Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

Если есть понимание, дело пойдет на лад

22.09.2010

Сёння існуюць розныя формы работы з насельніцтвам, сярод якіх і правядзенне сходаў грамадзян па месцы пражывання. Звычайна ўдзел у іх бяруць дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, участковы інспектар міліцыі, кіраўнікі мясцовых гаспадарак, вяскоўцы. А гэта, як вядома, у асноўным пажылыя людзі, якія падчас такіх сустрэч маюць магчымасць выказаць сваю праблему, папрасіць дапамогі ў яе вырашэнні ці атрымаць адказы на пытанні, якія іх хвалююць.

Прадстаўнікі ўлады ў сваю чаргу даводзяць да ведама насельніцтва неабходную інфармацыю.  Адным словам, сход грамадзян дае магчымасць цесных зносін мясцовай улады з насельніцтвам, вывучэння і аператыўнага рашэння ўзнікшых праблем і пытанняў.

У гэтым яшчэ раз пераканаліся 10 верасня падчас правядзення сходу ў Цімкавіцкім сельсавеце. У магазін вёскі Рачкевічы ў прызначаны час прыйшло ўсяго пяць чалавек. “Пара гарачая, — патлумачыў пажылы мужчына, — усе бульбу капаюць, прыйшлі тыя, хто ўжо ўправіўся”. Цікаўлюся, ці ёсць якія пытанні да мясцовай улады. У адказ пачула, што ў вёсцы 34 жылыя дамы, дзе пражываюць у асноўным пенсіянеры. А магазін працуе тры дні на тыдзень, завозіцца неабходны тавар. Па словах прадаўца Зоі Зяньковіч, тавараабарот у летнія месяцы складае 8-9 млн рублёў. Нараканняў на работу прадаўца ў вяскоўцаў няма. Іх хвалюе пытанне, ці застанецца магазін у Рачкевічах, бо прадавец збіраецца ісці на пенсію, а новага знайсці на зарплату ў 290 тысяч рублёў праблематычна. Ды і ўмовы для працы тут не назавеш камфортнымі: будынку больш за 60 гадоў, са сцен, абабітых дранкай, адвальваецца тынкоўка, у памяшканні сыра, а зімой грубка не ратуе ад холаду. Можа і сапраўды лепш было б зачыніць такі магазін, а для абслугоўвання насельніцтва пусціць аўталаўку.

Старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава ўзяла на заметку просьбу пажылой жанчыны дапамагчы здаць яблыкі. Назбірала 11 мяшкоў, а завезці няма на чым, паскардзілася жанчына. Аб тым, што Капыльскі каапнарыхтпрам выязджае па заяўках да вяскоўцаў і забірае садавіну, тут ніхто не чуў, не ведае аб гэтым і загадчыца магазіна, якая гэтыя заяўкі павінна прымаць ад насельніцтва і перадаваць нарыхтоўшчыкам. Больш ніякіх пытанняў не ўзнікла. Алена Мечыславаўна ў сваю чаргу патлумачыла парадак забеспячэння насельніцтва торфабрыкетам і дровамі, расказала аб крэдытах, што выдаюцца дзяржавай на развіццё падсобных гаспадарак, напомніла аб неабходнасці ўнесці па 10 тысяч рублёў з кожнага падворку на самаабкладанне, расказала, на што трацяцца гэтыя грошы. 2 чалавекі аддалі неабходную суму прама падчас сходу. Загадчыца Цімкавіцкага комплексна-прыёмнага пункта Наталля Татур пазнаёміла вяскоўцаў з распарадкам работы, пералікам аказваемых паслуг (такіх 14).

У вёсцы Варонаўшчына з 21 жыхара на сход прыйшлі 13. “Гэта наша старэйшына Ніна Сцяпанаўна Палонская пастаралася”, — заўважыла старшыня сельвыканкама. Парадавала, што на сустрэчу прыйшлі не толькі карэнныя жыхары, але і так званыя дачнікі. Размова атрымалася жывая, зацікаўленая. Пра сябе адзначыла, што Алена Острыкава добра ведае  тутэйшых людзей, называючы кожнага імя і імя па бацьку.

Вяскоўцы папрасілі дапамогі ў старшыні сельвыканкама ў навядзенні парадку на пустуючых участках, а іх тут 15. Неабходна фундамент знесці, дрэвы спілаваць. Н. У. Макарчанка прапанавала свой хлеў разабраць, пакінуўшы ёй крыху дроў. Алена Мечыславаўна паабяцала вырашыць гэтыя праблемы. І тут прагучала пытанне пра вулічнае асвятленне, якое ў бліжэйшыя дні паабяцалі ўключыць. Жыхароў Варонаўшчыны таксама хвалюе лёс магазіна ў суседніх Рачкевічах. Сюды прыязджае аўталаўка. Аднак у людзей шмат нараканняў на якасць абслугоўвання: вагаў няма, каб узважыць тую ж каўбасу, былі выпадкі прывозу няякасных прадуктаў. Ды і асартымент хацелася б вяскоўцам бачыць больш шырокі. А яшчэ прагучала пажаданне, каб абслугоўваў вёску пастаянны прадавец, а не мяняўся кожны тыдзень.

Зацікавіла вяскоўцаў і інфармацыя пра бытавыя паслугі, што аказвае мясцовы комплексна-прыёмны пункт. Асабліва такая, як мыццё падушак. Алена Мечыславаўна напомніла пра неабходнасць аплаты падатку на зямлю і нерухомасць і хто вызвалены ад іх, расказала, што сёлета добраўпарадкуюцца могілкі ў Цімкавічах, на наступны год плануецца абгарадзіць могілкі ў в. Варонаўшчына. Людзі разумеюць, што ў бюджэце няма сродкаў на такія патрэбы, таму добраахвотна ўносяць неабходную суму.

Падчас сустрэчы адчувалася поўнае паразуменне паміж яе ўдзельнікамі. Няхай жа яно працягнецца і ў далейшых справах.

Таццяна РАІЦКАЯ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей