Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

И медик, и депутат

22.09.2010

Загадчыкі фельчарска-акушэрскіх пунктаў з той катэгорыі медработнікаў, якія заўсёды на перадавой, ад іх чакаюць хворыя вяскоўцы першай і кампетэнтнай дапамогі.

На Пацейкаўскім ФАПе дзесяць гадоў працуе выпускніца Магілёўскага медыцынскага вучылішча Людміла Андрэеўна Козел (на здымку). У зоне абслугоўвання медустановы — Траянава, Жавалкі, Кудзінавічы, Пацейкі, Какорычы, Якубавічы. У вёсках шмат састарэлых людзей, інвалідаў, ёсць і цяжарныя жанчыны. Усе яны патрабуюць асаблівай увагі. Людміле Андрэеўне часцей даводзіцца выязджаць па выкліках, чым працаваць на прыёме ў памяшканні ФАПа. Шмат кіламетраў накруціла яна на веласіпедзе, цяпер асвоіла скутар. Многія пацыенты завуць яе “хуткай дапамогай”, бо разлічваюць на яе ў любы час сутак. Лякарствы прынясе, укол паставіць і ціск памерае, а яшчэ з кожным пагаворыць, дапаможа вырашыць праблемы. 11 год запар Людмілу Андрэеўну вылучаюць дэпутатам сельскага Савета. Чалавека абыякавага і бяздушнага вылучаць не стануць, гэта даказана часам. Здзіўляюся толькі, калі ў яе на ўсё хапае часу. Дома вялікая гаспадарка – карова, свінні, куры, качкі, агарод. Гэта ўсё патрабуе немалой фізічнай сілы і часу. Ды ў сям’і Аляксандра і Людмілы Козелаў прывучаны да працы і адказнасці за яе. Дзеці з маленства дысцыплінаваныя, добра вучыліся ў школе, цяпер сталі студэнтамі: дачка Ірына вучыцца ва ўніверсітэце замежных моў, сын Вадзім – на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вялікую дапамогу аказвае Людміле матуля. Абедзве жанчыны кожную свабодную хвіліну аддаюць сваім захапленням – рукадзеллю і кветкам.

— Гэта мой нармальны рэжым жыцця, — тлумачыць Людміла. – Я вырасла ў шматдзетнай сям’і, гадавала нас пяцярых адна мама, таму мне знаёмы праблемы сельскіх жыхароў, я стараюся ім дапамагчы і па доўгу службы як медработнік, і як дэпутат, які, лічу, павінен быць сумленным, справядлівым і клапаціцца пра людзей.

На момант нашай гутаркі на ФАПе прысутнічалі пацыенты і вельмі добра адзываліся аб Людміле Андрэеўне, а гэта дарагога каштуе – людская ўдзячнасць і пашана.

Поспехаў Вам і, канечне, здароўя, Людміла Андрэеўна!

Любоў ПЯТРОВА

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей