскоўцам бачыць больш шырокі. А яшчэ прагучала пажаданне, каб абслугоўваў вёску пастаянны прадавец, а не мяняўся кожны тыдзень.
Зацікавіла вяскоўцаў і інфармацыя пра бытавыя паслугі, што аказвае мясцовы комплексна-прыёмны пункт. Асабліва такая, як мыццё падушак. Алена Мечыславаўна напомніла пра неабходнасць аплаты падатку на зямлю і нерухомасць і хто вызвалены ад іх, расказала, што сёлета добраўпарадкуюцца могілкі ў Цімкавічах, на наступны год плануецца абгарадзіць могілкі ў в. Варонаўшчына. Людзі разумеюць, што ў бюджэце няма сродкаў на такія патрэбы, таму добраахвотна ўносяць неабходную суму.
Падчас сустрэчы адчувалася поўнае паразуменне паміж яе ўдзельнікамі. Няхай жа яно працягнецца і ў далейшых справах.
Таццяна РАІЦКАЯ