Яўгенню Якубовіч у Старыцы ведаюць добра. Тут скончыла васьмігодку, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, працавала ў мясцовым калгасе спачатку касірам, пасля бухгалтарам. У 1991 годзе перайшла на пасаду начальніка паштовага аддзялення, дзе затрымалася яшчэ на два гады пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Тут знайшла сваю другую палавінку, разам выгадавалі дваіх дзяцей. Сын Андрэй і дачка Марына маюць свае сем’і і жывуць таксама ў Старыцы.
У лютым гэтага года дэпутаты Слабада-Кучынскага сельсавета аказалі Яўгенні Аляксандраўне давер, абраўшы яе старэйшынай прыгожага аграгарадка.
Пытаюся, ці даводзілася ўжо вырашаць якія-небудзь людскія праблемы. У адказ пачуў: “Бывае, з’яўляюцца пытанні з вулічным асвятленнем. Таму звяртаемся ў Слабада-Кучынскі сельвыканкам з просьбай дапамагчы іх вырашыць. А ўвогуле, людзі ў нас усе свядомыя, гаспадарлівыя, самастойныя. Няма ў нас і адзінокіх састарэлых, якія пакінуты на волю лёсу. Калі нават узнікалі б значныя праблемы, мяркую, вырашылі б на месцы».
Цяпер Яўгення Аляксандраўна працуе загадчыцай Старыцкага сельскага Дома культуры. Часта сустракаецца з людзьмі і ведае пра жыццё кожнага не па чутках. Нягледзячы на невялікі тэрмін на пасадзе старэйшыны, Яўгення Якубовіч разам з іншымі жыхарамі ўжо наводзіла парадак на вуліцах аграгарадка: фарбавалі калодзежы, прыбіралі смецце, высаджвалі кветкі. Заўсёды падтрымліваюцца ў належным стане і помнікі воінам Вялікай Айчыннай вайны.
У тым, што ў аграгарадку пераважнай большасцю людзі свядомыя, упэўніўся на свае вочы падчас аб’езду. Амаль на кожным падворку ля дома не клумбы, а цэлыя казачныя ці этна-графічныя кампазіцыі. Па ўсім было відаць, што душа радавалася ў Яўгенні Аляксандраўны, калі дэманстравала ўсю прыгажосць лепшых старыцкіх сядзіб. Як без душы ўвогуле можна працаваць?
Упэўнены, што з людзьмі, якія любяць свой край, і парадак на зямлі наводзіць – адно задавальненне.
Сяргей Лазоўскі
На здымку: старэйшына Яўгення Якубоўская (злева) і старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева.
Фота аўтара
Комментарии